Тлумачыцца гэта тым, што частка канструкцый галерэi знаходзiцца ў аварыйным стане i стварае небяспеку для рабочых. Зразумела, у пастанове савета прадугледжана аднаўленне галерэi з выкарыстаннем аўтэнтычных матэрыялаў, пры гэтым яе архiтэктурныя i стылiстычныя асаблiвасцi будуць захаваны.
У якiм занядбаным стане Нясвiжскi замак апынуўся напрыканцы мiнулага стагоддзя, ведаюць усе. Але ж як багата быў ён аздоблены ў часы, калi iм валодалi прадстаўнiкi славутага роду Радзiвiлаў. “Народная газета” мае магчымасць пазнаёмiць сваiх чытачоў з матэрыяламi з унiкальнага фотаархiва Радзiвiлаў мiнулага стагоддзя. Калекцыя фотаздымкаў з сямейнага фотаальбома магнацкага роду, а таксама фатаграфii, перазнятыя з калекцыi Эльжбэты Тамашэўскай, захоўваюцца ў Беларускiм дзяржаўным архiве кiнафотафонадакументаў. З дазволу дырэктара архiва Вiктара Васiльевiча Баландзiна пры дапамозе супрацоўнiкаў музея мы працягваем экскурсiю ў свет рэдкiх кадраў, якiя захоўваюць страчаную прыгажосць. Таксама мы шукалi цiкавыя звесткi пра рэчы магнатаў i ўнутранае аздабленне Нясвiжскага замка. Нездарма ж у народзе жывуць легенды пра незлiчонае багацце Радзiвiлаў... Праўда, неаднаразова яно было разрабавана заваёўнiкамi: шведамi ў 1706 годзе, рускiмi — у 1772, 1812 i iншых гадах, хцiвымi суседзямi, у часы грамадзянскай вайны, нямецка-фашысцкiмi захопнiкi... Што засталося апошнiм уладарам, фотаальбом якiх я трымаю ў руках?
Але лагiчней пачаць з пытання, якiм быў унутраны выгляд замка некалькi стагоддзяў назад. Дырэктар Нацыянальнага гiстарычнага архiва Беларусi Ала Галубовiч у публiкацыi “Архив Радзивиллов-Витгенштейнов в Бундесархиве, Германия” адзначае наступнае: “Замок в Несвиже поражал своим великолепием. Его интерьер украшали кафельные и фаянсовые печи, камины. Стены залов были оформлены дубовыми резными панелями, полотняными и кожаными шпалерами. Имелись оружейная, портретная, картинная, мраморная, золотая, гетманская, библиотечная галереи. Портретная и картинная галереи насчитывали более 1000 полотен, библиотека более 20 000 томов. В замке также хранились коллекции произведений декоративно-прикладного искусства, в том числе фарфор, стеклянная посуда, хрусталь, продукция Радзивилловских мануфактур — слуцкие, кореличские и несвижские шпалеры”. Даследчык Уладзiмiр Стальмашонак пiша, што, паводле iнвентару 1658 года, у замку было 12 залаў: залатая, мармуровая, гетманская, рыцарская, паляўнiчая i г. д., а таксама мноства iншых памяшканняў, багата ўпрыгожаных разьбой па дрэве, ляпнымi аздобамi, роспiсам, шыкоўнымi камiнамi (асобныя з iх захавалiся i зараз). Адзначым, што некаторыя залы ёсць на фотаздымках, зробленых у дваццатым стагоддзi: камiнная, зорная, зала з бiльярдным сталом, бальная...
Паляўнiчы рог
Ад мясцовых людзей часам можна пачуць цiкавыя гiсторыi пра былых паноў i ўладароў замка. Адну з легенд пра Радзiвiлаў расказаў мне дырэктар саўгаса “Слуцк” Слуцкага раёна Васiль Ачапоўскi.
— Калiсьцi навакольныя лясы былi найлюбiмейшымi паляўнiчымi ўгоддзямi князёў Радзiвiлаў. Старажылы прыгадваюць такi выпадак. Князь прыехаў на паляванне i завiтаў у леснiчоўку, дзе адзiн з егераў распальваў печ. Радзiвiл папрасiў агеньчыку — прыкурыць, а служка чыркнуў запалкай i працягнуў яе князю. Уладар выбiў запалку з рук егера, сам нагнуўся i запалiў цыгарку ад вуголля. Запалкi ў той час былi страшэнна дарагiя, а руплiвы гаспадар нiколi не выкiдвае грошы на вецер. У той жа дзень егер быў звольнены з пасады i прагнаны з угоддзяў.
Заўважу, што ў сямейным фотаальбоме Радзiвiлаў вельмi шмат фотаздымкаў, на якiх зафiксаваны паляўнiчыя трафеi сям’i беларускiх магнатаў, а таксама iх сяброў. На адным з iх — больш за сотню забiтых фазанаў, на iншым — адпачынак у паляўнiчым домiку, сярод стомленых паляўнiчых на сене — Марыя Бранiцкая i Леон Радзiвiл. Хлопчыкi са славутай сям’i, напэўна, пачыналi выязджаць на паляванне з малых гадоў. Вось на адной з фатаграфiй — Леон Радзiвiл з сынам Ежы побач з трафеямi княжацкага палявання на ваўкоў ва ўнутраным двары Нясвiжскага замка. На паляваннi выкарыстоўвалi дрэсiраваных птушак, i Ежы нават пазiраваў з адной для партрэта.
Панскiя забавы
На адным са здымкаў калекцыi Радзiвiлаў у БДАКФФД — унiкальны бiльярдны стол “Манарх”. Антонi Радзiвiл прыдбаў яго ў 1896 годзе ў берлiнскiм фiлiяле амерыканскай фiрмы Brunswick. “Камсамольская правда” в Беларуси” пiсала пра гэты стол як пра адзiн з найкаштоўнейшых бiльярдных сталоў, якiя наогул iснавалi ў Беларусi. Ён захаваўся да нашых дзён i быў рэстаўраваны. Цiкавая дэталь: кажуць, iншы вядомы Радзiвiл — Пане Каханку (Карл Станiслаў Радзiвiл) — хiтраваў, каб выйграваць на бiльярдзе. Ён загадаў пакласцi падлогу ў зале на гумовыя падушкi. Калi бiў Пане Каханку, падлога заставалася нерухомай, калi ж рабiў удар сапернiк, служкi пачыналi рухацца, падлога раскалыхвалася, i ўдар быў сапсаваны.
Вядома, мы не можам цалкам пералiчыць усе асаблiвасцi ўнутранай аздобы Нясвiжскага замка да 1939 года. Навуковы кiраўнiк рэстаўрацыi Нясвiжскага палацава-паркавага ансамбля Сяргей Друшчыц расказаў, што захавалася вельмi шмат дакументаў, па якiх вучоныя i архiтэктары маюць магчымасць дакладна да дробязей аднавiць iнтэр’еры замка. “Для нас важна ўсё — ад дзвярных ручак да планiроўкi будынкаў”. Нагадаю, што да 2010 года запланавана ўвесцi ў эксплуатацыю другi пускавы комплекс Нясвiжскага замка. Цi здолеем мы вярнуць помнiку архiтэктуры XVI—XVIII стагоддзяў, замкаваму комплексу “Нясвiж”, якi ўключаны ў Спiс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, былую прыгажосць i славу?