Было i застаецца

У карэспандэнцкi пункт «Р» у Бабруйску звяртаюцца гараджане...

У карэспандэнцкi пункт “Р” у Бабруйску звяртаюцца гараджане, жыхары суседнiх раёнаў не толькi з просьбамi дапамагчы ў вырашэннi таго цi iншага пытання, але i выказаць падзяку калектыву, канкрэтнай асобе. Заўжды з ахвотай адгукаешся на такiя звароты.

-----------------------------

А на сайце — прозвiшча дзядулi!

У карпункт зайшла загадчыца бiблiятэкi № 4 Святлана Калюта: “Хачу, каб вы праз газету выказалi ўдзячнасць Камiтэту дзяржбяспекi нашай рэспублiкi. Нядаўна на яго сайце былi размешчаны спiсы ваеннапалонных, ураджэнцаў Беларусi. Я iх чытала з неаслабнай увагай. I раптам прозвiшча майго дзядулi — Сямёна Аляксеевiча Лакцюшына. Знайшла яго!”

Да гэтага Святлана Вiктараўна ведала, што дзядуля быў афiцэрам царскай армii, затым служыў у працоўнай калонii НКВД, працаваў у леспрамгасе, а ў самым пачатку вайны, ужо ў сталым узросце, пайшоў на фронт. Пад Кiевам трапiў у акружэнне – i сляды яго згубiлiся… А як хацелася родным даведацца, дзе пахаваны самы блiзкi чалавек. Пошукавай работай Калюта займалася ўсе апошнiя дзесяць гадоў. Куды толькi не звярталася. I вось такi нечаканы падарунак ёй i яе мацi, усiм родным Лакцюшына. Больш таго, з iнфармацыi, змешчанай на сайце, змагла даведацца пра дату смерцi дзядулi, месца, дзе ён правёў свае апошнiя днi, – гэта Уладзiмiр-Валынскi. Патэлефанавала ў цэнтральны архiў КДБ i папрасiла прадставiць копii архiўных дакументаў аб сваiм дзядулю, якiя захавалiся. Адтуль выслалi нямецкую ўлiковую картку ваеннапалоннага. З яе даведалася, што ён трапiў у палон у вераснi 1941 года ў в. Дзянiсаўка пад Кiевам. Быў паранены i знаходзiўся ў адным канцлагеры, а потым у другiм, ва Уладзiмiры-Валын­скiм. Памёр у пачатку 1942 года. З дакументаў даведалася i пра такiя падрабязнасцi, як яго рост, колер валос, вачэй… “Не апiсаць нашай радасцi, — казала, — мы з мамай ледзь не плакалi. Збiраемся ў блiжэйшы час наведаць Уладзiмiр-Валынскi, пакланiцца праху самага дарагога нам чалавека”.

А яшчэ Святлана Вiктараўна прасiла адгукнуцца ветэранаў вайны, усiх, хто ведае яе дзядулю, з кiм яго жыццёвы шлях якiмсьцi чынам перакрыжоўваўся.

-----------------------------

Проста Марыя

Жыхарка Глуска Анастасiя Жарнаклева, калi вярнулася дамоў з пакупкамi, не знайшла ў сумцы кашалька. Засмуцiлася, бо ў iм, апрача даволi значнай сумы грошай, былi дакументы, запiсная кнiжка…

Праз некаторы час заўважыла праз акно сярэднiх гадоў жанчыну, якая “паркавала” каля яе дома веласiпед. Выйшла насустрач, а тая ўжо працягвае згублены кашалёк. “Ваш?” – пытаецца. “Я нават яе проз­вiшча не ведаю. Толькi iмя – Марыя. Яна як нечакана з’явiлася, так i хутка ад’ехала, — расказала ў час тэлефоннай размовы Анастасiя Жарнаклева, — хацелася б, каб яна адгукнулася. Дарма мы кажам, што ад нас пайшлi лепшыя якасцi, – яны застаюцца. Былi i будуць!”

-----------------------------

Беларусь – «гут»

Нядаўна пазнаёмiўся яшчэ з адным цiкавым чалавекам — Густавам Кройдзерам. Ён цяпер жыве ў Германii, а раней быў савецкiм грама­дзянiнам. Справа ў тым, што мацi ў яго руская. Жылi ў казацкай станiцы Раманаўка, што на рацэ Мулiн. У школе вывучаў рускую мову, дарэчы, добра ёй валодаў, любiў рускую лiтаратуру, музыку – рускую душу, як кажа. У той жа час ад таты перадалася нямецкая пунктуальнасць, вернасць слову, адкрытасць. Калi пераехаў у Германiю, гэтыя якасцi Густаву вельмi спатрэ­бiлiся. Сёння ён iнжынер адной з фiрм, дзейнасць якой звязана з аўтамабiльнай, шыннай прамысловасцю. З 1985 года ягоны лёс звязаны з бабруйскай “Белшынай”. Часта сюды прыязджае ў каман­дзiроўкi.

“Яшчэ гадоў колькi таму, — расказвае, — па дарогах у вас ездзiлi адны “Лады” ды “Волгi”, а цяпер шмат iмпартных аўта­мабiляў, якасць дарог палепшылася, як i выгляд самога горада, якi непазнавальна змянiўся пасля “Дажынак-2007”.

Люблю прыязджаць у Бабруйск, мне падабаюцца беларусы, я знаходжу ў iх нешта сваё, роднае. Таму хачу праз газету перадаць гарачае прывiтанне бабруйчанам, усiм беларусам: “Вы – гут, у вас усё атрымаецца!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter