Бываліцы

Ці ж з прывітання цукерак наясіся?

У Алега бацькі — настаўнікі. Паехалі ў райцэнтр на жнівеньскую нараду. Сход зацягнуўся, у краму зайсці не паспелі. Вярнуліся дамоў з пустымі рукамі. Маці, каб неяк падлагодзіцца да сына, кажа:

— Алежка! Табе цётка Вольга прывітанне перадавала!

— А ці ж я з таго прывітання цукерак наемся? — усхліпнуў хлапчук.

«Які дурань табе грамату падпісаў?»

Загадчык сельскага клуба з Бялыніцкага раёна прыехаў у Магілёў скардзіцца, што яго з пасады звольнілі. Начальнік пагартаў працоўную кніжку, іншыя паперы і гаворыць:

— Правільна цябе звольнілі. Дрэнна працаваў.

А той не пагаджаецца:

— Ды не, добра працаваў! Мяне нават граматай узнагародзілі!

— Які дурань табе грамату падпісаў?

— Вы, Іван Васільевіч! Глядзіце, вось ён, ваш подпіс!..

Анекдот ад пацыента

Адзін хворы хадзіў, хадзіў да ўрачоў — аніякага толку. Дайшлі да яго чуткі, што ў суседняй Грузаўцы нехта лячыўся «жывой» і «мёртвай» вадой.

Прыйшоў ён у вёску. Зайшоў у першую хату і пытаецца:

— Гэта ў вашай вёсцы мужчына лячыўся «жывой» і «мёртвай» вадой?

— Ага, у нашай. Ды толькі ён памёр, пухам яму зямелька.

— А калі хворы пачаў піць тую ваду?

— Ды яшчэ калі быў зусім здаровы!..

Віктар АРЦЕМ’ЕЎ

г. Магілёў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter