Адметную выставу да 100-х угодкаў з часу вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч наладзілі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы

Быць разам у смутку і ў радасці

Адметную выставу да 100-х угодкаў з часу вянчання Янкі Купалы і Уладзіславы Станкевіч наладзілі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы


Карціна А. Аракчэевай

Далёка не заўсёды, кажучы вобразна, за яркімі сонцамі вядомых майстроў слова можна разгледзець іх менш вядомых спадарожнікаў жыцця. І калі гаворым пра мужчын, то жонкі іх былі звычайна ў цяні творцаў, але ж падтрымлівалі, натхнялі іх на вартыя шырокай увагі творы. Яны, як правіла, гадавалі разам дзяцей і бавіліся з унукамі, прымалі гасцей, вялі гаспадарку... Пра тое нельга не разважаць, наведаўшы выставу “Ісці супольна праз усё жыццё” — пра вядомых пісьменнікаў ды іх музы — у Купалаўскім музеі. Там пад новым ракурсам бачыш як народнага Песняра, так і некаторых іншых беларускіх творцаў. Дарэчы, у праекце ўдзельнічаюць яшчэ Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа, Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, а таксама нашчадкі творцаў.

Цікава разглядваць рарытэтныя дакументы, фотаздымкі, у тым ліку з сямейных альбомаў. Чытаць вершы-прысвячэнні, пісьмы, якія сведчаць  пра гісторыі кахання і стварэння “пісьменніцкіх сем’яў”. Можна адгарнуць цікавыя старонкі з жыцця не толькі Янкі Купалы, але і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Уладзіміра Дубоўкі, Петруся Броўкі, Максіма Лужаніна, Кандрата Крапівы, Пятра Глебкі, Максіма Танка, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Васіля Быкава, Уладзіміра Скарынкіна. Многія дакументы — ёсць і пашпарты Луцэвічаў з адзнакай даты шлюбу стагадовай даўнасці — у якасці экспанатаў прадстаўлены ўпершыню. Пачэснае месца ў зале заняла падараная музею карціна беларускай мастачкі  Аксаны Аракчэевай “Янка Купала і Уладзіслава Станкевіч”.


Увага — да экспанатаў выставы. Фота: Людміла Малей

Што вядома ў гісторыі пра той дзень: 23 студзеня 1916 года? Магчыма, самая адметная з падзей — што менавіта тады ў Маскве, у касцёле святых Пятра і Паўла абвянчаліся паэт Іван Луцэвіч і маладая настаўніца, па маці францужанка Уладзіслава Станкевіч. Сваёй музе Янка Купала прысвяціў толькі тры вершы: “Успомні”, “Мусіць трэба было”, “Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея...” А прысутнасць каханай адчуваецца і ў іншых яго творах. Скажам, у вершы “Мая жонка” паэт піша: “...Я вазьму такую, к якой любасць чую,/ што мяне палюбіць, як сябе самую./ Будзем з ёю жыці і долю хваліці,/ весці лад у хаце,/ дзетак гадаваці”. Цудоўныя прысвячэнні сваім музам пісалі розныя літаратары. Да зборніка вершаў “Мужнасць” Пятро Глебка напісаў: “Каб да мэты ішла мужна, каб са мною жыла дружна, каб заўсёды ўспамінала, шанавала і ласкала. А каб гэта было крэпка, падпісаўся — Пятро Глебка”.

Лёсы творцаў ды іх жонак, вядома ж, не заўсёды былі такімі, як марылася. Вось і на адкрыцці выставы розныя выступоўцы казалі, што ісці супольна праз усё жыццё — гэта і абяцанне адно аднаму быць разам не толькі ў шчаслівыя хвіліны, але і ў час жорсткіх выпрабаванняў. Напрыклад, Марыя Кляўс добраахвотна пайшла “па этапах” за Уладзімірам Дубоўкам. А Леаніла Чарняўская адпраўляла пасылкі ў турму нават тады, калі мужа ўжо не было ў жывых: Максіма Гарэцкага расстралялі паводле рашэння “тройкі”, без суда і следства. Сярод экспанатаў ёсць яго лісты да жонкі ў час знаходжання ў Кіраўскім следчым аддзяленні НКУС СССР і Вяземскай турме. І тыя лісты прасякнуты каханнем і клопатам пра родных яго сэрцу людзей.

Захоўвалі, як маглі, сямейны ачаг Любоў Асаевіч, Алена Махнач, Марыя Каменская, Ірына Суворава, Валянціна Вайковіч, Яўгенія Пфляўмбаўм ды іншыя “палавінкі” вядомых мужоў. Запрошаны на імпрэзу Яфім Самуйлавіч Плаўнік, сын Змітрака Бядулі ды Марыі Шыркес, падзяліўся ўспамінамі пра сваіх бацькоў. Прыйшлі Валянціна і Уладзімір Скарынкіны, якія разам больш за 50 гадоў. Лаўрэат прэміі Янкі Купалы Уладзімір Скарынкін яшчэ раз прызнаўся жонцы ў каханні, чытаў вершы, прысвечаныя ёй, дзякаваў лёс за сустрэчу з любай. Дырэктар Музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч падзякавала нашчадкам за прадстаўленыя матэрыялы. Куратар выставы Галіна Варонава правяла экскурсію, больш падрабязна расказала пра экспанаты, а таксама фотавыставу Джона Кундстатэра “Каб аднойчы”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter