Быкі на… снезе

НА ВУЛІЦЫ яшчэ зіма. І нічога звышнатуральнага няма ў тым, што найбольшая ўвага — жывёльнаму статку: імкнуцца яго і накарміць лепш, і каб на фермах было ўтульна, цёпла. А вось у ААТ «Навасёлкі-Лучай» Пастаўскага раёна амаль тысячны гурт быкоў нават і не падумалі на зіму заганяць у памяшканне. Ён так і застаўся ў полі, на снезе і марозе. І калі мясцовыя жыхары ўжо прывыклі да гэтага малюнка, то чужому чалавеку ўбачанае здаецца дзікаватым. Некаторыя нават абураюцца: — Гэта ж здзек з жывёл! Хто тут кіраўнік? Няўжо ў яго няма ні грама спагады да бедных істот?! А між тым сярэднясутачныя прывагі гэтых бычкоў за мінулы год дасягнулі 1 кілаграма 200 грамаў. Рэнтабельнасць — 100 працэнтаў! Сэканомлена на розных выдатках 1 мільярд 319 мільёнаў рублёў.

У чым ён — сакрэт тэхналогіі круглагадовага ўтрымання ў полі тысячнага гурту ў пастаўскім ААТ «Навасёлкі-Лучай»

НА ВУЛІЦЫ яшчэ зіма. І нічога звышнатуральнага няма ў тым, што найбольшая ўвага — жывёльнаму статку: імкнуцца яго і накарміць лепш, і каб на фермах было ўтульна, цёпла. А вось у ААТ «Навасёлкі-Лучай» Пастаўскага раёна амаль тысячны гурт быкоў нават і не падумалі на зіму заганяць у памяшканне. Ён так і застаўся ў полі, на снезе і марозе. І калі мясцовыя жыхары ўжо прывыклі да гэтага малюнка, то чужому чалавеку ўбачанае здаецца дзікаватым. Некаторыя нават абураюцца: — Гэта ж здзек з жывёл! Хто тут кіраўнік? Няўжо ў яго няма ні грама спагады да бедных істот?! А між тым сярэднясутачныя прывагі гэтых бычкоў за мінулы год дасягнулі 1 кілаграма 200 грамаў. Рэнтабельнасць — 100 працэнтаў! Сэканомлена на розных выдатках 1 мільярд 319 мільёнаў рублёў.

На Захадзе даўно так робяць

Разам з галоўным заатэхнікам гаспадаркі Іванам Кісялём на яго службовых «Жыгулях» едзем у Пагорцы, ля якіх знаходзіцца ў полі гурт у 250 галоў. Дарога хоць і выслізганая, але Іван Мар’янавіч упэўнена вядзе машыну. Відаць, што для яго гэты маршрут добра знаёмы.

Падымаемся на пагорак, і адкрываецца ўнікальнае ўражальнае відовішча: па вялікім, здаецца, бясконцым заснежаным полі разгульваюць, нібыта зубры ў пушчы, быкі! І столькі ў іх паходцы грацыёзнасці, прыгажосці, што, здаецца, стаяў бы і любаваўся гадзінамі.

Вакол — ні душы. І як яны не паразбягаюцца, не паўцякаюць? І толькі падышоўшы бліжэй, прыкмячаю электразагародку ў дзве драціны. Кісель асцярожна здымае верхнюю і запрашае прайсці да статка. Адчуваю ў нагах нейкую трывожную млявасць:

— Іван Мар’янавіч, яны ж вас ведаюць, а я чалавек тут новы. І невядома, ці спадабаецца вашым «зубрам» мая прысутнасць, тым больш калі іх фатаграфуюць?

— Яны ў нас неагрэсіўныя, — супакойвае Іван Кісель, але на ўсялякі выпадак бярэ ў рукі палку.

Праўда, як паказалі далейшыя падзеі, яна не спатрэбілася.

Быкі толькі спачатку праявілі да нас цікаўнасць, а потым заняліся сваёй справай: адны падмацоўваліся духмяным кормам, другія жлукцілі з карыта барду, іншыя, воддаль, проста гулялі, уздымаючы ў паветра з-пад капытоў фантанчыкі снегу.

Іван Кісель убачаным застаўся задаволены і неўзабаве «рассакрэціў» усю тэхналогію ўтрымання быкоў на зімовым полі:

— Узімку мы пакінулі на полі 880 бычкоў. Усяго — чатыры гурты. Гурт мы фарміруем пачынаючы з красавіка, як толькі трохі на полі падсохне, за адзін-два дні. Падбіраем бычкоў прыкладна аднолькавых па вазе і ўгадаванасці, на кілаграмаў 180—200 кожны. Калі трапіцца меншы ці слабейшы, то яго проста загоняць. Вясну, лета і восень гурт увесь час знаходзіцца на выпасах. Пасля ўборкі зерневых выгароджваем электрапастухом поле ў гектараў сорак. Стараемся, каб былі нізінкі, кусты. Складваем там сцірту саломы літарай «Т». Гэта на той выпадак, каб жывёла магла захінуцца ў непагадзь. Электазагародка германская, у дзве драціны. Генератар поўнасцю забяспечвае яе токам. Пускаем бычкоў на гэта поле толькі тады, каля зямля падмерзне. У іншым выпадку яны наробяць капытамі выбоінаў, і потым гэта можа прывесці нават да траўм.

Асаблівая ўвага кармленню. Даём толькі кормасумесі. Для гэтага ставім проста ў сянажную яму спецыяльны перасоўны агрэгат, у якім ёсць камп’ютар і электронныя вагі. Строга па «рэцэпту» закладваюцца ў бочку сянаж, сілас з кукурузы, камбікорм, мінеральныя і вітамінныя дабаўкі і іншыя кампаненты. Усяго да дзясятка. Поім бардою, якую бяром з Лынтупскага спіртзавода. Праўда, у мінулыя гады яе адпускалі проста з вытворчасці, гарачай, пад дзевяноста градусаў, і бычкі спажывалі яе цёплай. Сёлета нам забаранілі заязджаць на тэрыторыю прадпрыемства, і барду таму выкачваем з ямы, ахалоджаную. Яна ўжо кіславатая, і не той эфект.

Прывагі сярэднясутачныя зімой трохі ніжэйшыя, па 900 грамаў і да кілаграма. Але затое ўвесну яны ўжо дасягаюць 1300 грамаў і больш.

Абслугоўвае гурт усяго адзін чалавек, механізатар Міхаіл Лашук.

— Я — тутэйшы, з Мацуроў, два кіламетры адсюль. На трактары раблю. Падыходзіць аднаго разу да мяне Часлаў Бурак, загадчык нашага аддзялення, і прапаноўвае мне даглядаць бычкоў зімой у полі, — паведаў ён. — Пагадзіўся, бо зімой у механізатараў работы не надта. Турбот, канечне, з гэтымі бычкамі хапае: аж на цэлых паўсутак. Перш-наперш зранку прымаю дзяжурства ў вартаўніка. Абыходзім статак, лічым жывёлу. Калі ўсё ў парадку, то ён распісваецца, што здаў, а я — што прыняў. Потым кармленне. Заводжу кормасумесі: тры разы ў дзень. Падчышчаю карыты, калі што застаецца. Дастаўляю таксама барду з завода. Каб яна не замярзала, пад карытамі стаяць невялічкія печкі. Быкі пераносяць зіму ў полі выдатна. Яны адчуваюць сябе лепш у мароз, чым у завіруху.

Марыя ДАЎГЕЛЬ, заатэхнік аддзялення «Коўзаны», прыгадвае наступнае:

— Калі мы толькі пачыналі займацца гэтай справай, я на першым часе нават баялася заходзіць на поле: жывёлу шкадавала. Алег Валадзько, ён старшынёй тады быў, казаў: «Не бядуй, Альбінаўна. Усё будзе добра. Вунь на Захадзе даўно так робяць!». «Захад — Захадам, — думаю. — Але ж там і клімат мякчэйшы, не наш». Але Алегу Валадзько не пярэчыла. Яму я верыла. Абы-чаго гэты чалавек рабіць не стане. І сапраўды, бычкі адаптаваліся, прывыклі.

І што мяне больш за ўсё здзівіла? Нават не прывагі. Я была ўражана тым, што ніводная жывёліна не загінула, не захварэла. На вакцыну, уколы, таблеткі не спатрэбілася за ўсю зіму ні рубля.

А калі браць увогуле, то ў апошнія гады з кожнага гурту на санітарны забой ідзе за ўсю зіму па адным-два быкі. І не ад пераахалоджвання, а па траўме ног. Такую статыстыку выдаў галоўны заатэхнік Іван Кісель, калі мы ад’язджалі з Пагорцаў.

«Такія прывесы?! Не можа быць!»

Але галоўная сенсацыя чакала наперадзе: сярэднясутачныя прывагі жывёлы ў «Навасёлках-Лучай» склалі ў мінулым годзе больш за кілаграм. Калі дакладна: 1045 грамаў. А ў трох гуртах, якія ўтрымліваліся круглы год у полі, і наогул дасягнулі 1200 грамаў. Гэта ў знаёмага ўжо нам даглядчыка — механізатара Міхаіла Лашука і яго калег Алега Долмана і Аляксандра Залецкага. У работнікаў ЦСУ ад такіх лічбаў вочы палезлі на лоб:

— Навасёлкі, што вы там натварылі?! Гэтага не можа быць! Пералічыце яшчэ раз!..

Статысты гаспадаркі зрабілі дапаўненне: сабекошт аднаго кілаграма на адкорме маладняку склаў у цэлым па гаспадарцы 13323 рублі, а ў той жывёлы, што ўтрымлівалася ў полі, — 8926 рублёў, або на 4397 рублёў менш. Гэта на адным кілаграме. А калі браць увогуле, то эканомія склала 1 мільярд 319 мільёнаў рублёў.

Рэалізоўвалі гавядзіну па цане 18836 рублёў за кілаграм. Рэнтабельнасць у цэлым па гаспадарцы — 65 працэнтаў, а на круглагадавым утрыманні жывёлы ў полі — усе 100!

З чаго яна складваецца? Меншы абслугоўваючы персанал, значыць, менш грошай на зарплату. «Нуль» — на электраэнергію, «нуль» — на амартызацыю памяшканняў і запчасткі. А яшчэ трэба дабавіць «нуль» на вывазку арганікі.

Цяперашні дырэктар гаспадаркі Юрый ШЫМЧЫК, дарэчы, які і ўкараняў гэту сістэму спачатку калісьці на свіннях, канстатуе:

— Вымусілі нас пайсці на круглагадавое ўтрыманне бычкоў на полі абставіны: вялікі статак буйной рагатай жывёлы, звыш 5 тысяч, і недахоп памяшканняў для яго ўтрымання. Гэта — першае. А па-другое, утрыманне старых фермаў, улічваючы дарагія механізмы, электраэнергію, нярэдка зводзіць на нішто шматлікія намаганні. Можна атрымаць там кілаграм прывагі, і ён будзе стратным.

Праўда, гэта не значыць, што ў гаспадарцы нічога не будуюць. Наадварот, узвялі ферму на 500 галоў для цялят на беспрывязным утрыманні, а таксама ў стадыі будаўніцтва малочна-таварная ферма, дзе кароў будуць даіць робаты.

Навасёлкаўскія бычкі за год набіраюць вагу да 520—550 кілаграмаў. А некаторыя — і за 600. З-за апошняй лічбы, як не парадаксальна, гаспадарка панесла страты ўжо на 200 мільёнаў.

— Вось апошні прыклад: мы здалі нядаўна 46 бычкоў, — расказвае галоўны заатэхнік Іван Кісель.— Сярод іх аказалася 9 галоў вышэй за 600 кілаграмаў. А па «новых правілах» маладняк звыш 600 кілаграмаў лічыцца ўжо не маладняком, а ідзе як дарослы, і пазбаўляецца гаспадарка 30-працэнтнай надбаўкі за яго прадукцыю.

Шэраг гаспадарак спрабавала пераняць навасёлкаўскі вопыт, але далёка не ва ўсіх атрымалася.

Іван Кісель лічыць, што гэта справа даволі складаная і адказная. Няма сэнсу гэта рабіць там, дзе ёсць добрыя вялікія сучасныя жывёлаводчыя памяшканні. І, галоўнае, трэба вельмі строга захоўваць усю тэхналогію: ад пачатку да канца. А выгнаць жывёлу ў поле і забыць пра яе — нічога не дасць, акрамя адмоўнага.

Алег Валадзько быў першым

А ўся эпапея пачалася дзесяць год таму назад, калі тагачасны старшыня гаспадаркі, Герой Сацыялістычнай Працы Алег Валадзько, упершыню пакінуў бычкоў зімаваць у полі.

На зваротнай дарозе заглянулі да яго. Алег Адольфавіч цяпер на заслужаным адпачынку, піша мемуары, мастацкую прозу і нават вершы. Пра зімоўку жывёлы на прыродзе ён зняў відэафільм, які з задавальненнем і прадэманстраваў.

Вось кадры з яго. Вялікае заснежанае поле. На ім — бычкі. Шмат. Адны — бегаюць, другія падсілкоўваюцца ля кармушак. Іншыя ляжаць у белай мяккай «пасцелі». Бачна, што ўсім ім вельмі добра.

А вось — іншы малюнак. Завіруха. Жывёла збілася ў гурт за вялікай сціртай саломы. Спіны і бакі пакрыты снегам. Трывожна, але панікі няма.

А гэта — і зусім нібыта з казкі. Мароз на дварэ мінус 34 градусы. Быкі стаяць заінелыя вакол вогнішча, як піянеры. З пысаў валіць пара…

І, нарэшце, вясна. На тым жа полі — тыя ж бычкі, прыгожыя, сытыя, угадаваныя, сапраўды, нібыта тыя волаты-зубры.

Гасне экран. Маўчым. Цішыню парушае Алег Валадзько:

— А ведаеце, я прадаваў гэтых бычкоў у Пецярбург па двайной цане. Гэта ж што ні на ёсць мармуровае мяса, пра якое столькі сёння гавораць і пішуць!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter