Прэзідэнт Беларусі даў эксклюзіўнае інтэрв’ю медыяхолдынгу “Блумберг”

Былі і будзем суверэннай дзяржавай

Размова з журналістам Раянам Чылкотам доўжыліся паўтары гадзіны. За гэты час Аляксандр Лукашэнка адказаў амаль на пяцьдзясят пытанняў. Прапануем увазе чытачоў ключавыя вытрымкі з інтэрв’ю.



Пра сітуацыю ва Украіне

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што да наступлення міру ва Украіне яшчэ далёка:

— Калі гаварыць коратка, не хацелася б, каб гэта было зацішшам перад бурай. Ёсць пэўныя тэндэнцыі і факты, фактары, якія прымушаюць гаварыць пра тое, што да міру ва Украіне яшчэ далёка.

Больш за ўсё Прэзідэнта насцярожвае тое, што да мінскіх пагадненняў, перагаворнага працэсу адкрыта не былі падключаны Злучаныя Штаты Амерыкі:

— Я лічу, што без амерыканцаў ва Украіне немагчымая ніякая стабільнасць. Сустракаючыся апошнім часам з афіцыйнымі прадстаўнікамі ЗША, якія ў нас бывалі, я настойліва даводзіў да іх гэты пункт гледжання, заяўляючы аб тым, што не ведаю, чаго хочуць амерыканцы тут, ва Усходняй Еўропе, ва Украіне ў прыватнасці. Але калі амерыканцы хочуць, каб тут былі мір і стабільнасць, яны неадкладна павінны падключыцца да гэтага працэсу.

Натуральна, сваю ролю ў мірным урэгуляванні ўкраінскага канфлікту павінна адыграць і Расія. Што датычыцца пытання пра ўдзел расіян у канфлікце ў Данбасе, то Аляксандр Лукашэнка сказаў:

— Расіяне не такія ўжо неразумныя, каб пасылаць туды войскі і падстаўляцца. У Расіі дастаткова жадаю­чых прыехаць у Данбас за грошы або з ідэйных меркаванняў. Іх тысячы, хто прыехаў з Расіі. І не толькі з Расіі. Я інфармаваны аб тым, што там з’яўляліся людзі і з Беларусі, зараблялі грошы. Але папракаць Расію ў тым, што там рэгулярныя расійскія часці прысутнічаюць, — гэта няправільна.
На думку Прэзідэнта, Расія ўцягнута так ці інакш у гэты канфлікт. І калі Расія, з аднаго боку, і ЗША, з другога, захочуць, каб на ўсходзе Украіны быў мір, пытанне будзе вырашана адназначна.
Калі ж Злучаныя Штаты паставяць Украіне сур’ёзнае ўзбраенне, то гэта будзе штуршком да эскалацыі канфлікту. І Расія вымушана будзе на гэта рэагаваць.

Так ці інакш прадаўжэнне ваеннага сцэнарыя не выключана, папярэджвае Аляксандр Лукашэнка:

— Ні ў аднаго з бакоў няма даверу адзін да аднаго. Гэта па-першае. Па-другое, чаго граху таіць, ва Украіне ёсць узброеныя людзі, і іх нямала, якія не падпарадкоўваюцца ўказам Прэзідэнта і армейскаму ўкраінскаму кіраўніцтву. Гэта таксама павышае градус недаверу паміж ваюючымі і канфліктуючымі бакамі. Ды і не ўсе выканалі рашэнні мінскага мемарандума па адвядзенні ўзбраенняў у зоне сутыкнення. Гэта таксама небяспечна. Гэта пагражае як мінімум пачаткам узброенага супрацьстаяння, эскалацыяй канфлікту і, баюся, уцягваннем у яго іншых дзяржаў.

Пра шляхі выхаду з крызісу

Прэзідэнт яшчэ раз выступіў за мірнае вырашэнне ўкраінскага крызісу:

— Я лічу, што сёння не ўпушчаны момант. І дзеля таго, каб Украіна засталася адзінай і цэласнай, трэба выканаць мінскія пагадненні, пад якімі стаяць подпісы і кіраўніцтва Украіны. І тут не пазбегнуць канкрэтных кантактаў з цяперашнімі кіраўнікамі ДНР і ЛНР.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што канфліктуючыя бакі ва Украіне павінны сесці за стол перагавораў, у тым ліку для абмеркавання пытання па змене Канстытуцыі:

— Нехта гаворыць пра федэралізацыю, пра аўтаномію, а ўкраінскія ўлады гавораць пра дэцэнтралізацыю. Давайце ў Канстытуцыі Украіны замацуем гэтыя абсалютна зразумелыя і неабходныя сёння для Украіны напрамкі. Дэцэнтралізацыя — добра. Трэба сёння гэтым тэрыторыям прызнаць іх з асаблівым нейкім статусам — давайце зробім, спыніцца вайна. Адновім гэтыя тэрыторыі. Усё з цягам часу наладзіцца, калі мы хочам міру і цэласнасці Украіны.

Пра знешнюю палітыку Беларусі

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь з’яўляецца абсалютна міралюбівай краінай, нікому ніколі не пагражала і не збіраецца гэтага рабіць:

— Калі я паспрабаваў бы каму-небудзь пагражаць, гэта быў бы першы крок да таго, што беларусы мяне не выбралі б Прэзідэнтам. Мы — міралюбівы народ, мы не хочам ніякіх пагроз. Чаму я павінен камусьці пагражаць? У нас што, не хапае тэрыторыі? Ды дай бог з гэтай тэрыторыяй разабрацца! У нас на такой тэрыторыі жыве ўсяго 10 мільёнаў чалавек, а мы свабодна можам пракарміць 20-25 мільёнаў. Нам насельніцтва не хапае на гэтую тэрыторыю. Навошта мне каму-небудзь пагражаць? У мяне што, рэсурс каласальны — ваенны, эканамічны, фінансавы?..

Прэзідэнт расказаў, якая падаплёка насцярожаных адносінаў да нашай краіны з боку Захаду:
— Еўрапейцы, і асабліва амерыканцы, няхай яны на мяне не пакрыўдзяцца, раней — прынамсі, цяпер іншыя часы насталі — лічылі, што рэжым у Беларусі, наша дзяржаўнае ўпарадкаванне супярэчыць іх уяўленням пра тое, што ёсць у іх. Што ў нас не хапае дэмакратыі, парушаюцца правы чалавека, таму трэба Беларусь “змяніць”. Паспрабавалі “змяніць” рознымі метадамі — не атрымалася. Тады мне павесілі на грудзі шыльду — “дыктатар”.

Пра санкцыі Захаду

Прэзідэнт перакананы: любыя санкцыі з’яўляюцца анахранізмам, карысці ад іх няма. Таму прыклад — бессэнсоўныя абмежаванні ў да­чыненні нашай краіны, а цяпер і Расіі. Ніхто ад гэтага не загінуў. Аляксандр Лукашэнка тлумачыць гэта глабалізацыяй сучаснага свету:

— Калі вы дзесьці націснеце на нас, дзверы ж адкрытыя ў іншых дзяржавах. Мы супрацоўнічалі і супрацоўнічаем вельмі эфектыўна з Расіяй, Кітаем, Індыяй, іншымі азіяцкімі дзяржавамі і афрыканскімі, і ў Лацінскай Амерыцы. Дзякуй богу, цяпер і са Злучанымі Штатамі Амерыкі выходзім на нармальнае супрацоўніцтва. Таму санкцыі — гэта анахранізм. І час, а ён галоўны суддзя, пацвердзіў правільнасць маёй думкі.

Пра мір

Адказваючы на пытанне, Прэзідэнт адзначыў, што беларусы ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце, суседніх краінах пачалі яшчэ больш разумець, што больш каштоўнага за стабільнасць і мір нічога няма:

— Беларусы даўно разумеюць, што дзяржава павінна быць стабільнай і што галоўны прыярытэт — гэта мір. Няхай мы будзем крышку бяднейшыя за іншых. У нас няма столькі рэсурсаў, каб быць такімі багатымі. Але мы будзем жыць у мірнай краіне, дзе не будуць паміраць ад асколкаў і куль нашы дзеці і старыя. Мы, і я ў тым ліку, знаходзячыся на чале ўлады, павінны зрабіць усё, каб і без мяне, без цяперашняга пакалення палітыкаў, якое рана ці позна пойдзе, Беларусь засталася суверэннай і незалежнай. І мы гэта зробім.

Пра беларуска-расійскія адносіны

Падчас інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Расіі шмат палітыкаў, якія “мысляць па-імперску і інакш не бачаць, як тое, што Беларусь павінна быць нейкім паўночна-заходнім краем”:

— На гэта мы даём канкрэтны адказ: мы не будзем паўночна-заходнім краем. Як і не будзем ніколі канфліктаваць з Расіяй! Кіраўніцтва Расіі ніколі не ставіла адкрыта пытанне аб тым, што Беларусь павінна быць у складзе Расіі. Мы былі і ёсць суверэнная, незалежная дзяржава. Ёй і застанемся.
Прэзідэнт расказаў, што ў апошні раз гэтую тэму абмяркоўвалі з Уладзімірам Пуціным праз год пасля прэзідэнцкіх выбараў у Расіі:

— І мне спадабалася, калі ён сказаў: “Нам не трэба падпарадкаваць, захапіць нейкую краіну, у тым ліку Беларусь. Вы жывяце ў сваёй кватэры, мы жывём у сваёй, але ў той жа час мы браты, мы родныя людзі, мы ходзім адзін да аднаго ў госці”. Вось такое было абмеркаванне.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: Расія не будзе ваяваць супраць Беларусі:

— У кіраўніцтва Расіі няма падставы нават дрэнна ў наш бок гля­дзець. Яго не зразумее рускі народ, расіяне не зразумеюць. Чаго супраць нас ваяваць? Няма прычын. Таму я нават не думаю так, што Расія будзе ваяваць супраць Беларусі...

Але я яшчэ раз падкрэсліваю: хто б ні прыйшоў да нас з мячом, той ад мяча і загіне. Мы будзем ваяваць супраць еўрапейцаў, амерыканцаў, расіян — каго хочаце, калі яны паставяць перад сабою мэту заваяваць гэты кавалак зямлі, на якім павінны жыць беларусы...

100 працэнтаў беларускага народа хочуць жыць на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, і абараняць беларускі народ будзе сваю зямлю таксама як належыць. Вазьміце гісторыю. У Другой сусветнай вайне мы страцілі кожнага трэцяга чалавека. Мы не сталі на калені перад агрэсарам, і мы абаранялі сваю зямлю. Гэтак жа бу­дзем абараняць сваю зямлю і цяпер.

Прывядзём фрагмент яшчэ аднаго адказу журналісту: 

— На Захадзе існуе меркаванне, што ён (Уладзімір Пуцін. — Заўв. рэд.) хоча нейкую імперыю аднавіць. Ён па сутнасці іншы чалавек. Ён не будзе імкнуцца да аднаўлення нейкай імперыі. Але калі нехта ўжо вельмі будзе зарывацца і ківаць пальцам у бок Расіі, ды яшчэ і дубінай размахваць, то нават не толькі Пуцін, у расіян такі менталітэт, што на дубіну Расія адкажа. Таму з Расіяй трэба быць акуратнымі. Няма ў Пуціна жадання нешта там захапіць. Ён — сучасны чалавек і разумее, што ў цяперашні час гэта вельмі небяспечна.

На думку Прэзідэнта, папрокі аб умяшанні ва ўнутраныя справы суседніх краін можна адрасаваць не толькі Расіі, але і амерыканцам, Еўрасаюзу ды іншым палітычным цэнтрам:

— Што вам трэба было ў Лівіі, у Іраку, у іншых краінах? Там жыццёва важныя вашы інтарэсы? Гэтак жа заяўляе і Расія. У яе жыццёва важныя інтарэсы ў Грузіі, іншых суседніх з ёю рэспубліках. Такі вобраз, калі можна сказаць, такія паводзіны характэрныя для ўсіх вялікіх дзяржаў. Яны чамусьці лічаць, што, каб захавацца гіганцкімі дзяржавамі і пашыраць свае інтарэсы недзе, абавязкова трэба над кімсьці панаваць. Таму папракаць Расію ў гэтым нельга.

Адказваючы на пытанне пра ўзаемаадносіны ўнутры Саюза, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што пасля ўкраінскіх падзей адносіны Беларусі з Расіяй ніяк не змяніліся.

Пра адзіную валюту ў ЕАЭС

На думку Прэзідэнта, гэтую праблему занадта раздзьмулі, і ўвядзенне адзінай валюты ў ЕАЭС — пытанне не сённяшняга дня:

— Калі мы абмяркоўвалі ў Астане ўтрох пытанне стварэння адзінай валюты, было разважанне Пуціна: вы не супраць, калі эксперты неяк будуць гаварыць пра гэта? Добра, мы пра гэта ўжо даўно гаворым, няхай эксперты дзейнічаюць. Але не стаяла пытанне ўвядзення адзінай валюты ў нейкі перыяд, нават далёкі. Гэта апошні акт, які можа быць у нашым саюзе. Столькі яшчэ праблем і выклікаў Еўразійскаму эканамічнаму саюзу, што ці дажывём мы да гэтай адзінай валюты?..

Пра сітуацыю ў эканоміцы

Неспрыяльныя знешнія фактары, дэвальвацыя расійскага рубля, абвал цэн на нафту, натуральна, ускладнілі сітуацыю ў Расіі і не маглі не адбіцца на нас. Сітуацыю ў нашай эканоміцы Прэзідэнт лічыць няпростай, але не крытычнай:

— Вельмі дрэнна, што мы ў свой час павольнымі тэмпамі дыверсіфікавалі як сваю эканоміку, так і экспарт. Мы больш за палову таго, што вырабляем, прадаём і тым самым залежым ад знешніх рынкаў. Мы не паспелі даволі далёка адысці ад рынку Расіі, рынку постсавецкага і перайсці на іншыя. Цяпер прыходзіцца фарсіраваць гэты працэс. Прыток валюты дае нам магчымасць утрымліваць курс рубля. Ён цяпер стабілізаваўся на пэўнай адзнацы.

Намечаны арыенціры па інфляцыі і золатавалютных рэзервах:

— Па інфляцыі нам нядрэнна было б выйсці на ўзровень 12-15 працэнтаў з такім разлікам, каб ужо ў наступным годзе гэтая лічба была адназначнай. Мы можам гэта зрабіць. Што датычыцца золатавалютных рэзерваў — назапашваць іх цяпер складана. Вельмі важна іх не страціць, не зменшыць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter