“Быць можа, я не скончу жыць...”

І сёння, калі прайшло 90 гадоў з дня смерці класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, узнікае яшчэ большая ўпэўненасць у тым, што радкі з верша паэта, вынесеныя ў загаловак, былі прарочымі. Максім Багдановіч працягвае жыць у сваіх творах. І нельга сказаць, што ён адзінокі, як у той чорны дзень “у краіне светлай у белым доме ля сіняй бухты”. Чытаюць і перачытваюць яго вершы, па-новаму адкрываючы для сябе свет, апавяданні, прытчы, эцюды, кожным разам спасцігаючы ісціны чалавечага існавання на Зямлі.

Кажуць, што адзін з галоўных сэнсаў жыцця — атрымаць свой працяг у дзецях. На жаль, Максіму Адамавічу не давялося спазнаць гэта шчасце. Ведаў бы сёння паэт, што яго выпеставаныя быццам дзеткі творы “народзяць” потым “унукаў” і “праўнукаў” — цудоўныя вершы, што прысвячае любімаму паэту сённяшняе маладое пакаленне. На конкурс, які не так даўно завяршыўся ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, ад школьнікаў з усёй Беларусі было даслана больш за двесце трыялетаў, тэрцынаў, санетаў. Не адчуць у сваім сэрцы водгуку ад творчасці вялікага паэта немагчыма.

Тры дачушкі Максіма Багдановіча, або Аб чым маўчыць мядзведзік Васенька? Наташа

Як сведка невымернай шчырасці, дабрыні, цеплыні паэта жыве сёння ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча лялечны мішка Васенька. Менавіта так называла гэтую мяккую цацку пляменніца паэта Наталля Кунцэвіч, якая атрымала яе ў падарунак ад Максіма. З Васенькам прайшло дзяцінства не толькі Наталлі Глебаўны, але і яе сясцёр, іх дзяцей, унукаў. Калі ўлічыць тое, што першыя плюшавыя мішкі пачалі з’яўляцца ў Еўропе ў пачатку ХХ стагоддзя (паводле публікацыі часопіса “Kobeta i zicie”, 1986), і тое, што падараваў мішку Максім Багдановіч у 1914 годзе (маленькай Наташы было тады два гады), то можна меркаваць, што Васеньку зараз недзе пад дзевяноста.
Наталля Глебаўна ўспамінала, што на мядзведзіку спачатку былі малінавыя запарожскія шаравары і касаваротка. Потым яму пашылі фланельныя штаны. А калі пайшла размова аб тым, што Васенька на самай справе можа стаць каштоўным экспанатам для музея, яму пашылі новы касцюм з ільну з беларускім арнаментам, упрыгожылі гальштукам  з атласнай стужкі.

ЯнІна

Пасябраваў Максім і з роднай пляменніцай братоў Луцкевічаў Янінай. У 1911 годзе, калі ён скончыў гімназію, Луцкевічы запрасілі яго адпачыць на лецішчы іх дзядзькі Вацлава Лычкоўскага ў вёсцы Ракуцёўшчына, што ля Маладзечна. У той жа час туды прыехала родная сястра Луцкевічаў Эмілія Шабуня з двухгадовай дачушкай.
Лёс Яніны склаўся так, што яна большую частку жыцця пражыла ў ЗША. З Нью-Йорка ў Мінск у студзені 1990 года яна даслала ліст, у якім расказала аб успамінах сваёй маці. Як у Максіма закахалася сястра гаспадара лецішча Ядвіся. “Яна зайздросціла маёй маме, казала: “Калі я яму прапаную шклянку гарбаты, ён не п’е, а калі ты — ніколі не адмаўляецца”, — пісала Яніна Каханоўская. — Ваколіцы Ракуцёўшчыны былі вельмі маляўнічыя. ...Багдановіч браў мяне на рукі і баяў казкі, якія я, на жаль, не памятаю... За стол сядалі ўсе разам і пільна сачылі, на каго больш паглядаў Максім і да каго больш усміхаўся. Усе жанчыны заўважалі, што Максім меў вельмі прыгожыя рукі... У тыя часы моладзь вельмі захаплялася расійскім паэтам Надсанам, мая маці яго таксама любіла. Але Максім моцна яго крытыкаваў, казаў, што вершы яго надта эратычныя”.
Яніна Каханоўская, нягледзячы на тое, што жыла далёка ад сваёй радзімы, не забывала беларускую мову, культуру. На ўездзе на яе лецішча, што на паўвостраве Манхэтэн, і сёння захоўваецца таблічка са словамі “Родны кут”. У Яніны вырас унук Багдан Андрусішын, якога мы ведаем як Данчыка, які нарадзіўся ў Амерыцы, вырас там, але любіць Беларусь і цудоўна спявае.

Веранiка

Гэта прыгажуня з бялюткім бантам Вераніка Залатарова, пляменніца сябра Максіма — Дзеадора Дзябольскага, таксама выклікала замілаванне ў душы паэта. Упершыню Максім убачыў яе, калі прыйшоў у госці да Дзеадора. Выхоўвала Вераніку бабуля, бо бацькі былі студэнтамі. Яна аднойчы паскардзілася Максіму на тое, што маленькая гарэза з вечара не хоча класціся спаць, а з ранку ўскоквае ні свет, ні зара. Максім пасля гэтага напісаў цудоўны верш, у якім, канешне, няма нічога агульнага з высокай літаратурай, але каштоўнасць яго перш за ўсё ў тым, што ён характарызуе паэта як чалавека:
Слушай, Рона, эту сказочку
про “гагу”:
Мама просит, чтоб в кровать
она легла;
“Гага” маме говорит:
“Не лягу”, —
Мама “гагу” “амке” отдала.
Если, Роночка, ты встанешь
спозаранку
Или если спать не будешь
по ночам, —
Позову я к нам большую
“амку”,
Этой “амке” Роночку отдам”.

Ёсць яшчэ згадкі пра тое, што Максім Багдановіч напісаў для Веранікі верш у стылі галантнага кавалера XVII стагоддзя. Яе дзядзька Дзеадор Дзябольскі расказваў пра гэта, але, на жаль, верш не захаваўся.
Цікава і тое, што ўсім дзяўчынкам, якім пасвячаў свае вершы і казкі, дарыў цацкі Максім, было па два гады. А яму самому на той час — каля дваццаці. Лічбу “2” хтосьці лічыць чароўнай у лёсе Максіма Багдановіча.

“Аня, Анечка, мая елачка зялёная!”

Максім вельмі хацеў мець сваіх дзяцей. Многім вядомы яго верш:
Больш за ўсё на свеце жадаю я,
Каб у мяне быў свой дзіцёнак —
Маленькая
дачушка-немаўляшка,
Аня Максімаўна,
Такая прыгожанькая,
Цёпленькая, мокранькая,
З чорнымі валосікамі
і броўкамі,
З цёмна-карымі вочкамі,
А ручкі,як перацягнутыя
ніткамі.
Зусім такая, як Вы,
Калі Вы былі маленькай
дзяўчынкай.
Сёння дакладна вядома, што гэтыя радкі былі “спісаны” з партрэта Ганны Какуевай у дзяцінстве. І калі ўважліва паглядзець на фотаздымак, то можна заўважыць складачкі на ручках дзяўчынкі, быццам іх нехта сапраўды павязаў ніткамі. Ганна была для Максіма ідэалам высокай красы, жаноцкасці. Гэта ёй, як умоўна лічыцца, паэт прысвяціў раманс “Зорка Венера”, які потым стаў сапраўдным шэдэўрам інтымнай лірыкі.
Даведацца пра ўсё гэта карэспандэнту “НГ” дапамагла вучоны сакратар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына МЫШКАВЕЦ, за што ёй вялікі дзякуй.
*****
Сёння ля помніка Максіму Багдановічу на плошчы Парыжскай Камуны ў Мінску агнямі памяці гараць кветкі. І ўспамінаюцца радкі:
Быць можа, я не скончу жыць,
Бо ў ім няма канцоў.
Зноў шлях знаёмы пабяжыць,
І ўсё, што змог, здалеў забыць,
Перажыву я зноў.

Літаратурны музей запрашае ўсіх захопленых творчасцю паэта прыйсці сёння а 16-й гадзіне на прэзентацыю мастацкай выставы “Але ўспомніць яшчэ зорку свет, бо ў сэрцах гарыць яе след...” і літаратурна-музычную імпрэзу “Застаўся ты ў нашых сэрцах...” з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў і народнага тэатра “Жывое слова”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter