Бяз’ядзерны клуб

Не кожны ведае гэтую дату: 29 жніўня — Міжнародны дзень дзеянняў супраць ядзерных выпрабаванняў. Між іншым сёлета споўнілася 26 год, як спецыяльным указам Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева 29 жніўня 1991-га на тэрыторыі краіны быў закрыты Семіпалацінскі ядзерны палігон. Звесткі, звязаныя з гэтым сакрэтным аб’ектам, уражваюць: толькі з 1949-га па 1963 год агульная сіла зарадаў, узарваных на палігоне, у 2,5 тысячы разоў перавысіла магутнасць атамнай бомбы, скінутай на Херасіму. Усяго на казахстанскай зямлі, якую ў Савецкім Саюзе вызначылі для ўдасканальвання ядзернай зброі, а значыць забеспячэння ракетна-ядзернага шчыта СССР, было праведзена амаль 500 атмасферных, наземных, падземных выпрабаванняў ваеннага і так званага мірнага прызначэння. Палова ад колькасці ўсіх выпрабаванняў ядзернай зброі.

У перыяд распаду СССР арсенал Казахстана налічваў больш за 1200 ядзерных зарадаў (чацвёрты ў свеце ядзерны патэнцыял), якія ў 1992—1995 гадах былі выведзены і знішчаны. Вядома, што недры дзяржавы зараз утрымліваюць каля чвэрці сусветных запасаў урану.

І Казахстан, і Беларусь, і Украіна маюць нацыянальныя “ядзерныя гісторыі”. Як рэспублікі былога СССР яны добраахвотна адмовіліся ад ядзернай зброі, выйшлі з так званага ядзернага клуба. Атрымаўшы гарантыі бяспекі, нашы дзяржавы замацавалі свой без’ядзерны статус і падпісалі большасць адпаведных міжнародных дамоўленасцей. Але ўсё ж сталі заложнікамі атама. Так, насельніцтва шэрагу абласцей Казахстана, побач з Семіпалацінскім палігонам, на працягу дзесяцігоддзяў атрымлівала апраменьванне ад выпрабаванняў ядзернай зброі. Наша краіна дагэтуль змагаецца з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Аднак, нягледзячы на тэхнагенную катастрофу, Беларусь цвёрда верыць у мірны атам, яго станоўчы ўплыў на развіццё эканомікі, эфектыўную працу на карысць усяго беларускага грамадства.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter