Кіраўнік платформы Talaka.by Яўген Клішэвіч гартае інтэрнэт-старонку свайго рэсурсу

Была б iдэя, а грошы знойдуцца

Адна галава – добра, а дзесяць – яшчэ лепш. На старонках платформы Talaka.by можна ўбачыць дзясяткі ўжо рэалізаваных супольна з дзяржавай, бізнесам і простымі людзьмі праектаў. Адзін з апошніх – рэстаўрацыя публічнай абсерваторыі ў мінскім парку Горкага. Апошні раз тут назіралі за небам ажно ў 1997-м. Але сёлета будынак вярнуўся да жыцця. Загадчык мінскага планетарыя Аляксандр Мікуліч адзначае: выратаваў абсерваторыю стары беларускі звычай — працаваць талакой там, дзе гэта будзе карысна кожнаму.

Кіраўнік платформы Talaka.by Яўген Клішэвіч гартае інтэрнэт-старонку свайго рэсурсу. Разам з ім лічу праекты, тут размешчаныя. Першы дзясятак, другі, трэці... Усяго налічваем 70 ініцыятыў. Праўда, большая частка яшчэ ў стадыі рэалізацыі. Але і завершаных праектаў нямала – ужо 19. Сярод іх сустракаем і «Рэстаўрацыю публічнай абсерваторыі ў Мінску». Гэтая ініцыятыва з’явілася на сайце крыху больш за год таму. Сёння абсерваторыя ўжо дзейнічае, але яе адкрыццю папярэднічала доўгая гісторыя.

Аляксандр Мікуліч узгадвае: за гады прастою абсерваторыя ў мінскім парку стала настолькі занядбанай, што гараджане пачалі пісаць і тэлефанаваць у планетарый з просьбамі яе аднавіць. На шчасце, тады знайшліся неабыякавыя людзі. Удалося адрэстаўрыраваць электрыку, гідраўлічныя механізмы. А напрыканцы 2009-га і тэлескоп фірмы Zeiss.

Але загадчык гаворыць, што ў планетарыі мелі на мэце не проста рэстаўрацыю абсерваторыі. Гаворка ішла менавіта пра доступ да яе ўсіх гараджан. Аднак для гэтага былі неабходныя абследаванне будынка і яго касметычны рамонт. Адпаведна, і фінансаванне. Якога ў гарадскім бюджэце тады, на жаль, не знайшлося. Таму тэлескоп разам з абсерваторыяй вымушаны былі чакаць лепшых часоў. А на дзвярах з’явіліся замок і шыльда: «Зачынена па тэхнічных прычынах». Аляксандр прызнаецца: калі б не звярнуліся да прынцыпу талакі, абсерваторыя магла i ўвогуле не адчыніцца. І так сталася, што Талака.by першай выйшла насустрач.

У 2013-м Аляксандр Мікуліч размясціў на сайце платформы падрабязны план з тлумачэннем, што трэба зрабіць для аднаўлення дзейнасці абсерваторыі. Гэтая старонка ў інтэрнэце зроблена так, што просьбы аб дапамозе на кожным этапе бачыць любы жадаючы. І калі ён здольны яе аказаць, дастаткова націснуць кнопку «Хачу дапамагчы» насупраць патрэбнага пункта і пакінуць свае кантакты.

Такім чынам, успамінае загадчык планетарыя, знайшліся валанцёры. Яны дапамаглі з рамонтам. Адгукнуліся спонсары і спецыялісты. Дзякуючы ім правялі абследаванне канструкцый і склалі каштарыс работ. Адшукалі нават тых, хто распрацаваў для планетарыя сайт, адрэстаўрыраваў тэлескоп і дапамог з уборкай.

Рамонтныя работы працягваліся больш за год. Але Аляксандр Мікуліч з задавальненнем адзначае: час патрацілі не дарма. У абсерваторыі ўжо адноўлены экскурсіі, гараджане зноў узіраюцца ў неба і аб’ядноўваюцца ў гурткі. Вядома, застаецца пэўны кавалак працы. Але гэта дробязі, падсумоўвае загадчык. Калі ўдалося зрабіць папярэдні велізарны аб’ём, то ўдасца закончыць і астатняе. У тым ліку – адкрыць пры планетарыі музей метэарытаў.

Што яго адкрыццё будзе гэткім жа хуткім, у Аляксандра Мікуліча сумненняў няма. Усё ж на заклік дапамагчы абсерваторыі як мага хутчэй адчыніць дзверы адгукнуўся амаль увесь Мінск. І буйныя кампаніі, і іншыя анлайн-праекты. А галоўнае, самі гараджане. Аляксандр Мікуліч раскрывае сакрэт: адзін з іх нават пералічыў на рахунак планетарыя мільён рублёў! Хутка на сайце Талака.by можна будзе ўбачыць яго імя. А яшчэ прозвішчы валанцёраў, мецэнатаў і спонсараў, якія паспрыялі аднаўленню аб’екта.

Тое, што ідэя сумеснага вырашэння праблем добра прыжылася, Яўгена Клішэвіча не здзіўляе. Усё ж такі гэта стары беларускі звычай, хоць і крыху асучаснены. Галоўнае, скаардынаваныя праз платформу, разам з дзяржавай і бізнесам людзі ўласнымі намаганнямі могуць змяняць да лепшага любое месца ў краіне. І ў выніку ў плюсе застануцца не толькі яны. Скароцяцца сацыяльныя выдаткі бюджэту, бізнес стане больш уважліва ставіцца да сацыяльна-карпаратыўнай адказнасці.

А калі «кропка збору неабыякавых людзей» ужо існуе, час пачынаць рабіць рэальныя справы. Не пісаць скаргі, а вырашаць лакальныя праблемы разам. Як гэта рабілі ў Беларусі на працягу стагоддзяў. Усюды, дзе суседзям трэба было дапамагчы адзін аднаму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter