Интервью с Олегом Володько

Быць заўсёды. Простым i самiм сабой

Лепш у вытворчасці нешта не дабраць, але паклапаціцца пра чалавека, лічыць Герой Сацыялістычнай Працы Алег Валадзько

Лепш у вытворчасці нешта не дабраць, але паклапаціцца пра чалавека, лічыць Герой Сацыялістычнай Працы Алег Валадзько


АД МЕХАНІЗАТАРА да старшыні вядомага не толькі ў Беларусі пастаўскага калгаса імя Суворава (цяпер СВК “Навасёлкі-Лучай”). Такі шлях прайшоў Герой Сацыялістычнай Працы, былы дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і СССР, кавалер двух ордэнаў Леніна, ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі і Дружбы народаў, шматлікіх медалёў і ганаровых грамат, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Алег Адольфавіч ВАЛАДЗЬКО. За аўтабіяграфічную кнігу “Сын зямлі і неба” ўганараваны віцебскай абласной літаратурнай прэміяй імя Петруся Броўкі. Паўвека Алег Адольфавіч крочыць па жыцці з жонкай Зояй Іосіфаўнай. Іх гасцінны вясковы дом не ведае замкоў.


МАЛАДЫ дубок каранаста распусціў галлё над студняй і пярэстым кветнікам на старанна дагледжаным падворку. У зеляніне дрэў патанаюць дыхтоўны мур і гаспадарчыя пабудовы. Вясковая сядзіба легендарнага хлебароба Алега Адольфавіча Валадзько нагадвае сапраўдны дэндрарый. Стройныя ёлкі і пышныя кусты махровага бэзу, вечназялёныя туі і духмяны язмін, садовыя дрэвы і шматлікія прадстаўнікі заморскай флоры зачароўваюць незвычайнай прыгажосцю. Колькі старання і клопату патрабуе адзін толькі догляд гэтага экзатычнага кутка! Менавіта таму гаспадар з такой жа апантанасцю аддаваў сябе калгаснаму старшынёўству і вывеў пастаўскую гаспадарку на ўсесаюзны п’едэстал гонару. 

Не гарэў, а палаў яркім жыццём Алег Адольфавіч. Першым вітаўся золкавымі ранкамі з даяркамі на жывёлагадоўчай ферме, сустракаў механізатараў на яшчэ роснай хлебнай ніве, з вечаровымі зорамі пакідаў свежаскошаны луг і спяшаўся дамоў, дзе чакалі жонка Зоя Іосіфаўна з дачушкамі Святланай і Эмай. Кожны нават самы нязначны поспех запальваў на новыя справы. Толькі пачыналі на беларускіх палях высяваць яшчэ зусім малавядомы рапс, а ў калгасе імя Суворава ўжо трактар рапсавым палівам запраўлялі. Па 30 цэнтнераў з гектара намалочвалі насення гэтай культуры, а ў лепшыя гады еўрапейскую ўраджайнасць атрымлівалі. Выгаду мелі двайную — рапсавае масла паспяхова прадавалі на замежным рынку і папаўнялі калгасную казну, а спажыўным шротам сытна кармілі жывёлу. 

Старшыня крок за крокам уздымаў гаспадарку да вяршыні славы. Марыў нават пакарыць паветраны акіян і стварыў калгасны аэраклуб, дзюжына выхаванцаў якога сваё жыццё звязала з небам.

Алег Адольфавіч з першых дзён старшынёўства рупіўся не толькі пра вытворчасць, але і пра сацыяльную сферу. Абнаўляліся жывёлагадоўчыя фермы, паўставалі новыя вытворчыя памяшканні, узводзіліся жылыя дамы для калгаснікаў. На цэнтральнай сядзібе, у вёсцы Навасёлкі, адкрыліся ўчастковая бальніца з сучасным медыцынскім абсталяваннем, дзіцячы садзік з плавальным басейнам, музычная школа, гасцініца. У суседняй вёсцы Лучай аднавілі касцёл. 

Летам высаджваўся ў Навасёлках будаўнічы дэсант Віцебскага дзяржаўнага медінстытута. Працы будучым медыкам хапала на калгасных будоўлях. Не толькі добра зараблялі студэнты ў гаспадарцы, але і багатыя ўрокі жыцця атрымлівалі ад строгага Алега Валадзько. 

— Моладзь ацаніла мой парадак, калі ім дакладна паступаў раствор і іншыя будматэрыялы, — узгадвае Алег Адольфавіч. — На заробкі студэнтам не сквапіліся. Многія з тых байцоў цяпер вядомыя ў краіне асобы. Не сорамна праз гады глядзець ім у вочы. Некалі дзядуля Іван вучыў мяне паважна адносіцца да людзей. Жыў ён у вялікай вёсцы Старчуны, займаўся сельскай гаспадаркай. Мой бацька прывёў у дзедаву хату маладую жонку. Тут прайшло маё дзяцінства. Часта з маці адведвалі яе сястру Антаніну ў суседняй літоўскай вёсцы. Цётка гаспадарыла амаль на гектары зямлі і большасць яе, як і іншыя літоўцы, засявала жытам, з якога пяклі хлеб і гналі самагонку. У пасляваенныя гады людзі адбудоўваліся і такой валютай разлічваліся за працу. 

Вучыўся ў невялікай пачатковай школцы, хадзіў і ў Гадуцішскую школу Швенчонскага раёна Літвы, а васьмігодку закончыў у Пастаўскай школе-інтэрнаце. Няпроста жылося. Бацька хварэў, у калгасе амаль нічога не плацілі. Атрымаў прафесію трактарыста-машыніста ў Пастаўскім прафтэхвучылішчы механізацыі.

— Чаму выбралі гэтую прафесію?

— Механізатарам добра плацілі. Уладкаваўся прычэпшчыкам у Лынтупскую МТС. Зарабіў за год 400 працадзён і за кожны атрымаў па 2 кілаграмы збожжа і па 7 рублёў. Бацькі абрадаваліся такому багатаму заробку. Пачалі забудоўвацца, бо хатка ўлазіла ў зямлю. Памянялі падрубу, хлеў новы паставілі. 

Завочна закончыў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі сельскай гаспадаркі, і мне прапанавалі пасаду механіка ў пастаўскім калгасе  “Запаветы Ільіча”. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 21 год узначаліў калгас імя Суворава, які амаль па ўсіх паказчыках замыкаў раённую зводку. На першым сходзе падзяліўся перспектывамі гаспадаркі. Калгаснікі шумелі, усхапіўся палявод Віцька Собаль і выкрыкнуў: маўляў, не разумею, пра што гаворка, лепей спачатку саломай кароў накормім, а потым пра перспектывы будзем думаць…

Зямлі ў калгасе было 928 гектараў, параскіданых лапікамі сярод хмызнякоў і нізін. За гады кіраўніцтва гаспадарка павялічылася па плошчы амаль у дзесяць разоў і аб’яднала 36 вёсак і вёсачак. Поспех прынёс нам славу. Урадавымі ўзнагародамі адзначаны працоўныя здабыткі многіх калгаснікаў.  

— А вы як кіраўнік перадавога калектыву ўганараваны вышэйшай дзяржаўнай узнагародай — Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы. Цяпер, калі вы на заслужаным адпачынку, пэўна, ёсць час паразважаць, ацаніць перажытае. Які год больш запомніўся на пасадзе кіраўніка?

— У першы год каровы ледзь перазімавалі. Вясною кармілі жывёлу зляжалай саломай, якую зрывалі з даху павеці і прапускалі праз сячкарню, змешвалі з перамолатымі галінкамі дрэў. Калі выганялі статак на пашу, каровы падалі ад знямогласці.

Даждлівым выдаўся 1978 год. Збажына цудоўная вырасла, а сабраць яе непагадзь не давала. Быццам неба прарвала. На поле не ўлезці. Толькі 31 снежня па снезе закончылі жніво. Палова ячменнага зерня асыпалася. Усім калгасам хадзілі па полі і на мешкавіну зрывалі каласы. 

На Пастаўшчыну часта завітваў Пётр Міронавіч Машэраў. І абавязкова наведваў наш калгас. Кожны раз цікавіўся не толькі вытворчымі справамі, а і што зроблена для людзей. Звычайна яго візіты супадалі са жнівом. Збажына ў нас тады ўжо сцяной стаяла. Каласы тугія, добра налітыя і выспелыя. Ад праходу камбайнаў крайнія каласы ападалі долу. Пільна сачылі, каб не дапусціць страт. Усё кіраўніцтва гаспадаркі працавала ў полі. З раёна паведамілі: чакаецца прыезд Машэрава! Пётр Міронавіч акінуў позіркам багатую хлебную ніву і спытаў, чаму марудныя тэмпы ўборкі. Запатрабаваў на поле перасоўную майстэрню. Паслалі ганца за тэхслужбай. Машэраў узяўся майстраваць прыстасаванне да матавіла, каб шырэй захоп  збажыны быў. Сам нешта заўзята кляпаў. Прымацавалі прыладу да камбайна механізатара Кундры. Камбайнер завёў рухавік і разам з Пятром Міронавічам павёў уборачны агрэгат з новым прыстасаваннем па збажыне. Праехалі паўсотні метраў, і ўся світа стала ўхваляць прыстасаванне. Машэраў павярнуўся да камбайнера і пацікавіўся яго думкай, і той выпаліў, што з гэтым прыстасаваннем калі не горш, то лепей не стала. Машэраў усміхнуўся, падзякаваў за шчырасць. Свіце стала няёмка...

— Наколькі мне вядома, вашу гаспадарку неаднаразова наведваў Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Якія ў вас уражанні ад гэтых сустрэч?

— Яны не толькі для нашай гаспадаркі сталі вызначальнымі. Мы закуплялі апошніх узораў імпартную тэхніку, якая даволі дорага каштавала, але прымяненне яе давала плён. У гэтым пераканаўся і Прэзідэнт пры наведванні гаспадаркі. Пасля прызямлення яго верталёта на калгасным аэрадроме Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка павітаўся з намі і стаў цікавіцца справамі гаспадаркі, жыццём вяскоўцаў. Размова была шчырая і цёплая. За цэнтральнай сядзібай на прасторным полі магутныя заходнееўрапейскія камбайны ўбіралі збажыну. На суседнім — корманарыхтоўчыя агрэгаты касілі зялёную масу кукурузы на сілас. Энерганасычаная тэхніка працавала рытмічна. Грузавікі ледзь паспявалі адвозіць ад камбайнаў поўныя кузавы зерня. Патокам ішлі ў напрамку жывёлагадоўчага комплексу трактары і аўтамашыны з кукурузнай масай для сянажных траншэй. Услед за уборачнай тэхнікай на полі працавалі глебаапрацоўчыя агрэгаты. Тэмпы і якасць палявых работ радавалі. Аляксандр Рыгоравіч пагутарыў з механізатарамі, спецыялістамі. Пачуў іх думкі пра новыя машыны і агрэгаты, работа якіх на полі яго вельмі ўразіла, і адобрыў нашы дзеянні. Вопыт прымянення сучаснай высокаэфектыўнай тэхнікі неўзабаве перанялі гаспадаркі Гродзенскай і Мінскай абласцей, а потым і іншых рэгіёнаў Беларусі...

— На базе вашай гаспадаркі праводзіліся практычныя заняткі не толькі для кіраўнікоў і аграрных спецыялістаў былога Саюза, але і для прадстаўнікоў вышэйшага эшалона ўлады. Было чаму іх навучыць?

— За многія гады кіравання калгасам удалося так адрэгуляваць механізм арганізацыі вытворчага працэсу, што я мог спакойна на нейкі час пакідаць гаспадарку, а справы ішлі цудоўна. Аб’ездзіў Амерыку, Японію, краіны Еўропы, Ізраіль і іншыя дзяржавы. Пераймаў усё найбольш прымальнае і ўкараняў у сябе. Навінкамі дзяліўся з калегамі. Стажыраваліся ў нас спецыялісты і кіраўнікі самага высокага ўзроўню. Падымаліся на золку разам са мной і пілі гарбату ў калгаснай гасцініцы. Пачыналі працоўны дзень з аб’езду вытворчых участкаў. Хтосьці так рана і не ўставаў, але кожны з іх ведаў, што ў канцы стажыроўкі мне даручана ацаніць прафесійныя здольнасці.

— Можа варта аднавіць такія стажыроўкі ў Беларусі, каб аграрыі практычна пераймалі вопыт кіравання на вёсцы?

— Гэта калі ёсць што пераймаць. Мае былыя практыканты паспяхова працавалі на кіруючых пасадах. Адзін з іх — Іосіф Мікалаевіч Палачанін — і сёння ўзначальвае агракамбінат “Дзяржынскі” Дзяржынскага раёна.

Стажоры бачылі мае адносіны да падначаленых, асвойвалі мой рэжым працы. Раніцай заязджалі на ферму, аглядалі жывёлу, ці сытна накормлена і напоена. Цікавіліся, што хвалюе жывёлаводаў, механізатараў. Разам праводзілі вытворчыя нарады з галоўнымі спецыялістамі  і кіраўнікамі структурных падраздзяленняў.

Калгаснікі даверліва распавядалі нам пра свае праблемы. Пачуў ад даяркі, што муж яе аблёг і трэба везці за 60 кіламетраў у Лынтупскую бальніцу. Гэта  падштурхнула будаваць сваю ўчастковую бальніцу, каб людзі не гублялі часу на пераезды.

У кожнага чалавека хапае праблем, як і гаспадарчых, якія вывучалі і паступова вырашалі. Імкнуліся прымяняць самыя сучасныя сусветныя тэхналогіі і ў раслінаводстве, і ў жывёлагадоўлі. 

Што б мы са спецыялістамі ні абмяркоўвалі, але пакуль сам не авалодваў пытаннем, не дазваляў сабе размовы з імі на гэту тэму. Імкнуўся ведаць усё, што датычылася сельскай гаспадаркі. Так настройваў і стажораў. Сучасны кіраўнік павінен ведаць усе тонкасці сельгасвытворчасці. 

Больш патрабавальна варта ставіцца да будучых спецыялістаў у вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, бо выпускнікі не гатовы да самастойнай працы ў ролі галоўных спецыялістаў. Студэнты павінны сваімі рукамі ўсё перамацаць. Толькі тады змогуць эфектыўна працаваць. Без практыкі няма падставы давяраць ім важную справу.

Хто ў нашай рэспубліцы дадумаўся закрыць племстанцыі? Як вынік — павелічэнне ялавасці кароў. Адбыўся падрыў у жывёлагадоўлі. Даводзіцца ўхаластую кароўку год утрымліваць, і прыплоду няма. Як у такой сітуацыі выйсці на планаваны рост прадукцыйнасці жывёлы?

— Алег Адольфавіч, па адукацыі вы інжынер. Больш як сорак гадоў былі кіраўніком сельгасвытворчасці. Спасцігалі ўсе тонкасці гаспадарчай дзейнасці, можа, таму, што галоўным спецыялістам не давяралі?

— Давяраў, але пільна кантраляваў выкананне даручэнняў. Сам усяму вучыўся, каб атрымаць поўнае права на камандаванне. Калі не сяду пад кароўку і не пакажу як умею даіць, то які ж я старшыня калгаса! 

На заходнееўрапейскіх вялікіх і малых фермерскіх гаспадарках ніхто не трымае штат спецыялістаў. Па неабходнасці выклікаецца з фірмы патрэбны кансультант, і яго паслугі выходзяць значна танней, чым пастаянна трымаць на пасадзе спецыяліста.

— Пальцам ківаць — па-вашаму, не метад кіравання?

— Калі маеш модны крават, а вопыту мала — ты не кіраўнік. 

— Некалі дбайныя памешчыкі ўвосень аб’язджалі сваіх сялян і цікавіліся іх запасамі на зіму. Каму чаго не ставала, дапамагалі, і ад гэтага толькі выйгравалі. Людзі стараннем адплачвалі. Якім, на вашу думку, павінен быць сённяшні кіраўнік гаспадаркі?

— Клапатлівым. Заўсёды дбаць пра тых, за каго ў адказе. У нашай гаспадарцы дзіцячы садзік працаваў у дзве змены. Каб без напругі калгаснікі маглі распараджацца сваім часам. Дзейнічаў пральны камбінат.

Памятаю сваю першую паездку ў Германію. З акна вагона бачылі, як сялянкі з матыкамі ўвіхаліся на палях. Так вырошчвалі буракі і ў нашай гаспадарцы. А як толькі перасяклі нямецкую мяжу, нікога на цукровых плантацыях не заўважылі. Вярнуўся і школьнікам на апошнім званку сказаў: калі зоймеце першае месца на алімпіядзе, вы ніколі не будзеце пякчыся на сонцы з матыкай у руках. Усе 450 школьнікаў дружна рассмяяліся. Матулі іх сталі пытаць, чаму я так сказаў. Адказаў, што праўду яны пачулі. У тое ж лета запрасіў фермера з Германіі, які дапамог вырошчваць цукровыя буракі. Убіралі іх камбайнам, ніхто і пальчыкам не дакрануўся да 8000 тон караняплодаў. 

Вясковыя школьнікі чуюць, што Беларусь мае багаты патэнцыял навукі, а ўвосень яны з кошыкам крочаць збіраць бульбу. Так мы сельскай гаспадаркай іх не зацікавім, а, наадварот, напужаем ёю. Каб і мёдам намазалі поле ці ферму, яны не пойдуць сюды, таму што там яшчэ кошыкі. 

Пачынаючы з Міністэрства адукацыі варта дбаць, хто заўтра накорміць краіну. 

— А як жа моладзь замацаваць у вёсцы?

— У час кіраўніцтва гаспадаркай мы не ведалі, куды падзець лішніх людзей. З усяго Саюза прасіліся на працу.

— Таму што ўмовы спрыяльныя стваралі...

— Гэта ўсё нам далі нашы рукі, зямелька. Мне давялося праехаць увесь Ізраіль. Там што ні гаспадарка — надоі па 15 тысяч кілаграмаў малака. Без  сарамлівасці пытаўся, чаму ў СССР ні адзін яўрэй — кіраўнік гаспадаркі — не надаіў столькі малака ад каровы. Той жа Міхаіл Кац з Віцебскага раёна, Яўген Мірановіч з Любані. Чаму?

— І што вы пачулі ў адказ?

— Мне адказалі, што свабода дапамагае. Прыязджаем у кібуц. У прадзільным ці ткацкім цэхах, на вытворчасці па атрыманні ікры ўсё рытмічна працуе, прадукцыя ўмомант разыходзіцца і дае “свежыя” грошы. Вось там і працуе моладзь. У нашай гаспадарцы ў падсобных цэхах было занята ў лепшыя гады да паўтысячы чалавек. Выраблялі аўчыны, шылі дублёнкі, алюміній выплаўлялі ад маскоўскага завода “Авангард”. Выпускалі падсвечнікі і іншыя неабходныя бытавыя рэчы, якія карысталіся попытам на спажывецкім рынку. Нам пастаўлялі першасортны алюміній, і мы па чарцяжах вылівалі дэталі, імкнуліся ўсё акуратна выконваць, так што за нас масквічы трымаліся. Ім выгадна было, і наша моладзь мела пастаянны занятак і высокія заробкі. Агітаваць заставацца ў вёсцы не трэба было. 

— А на фермы, у механізацыю маладыя ішлі?

— Без праблем. І паказвалі ўзоры працы. І там добра зараблялі, атрымлівалі ўзнагароды, прэміі.

— А што сёння стрымлівае моладзь заставацца ў вёсцы?

— Не кожная гаспадарка мае спрыяльныя ўмовы працы. На выставе “Белагра-2015” дэманстраваліся сучасныя машыны, агрэгаты і іншае для сельскай гаспадаркі. Цэны на іх высокія, а сродкаў у гаспадарках не стае. І не толькі таму не надта карыстаецца попытам гэтая тэхніка. Яна не заўжды якасная. Здараюцца паломкі ў самыя адказныя моманты масавых кампаній, і пакуль прыедзе сэрвісная служба, губляецца дарагі час. Таму толькі заставалася глядзець на гэтыя машыны і агрэгаты, як на музейныя экспанаты. 

Кіраўнікі гаспадарак пастаянна шукаюць, што прадаць, каб разлічыцца па заробках. Прадаюць вытворчыя памяшканні. І працаўнікі разам з гэтымі памяшканнямі пераходзяць да новага гаспадара. І з чым застаецца такі кіраўнік? Ні з чым. 

Калі мяне выбралі старшынёю калгаса імя Суворава, галоўны бухгалтар Іван Іосіфавіч Кавальскі з чатырма класамі польскай школы прапанаваў, каб я з ім прыняў гаспадарку. Пайшлі на ферму. Там ён мне сказаў, што трэба памераць, колькі працягнута электрычнага дроту, пералічыць лямпачкі, крукі знутры і знадворку. Усё запісалі. Дагэтуль захоўваю той дакумент. Ён умеў лічыць і па-гаспадарску распараджацца маёмасцю. Рэўкамісія правярала, ці аброці ўсе. Тады па 40 коней трымалі ў гаспадарцы. Усё было пад кантролем. Як старшыня я адказваў за ўсё. Іван Іосіфавіч мне параіў паміж брыгадзірамі ўсё распісаць і каб кожны адказваў за маёмасць.

Сёння ў ААТ прызначаюць кіраўніка, і ніхто не лічыць, колькі кароў, маладняку, якая ялавасць. Бывае зараз і такое, што жывёла стаіць някормленая, таму што саляркі няма. Каб купіць яе, трэба карову зарэзаць і нарыхтоўшчыку прадаць, а за выручаныя грошы набыць паліва.

— Алег Адольфавіч, зараз у сельскай гаспадарцы паралельна дзейнічаюць розныя формы ўласнасці. Як вы да іх ставіцеся?

— У канцы васьмідзясятых гадоў задумалі мы стварыць акцыянернае таварыства. У архівах знайшлі акты перадачы матэрыяльных каштоўнасцей у час арганізацыі калгаса. Вывесілі спісы, і пайшла бойка сярод вяскоўцаў. Трэба было мірыць іх. Акцыянерамі сталі ўсе. За свае сродкі правялі меліярацыю. Па статуце членамі акцыянернага таварыства станавіліся тыя, хто адпрацаваў пяць гадоў. Выплацілі дывідэнды кожнаму. У людзей з’явілася небывалая зацікаўленасць у выніках працы.

— Які лёс вашага ААТ?

— Незайздросны. У мяне як у кіраўніка акцый апынулася болей, чым у іншых. Іх я перадаў на карысць Дунілавіцкага дома састарэлых Пастаўскага раёна. Прыехалі рэвізоры і правяралі нас шаснаццаць месяцаў. Нічога не знайшлі, а мне прапанавалі закончыць капіталізм і не бударажыць людзей. Гэта быў 1988 год. Стаяла чарга жадаючых працаваць у гаспадарцы, але вымушаны быў сабраць калектыў і заявіць, што акцыяніраванне адмяняем. 

— Ваша парада сённяшнім кіраўнікам гаспадарак?

— А парада такая: шосты год ужо адпачываю, але па-ранейшаму цікаўлюся справамі гаспадаркі. Калі звяртаюцца за парадай, выказваю сваё меркаванне. Заставацца людзьмі ў любой сітуацыі. Не адгароджвацца высокім плотам ад людзей. Кожны чалавек — асоба. 

Узгадваючы мінулыя часы, рады, што сумеў дапамагчы многім хворым землякам, якія мелі вострую патрэбу. Дзякуй Богу, што гэтыя людзі і цяпер жывуць. Ніколі не шкадаваў, што дзеля здароўя вяскоўцаў траціліся калгасныя сродкі. Мы іх ні ў кога не прасілі, а самі зараблялі. Заўжды наказваў маладым кіраўнікам гаспадарак і зараз падкрэсліваю: калі ты гаспадар, то павінен бачыць усё навокал, нават падмёткі падначаленага. Лепш у вытворчай сферы нешта недабраць, але паклапаціцца пра чалавека. Так я імкнуўся рабіць усе сорак тры гады працы ў сельскай гаспадарцы.

— Вы шчаслівы чалавек?

— Шчаслівы ад таго, што давялося шмат чаго за свой век зрабіць. Свае думкі і меркаванні выказваю ў кнігах. Ужо дзве ўбачылі свет. А колькі яшчэ нявыказанага, так што спяшаюся пакінуць нашчадкам, як і тром унукам, запавет. Яго некалі пачуў ад дзеда Івана — быць простым! 


У ЧАС нашай размовы завітаў старшыня Пастаўскага райвыканкама Віктар Сяргеевіч Гутараў, каб параіцца з Алегам Адольфавічам.

— Як для верніка абраз, так для мяне Валадзько, — пачуў я ад Віктара Сяргеевіча, які дадаў, што рыхтуюцца дакументы аб наданні Герою Сацыялістычнай Працы былому кіраўніку перадавой гаспадаркі Алегу Адольфавічу Валадзько звання «Ганаровы грамадзянін Пастаўскага раёна». Так што будзе нагода яшчэ завітаць да руплівага хлебароба, цікавага суразмоўцы, абаяльнага мужа, бацькі і дзядулі Алега Адольфавіча Валадзько, якім па праву ганарыцца не толькі Віцебшчына, але і ўся Беларусь.

Уладзiмiр СУБАТ

Пастаўскі раён
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter