Былi ладныя блiны калядныя. Карэспандэнты “Рэспублікі” адчулі ў Лепелі унікальны водар народнага свята

Да горада было яшчэ кіламетраў пятнаццаць, калі мы заўважылі, што ў небе адбываецца нешта не тое. Згадзіцеся: калі ўсё яно спрэс зацягнута нізкімі чорнымі хмарамі, за якімі не толькі першай, але і ўсіх астатніх зорак не заўважыш, то адкуль тады ўзялося, з зайздроснай рэгулярнасцю ўспыхвае нешта падобнае на бліскавіцу? Зрэшты, доўга гадаць, што гэта такое – іншапланецяне ці проста чарговы капрыз прыроды, не давялося. Усё стала зразумела, калi апынулiся на цэнтральнай плошчы Лепеля: белыя, яркія промні выляталі з лазернай устаноўкі, якая размяшчалася на даху аднаго з дамоў, танцавалі i спляталіся ў адмысловых карунках . Сама ж плошча, зусім невялікая, але ад гэтага не менш утульная і прывабная, з магутнай прыгожай ёлкай у цэнтры, зіхацела і пералівалася рознакаляровымі электрычнымі агеньчыкамі. Адно дзіўна: ніводнага чалавека, хаця было яшчэ не зусім позна, мы тут не пабачылі. Адсюль і сумненне: а назаўтра, у дождж, які абяцалі сіноптыкі, ці захоча хто прыйсці на аб’яўленае каляднае свята? “Сам пабачыш”, – лаканічна адказаў калега.
Да горада было яшчэ кіламетраў пятнаццаць, калі мы заўважылі, што ў небе адбываецца нешта не тое. Згадзіцеся: калі ўсё яно спрэс зацягнута нізкімі чорнымі хмарамі, за якімі не толькі першай, але і ўсіх астатніх зорак не заўважыш, то адкуль тады ўзялося, з зайздроснай рэгулярнасцю ўспыхвае нешта падобнае на бліскавіцу? Зрэшты, доўга гадаць, што гэта такое – іншапланецяне ці проста чарговы капрыз прыроды, не давялося. Усё стала зразумела, калi апынулiся на цэнтральнай плошчы Лепеля: белыя, яркія промні выляталі з лазернай устаноўкі, якая размяшчалася на даху аднаго з дамоў, танцавалі i спляталіся ў адмысловых карунках . Сама ж плошча, зусім невялікая, але ад гэтага не менш утульная і прывабная, з магутнай прыгожай ёлкай у цэнтры, зіхацела і пералівалася рознакаляровымі электрычнымі агеньчыкамі. Адно дзіўна: ніводнага чалавека, хаця было яшчэ не зусім позна, мы тут не пабачылі. Адсюль і сумненне: а назаўтра, у дождж, які абяцалі сіноптыкі, ці захоча хто прыйсці на аб’яўленае каляднае свята? “Сам пабачыш”, – лаканічна адказаў калега. Пабачыць, шчыра кажучы, напачатку не надта і ўдавалася. Варта было зрабіць крок-другі па плошчы, на кожным квадратным метры якой было шмат не толькі людзей, але і коз рагатых, мядзведзяў, Дзядоў Марозаў і Снягурак, як нехта спрытны цопнуў мяне за рукаў — і ў наступны момант прама перад маім носам апынуўся паднос з адмысловымі прысмакамі і... “Не, на гэта я пайсці не магу! – чамусьці словамі героя з вядомага кінафільма залямантаваў я, калі пабачыў ладную чарку, што стаяла акурат у цэнтры ўсяго гэтага каляднага хараства. – Мне патрэбна пазваніць шэфу...” Разабраліся без званка, чарку замянілі на кружку з дабрэннай юшкай. А наконт прысмакаў... Калі я вам скажу, што пульхная аладка і кавалак «пальцам піханай» кілбасы, фаршыраваны шчупак і мала-дзенькае парася з хрэнам —гэта якраз тое, што доктар прапісаў, — хто са мной стане спрачацца? Галіна Ганчар і Дзмітрый Грыдасаў, гаспадыня і гаспадар каляднай хаткі Лепельскага прафліцэя, не хаваюць задавальнення: — Усё гэта варанае, паранае, печанае прыгатавана рукамі нашых навучэнцаў, у асноўным дзяўчат. Многія ж з іх атрымліваюць у нас спецыяльнасць гаспадыні сядзібы, вось і паказваюць, на што здатныя. Летась, дарэчы, менавіта наша хатка атрымала першае месца ў конкурсе. Не здаём пазіцый і зараз. Ад непазбежнага пераядання (хатак жа на плошчы, мо, з паўтузін атабарылася, і гаспадары кожнай ледзьве не сілком да сябе цягнулі) выратавала намеснік старшыні Лепельскага гарвыканкама Вера Закрэўская. Вера Іванаўна – ініцыятар, завадатар і ідэолаг гэтага вясёлага, шумнага, маляўнічага агульнагарадскога свята Калядкі, якое ладзіцца ў гонар Раства Хрыстова. Менавіта ў яе, тады яшчэ загадчыцы раённага аддзела культуры, семнаццаць гадоў таму ўзнікла ідэя ўспомніць, як, якімі словамі, песнямі, звычаямі, гульнямі славілі светлую падзею нашы продкі. Знайшліся аднадумцы, знайшлі знаўцы даўніны тэксты калядных песень і прыпевак, і сёння ўжо нельга ўявіць Лепель без гэтага светлага і добрага свята. Толькі калі я меў неасцярожнасць заўважыць, што, як ты ні круці, а сцэнарый яго амаль не змяняецца – агляд-конкурс калядных хатак, выступленні калядных гуртоў, конікі, што катаюць дзяцей і дарослых, — Вера Іванаўна ледзьве не пакрыўдзілася. — Надвор’е сёння падвяло – снегу няма, дождж, бачыце, церушыць. А вы б бачылі, што тут мінулым годам рабілася, якія ледзяныя фігуры былі выраблены, якія гарадкі снежныя былі ўзведзены – школьныя калектывы, якія гэтыя цуды стварылі, камп’ютэры ад выканкама атрымалі ў падарунак. Так што няма ў нас раз і назаўсёды выверанага і зацверджанага сцэнарыя. Захочам – будзем аладкі на вогнішчы пячы. Пажадаем – рыбацкі конкурс на самую вялікую і самую маленькую рыбку правядзём. Мала гэтага – Цярэшку жаніць будзем. Ідэй багата, і, дзякуй Богу, ёсць каму іх здзейсніць. Якраз у гэты момант спыняецца ля нас фурманка, і мая субяседніца абдымаецца і цалуецца з дзвюма бабулькамі, што сядзяць на вазку ў акружэнні дзятвы. — Вось, — кажа потым яна, — самыя галоўныя завадатары гэтага свята. Без Ганны Тарнаўскай, Еўфрасінні Дуброўскай і яе сястры Марыі Ламека, якая, на жаль, прыхварэла, нічога б не было. Яны – аўтэнтычны гурт з вуліцы Садовай, яны пра каляды ведаюць усё і ведамі гэтымі з намі дзеляцца. Веды ўпалі на шчодрую ніву, бо ў калядным рэпертуары многіх самадзейных калектываў, а гэта папулярныя ў горадзе “Кругаверць”, “Грымзолі” і іншыя, якраз тыя песні, якія захавала памяць бабулек з Садовай. Перапоўненая вясёлымі бадзёрымі людзьмі плошча не тое месца, дзе ўсур’ёз аб нечым можна пагаварыць. Хвіліны не праходзіць, каб нейкі куток яе не ўзарваўся смехам, і, вядома ж, трэба бегчы туды і ўбачыць усё на свае вочы. Ага, гэта сваволіць, паказвае свой нораў Каза. Там народ бярэцца за жываты ад трапнай каляднай прыпеўкі. Але чаго, скажыце, смяяцца каля звычайнай елкі? А дзе ж ты не засмяешся, калі навучэнцы агракаледжа ўпрыгожылі яе... шпаргалкамі. Свята славіла Хрыстова нараджэнне, віравала, гаманіла, спявала яшчэ доўга. Зверху, з высокага гранітнага падмурка, на ўсё гэта пазіраў Уладзімір Ільіч. Той, каторы Ленін. Таварыш, які ў дзяцінстве, мабыць, таксама Каляды святкаваў, а потым гэта і іншыя яму падобныя святы адчайна забараняў. А цяпер, відаць, нават ён пераканаўся, што любая спроба знішчыць тое святое, што жыве ў народзе, з пакалення ў пакаленне перадаецца і захоўваецца, – марны лёс.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter