Была ў бацькi хата

Як узняць чалавечую мараль на ранейшы высокi ўзровень?

Як узняць чалавечую мараль на ранейшы высокi ўзровень?

Неяк у карпункт «Р» патэлефанаваў, а потым зайшоў мужчына гадоў сямiдзесяцi пяцi.

«Па якой патрэбе да нас?» — спытаў я.

«Тры гады таму, — адказаў ён, — я сваю хату перапiсаў на сына, а цяпер хачу вярнуць назад...»

Якая кошка прабегла памiж роднымi людзьмi? Аказалася, бацька не так даўно ажанiўся на маладой кабеце. Тая i давай навушкваць... Сын жа i рамонт у хаце зрабiў, i дарожкi заасфальтаваў, нiколi бацьку не пакiдаў. I суседзi, усе, з кiм даводзiлася размаўляць, на ягоным баку.

Дык чаму бацька хоча пакiнуць роднае дзiця без спадчыны, а цi не можа здарыцца так, што i сам ён застанецца нi з чым? Перш чым прыняць канчатковае рашэнне па гэтаму пытанню, ён павiнен моцна падумаць. Каб не iшло ўразрэз нi з яго ўласным сумленнем, нi з чалавечай мараллю. Мы яму так i сказалi.

Цi вось звярнулася Вiктарына Вiктараўна, педагог адной са школ Бабруйска. У яе праблема: пазычыла брату шэсць тысяч даляраў, якiя назапашвала на працягу значнага перыяду. Той абяцаў вярнуць праз месяц-два. А тут шэсць гадоў прайшло, як пазыка «завiсла», нi ўгаворы, нi просьбы не дапамаглi. I тады жанчына звярнулася ў суд — добра, што мелася распiска. Суд быў на яе баку, брата абавязалi выплацiць грошы. «Але калi тое, — гаворыць Вiктарына Вiктараўна, — будзе плацiць, як гаворыцца, па чайнай лыжцы ў дзень, бо заканадаўства тут не адпрацавана. Я ж адна гадую сына, грошы б вельмi спатрэбiлiся. Вось як за маю дабрыню адплацiў брат...»

А вось яшчэ выпадак. Жанчына з Малых Бортнiкаў Бабруйскага раёна займалася нарыхтоўкай садавiны, акультураных ягад. Ёй ад нарыхтоўчай канторы ў якасцi заахвочвання выдалi тэлевiзар, пральную машыну, iншыя дарагiя рэчы. Унук даведаўся пра гэта — за фурманку i разам з хаўруснiкам выграблi ўсё, што было, i адвезлi ў суседнюю вёску, дзе i збывалi... Калi даведалася бабуля, атрымала такi шок, ад якога доўга не магла адысцi: «Я ж столькi ў гэтага ўнука ўклала...»

Дык гэта яшчэ нiшто, бо згаданыя людзi хоць i атрымалi «прабоiны» ў нервовай сiстэме, усё ж засталiся жывымi i здаровымi. Меней пашанцавала гаспадару дома, што па бабруйскай вулiцы Лынькова, якога нядаўна падчас сумеснага распiцця спiртных напояў смяротна траўмiравала жонка... Сын — на мацi, брат — на сястру. Колькi такiх спраў даводзiцца разглядаць у судзе.

Вось тут у самы раз запытацца: што з намi адбываецца? «З’ехала» ўнiз мараль пасля 90-х гадоў мiнулага стагоддзя, матэрыяльнае ўзяло верх. Мы не сталi бачыць адзiн аднаго, родных, блiзкiх. Выйсце — вярнуцца да першапачатковага сэнсу жыцця. Праз узмацненне выхаваўчай работы ў сем’ях, школе, працоўных калектывах. Брацца за гэту справу трэба ўсiм i кожнаму. Здаровае грамадства не проста так даецца, гэта складаная што­дзённая праца.

Мараль, яна або ёсць, або яе няма. Тады гэта ўжо пустое месца, на якiм узрастаюць, бы тое пустазелле, заганныя чалавечыя якасцi. У аднаго, другога, групы людзей выцясняюць добрыя ўсходы душы. А ў вынiку — бясплоднае поле, якое, вобразна кажучы, не прыносiць таго ураджаю, якога хацелася б. Глухне голас душы i сэрца. Глухнем мы самi...

Хаця, з iншага боку, паглядзiце: бацька аддаў унутраны орган свайму дзiцяцi, каб тое жыло, дачка амаль дзясятак гадоў даглядала паралiзаваную мацi, цi вось колькi пiсьмаў падтрымкi (дасылалi рублi-чырвонцы) атрымала маладая дзяўчына, якую моцна пакусалi сабакi. Так што духоўны стрыжань у большасцi з нас усё ж захаваўся.

I гэта дае надзею, што мы можам сказаць: у нас цывiлiзаванае грамадства!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter