Бясцэнная валюта Уладзiмiра Бядулi -- людзi

Двойчы Герой Сацыялiстычнай Працы 50 гадоў шчыруе на пасадзе кiраўнiка ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга СВК "Савецкая Беларусь" Камянецкага раёна. Ён дакладна ведаў: старшынёй калгаса ўсё роўна будзе. Упэўненасцi, што мара ягоная здзейснiцца, не страцiў i пасля таго, як першы сакратар роднага Камянецкага райкама партыi, нават ў вочы не бачыўшы сялянскага хлопца, учарашняга салдата тэрмiновай службы, камсамольскага работнiка, сказаў наконт яго "недаспелай" кандыдатуры наступнае: "Старшынi калгасаў нам патрэбны, iх не хапае, але i Бядуля -- не старшыня".
 Не на спакойную пасаду рваўся, не за вялiкiмi грашыма -- вядома, што за хлеб тады меў кiраўнiк калгаса, тым болей у Заходняй Беларусi, дзе створаныя гаспадаркi рабiлi першыя няўпэўненыя крокi. Бяссонныя ночы ды кiламетры выматаных нерваў... Праходзiць "курс маладога байца" яго накiравалi ў вёску Доўбiзна суседняга, Высокаўскага, раёна ў якасцi намеснiка старшынi. На што Бядуля адказаў: "Калi на старшынёўскi пост мне трэба прайсцi пэўны шлях, я гатовы пачаць яго нават з конюха альбо пастуха".
-- I вось ужо пяцьдзесят гадоў я iмкнуся даказаць, што з цягам часу стану ўсё ж сапраўдным старшынёй калгаса, -- сур`ёзна распавядае Уладзiмiр Лявонцьевiч, а ў вачах гарэзлiвыя чарцяняты скачуць.
У "Савецкай Беларусi", на той час самай занядбалай гаспадарцы раёна, за новага кiраўнiка прагаласавалi амаль аднагалосна ў надзеi на перамены -- тут працвiталi крадзяжы, а паказчыкi былi настолькi нiзкiя, што, здаралася, па вынiках года працаўнiк яшчэ i вiнаваты калгаснай казне заставаўся. I дзiўная жыццёвая мудрасць 28-гадовага старшынi, беспамылковая iнтуiцыя, а яшчэ пастаянная гатоўнасць працаваць многа, сумленна i творча пачалi рабiць сваю справу.
-- Уладзiмiр Лявонцьевiч, што з доўгага шляху найболей помнiцца?
-- Самы шчаслiвы i плённы -- другi год майго старшынёўства, якi стаў годам вучобы i росту. Калi не было нiводнага спецыялiста -- заатэхнiк i аграном з`ехалi па сямейных абставiнах. Але я заўжды кiраваўся прынцыпам: чым цяжэй, тым цiкавей. Не было на каго спадзявацца. Сам у кожны куточак заглядваў, ва ўсё ўнiкаў. На сон заставалася тры гадзiны. Як i належала старшынi адстаючага калгаса, меў тады ў сваiм карыстаннi два транспартныя сродкi -- конiка i ровар...
А яшчэ меў заўсёды старшыня вялiкi рэзерв чалавечай асобы, чалавечай душы. Гэтыя словы Максiма Горкага ён звычайна згадвае, калi заходзiць размова пра галоўны рэзерв увогуле. I тлумачыць: я ўзяў сабе за правiла зыходзiць з таго, што ў любым чалавеку пераважае добры пачатак, i, каб даць асобе магчымасць рэалiзаваць свой рэсурс належным чынам, да кожнай шукаю строга iндывiдуальны падыход -- стараюся падабраць работу, каб яна i па характары, i па здольнасцях адпавядала. А ўжо хто на што здатны -- гэта Бядуля ведае пра кожнага з паўтысячы працаўнiкоў "Савецкай Беларусi". I -- хто чым жыве.
Размаўляем у старшынёўскiм кабiнеце. Стук у дзверы -- на парозе жанчына, сумелася: даруйце, вы заняты. Заходзьце, каб быў заняты, вас сакратарка не пусцiла б -- у адказ Бядуля. На вырашэнне пытання -- дзве хвiлiны: падпiсаць заяву на датэрмiновы аванс, высветлiць, чаму мала просiць, маўляў, у вас жа столькi праблем, i, урэшце, перад сумай 50 тысяч паставiць адзiнку. А пра сакратарку -- гэта зноў жа Бядулеўскi жарт. За 50 гадоў такога важнага пакоя з шыльдай "Прыёмная" Уладзiмiр Лявонцьевiч нiколi не меў. Вось, кажа, сёння ўсе заклапочаны ўкараненнем сiстэмы так званага "аднаго акна", а ў мяне прынцып адных дзвярэй заўжды дзейнiчаў; у прыёмных столькi часу страцiш, а чалавеку, бывае, толькi хвiлiны начальнiцкай увагi дастаткова.
Калi вазьмуся пiсаць кнiжку, яна будзе называцца "Калгас -- гэта людзi", прызнаецца мой суразмоўца. I на пытанне, што лiчыць галоўным з таго, што паспеў за гэты час стварыць, адказвае коратка: людскi давер (а iнакш не выбiралi б старшынёй з году ў год). Сапраўды, гэта -- бясцэнная валюта. Якою плацiцца яму за клопат не аб людзях увогуле, а пра кожнага чалавека канкрэтна. Ён кiдае ўсе iншыя справы i звонiць знакамiтым прафесарам медыцынскай навукi, калi стаiць пытанне аб чыiмсьцi здароўi. Ён iдзе ў высокiя кабiнеты, каб калгасная даярка атрымала пуцёўку на прэстыжны курорт. Ён едзе на "Славянскi базар", каб прывезцi ў Расненскi Дом культуры зорку эстрады.
Заслужаны работнiк культуры Беларусi ганарыцца тым, што ўпершыню i, мабыць, толькi раз у гiсторыi Савецкага Саюза галоўны музычны фестываль года "Песня-87" прайшоў на вёсцы, у ягонай Расне. Сюды з`ехалася да ста ўдзельнiкаў, у тым лiку Валерый Лявонцьеў i Леў Лешчанка. Што гасцявалi ў "Савецкай Беларусi" Рыхтар i Левiтан, Пахмутава i Дабранраваў, Еўтушэнка i Вазнясенскi, Ахмадулiна i адмiрал Халасцякоў, тройчы -- хор iмя Пятнiцкага. Што першая ў раёне музычная школа расчынiла дзверы менавiта тут, i самых таленавiтых выкладчыкаў для мясцовых дзетак тройчы на тыдзень не адзiн год калгасная машына вазiла з Брэста. Што дзiцячы садок калгаса -- у тройцы лепшых на Брэстчыне. Што нядаўна адсвяткаваў сваё дзесяцiгоддзе ўзорны дзiцячы танцавальны калектыў Расненскага Дома культуры "Непаседы", той самы, якi ўзгадаваў "Мiнi-мiс свету-2000" Сашу Шкурдода. Сёння стае магчымасцей не толькi на рэканструкцыю фермаў ды перааснашчэнне машыннага парку, але i на клопат пра духоўны стан чалавека-працаўнiка. Восем гадоў будавалася i тры гады распiсвалася Свята-Мiхайлаўская царква -- на ўвасабленне адшуканага ў архiвах цуда-праекта, якому 200 гадоў, калгас не пашкадаваў паўтысячы долараў. Першае пачуццё наведвальнiкаў -- нямое захапленне прасторай i незвычайным святлом. Тут створаны адзiны ў краiне Музей хлеба, дзе ўсёй душою адчуваеш кошт i блакаднай ленiнградскай лустачкi, i сённяшняга жытняга бохана.
Ён шчыра ўдзячны сям`i -- што нiколi не падводзiла. Нi жонка, нi сын, нi абедзве дачкi. I адчувае вiнаватасць перад роднымi, што такi вось надарыўся iм муж i бацька -- старшыня з незразумелым характарам: нi выхадных, як у людзей, нi святаў, нi водпускаў. Самым вялiкiм горам для чалавека лiчыць -- калi яго апаноўвае пачуццё нажывы. Ён так i не збудаваў сабе катэдж i жыве са сваёй Анiссяй Трафiмаўнай у калгасным двухкватэрным доме. Ён кожны дзень iдзе на працу, як на свята, хоць часам i ведае, якi няпросты дзень яго чакае. Ведае, зрэшты, i тое, што, згодна з абстаноўкай, вырашыць тым не менш усе пытаннi лепей за iншых. Даваць нашым людзям хлеб i да хлеба: рабочаму, iнжынеру, дзеячу навукi, культуры, спартсмену i касманаўту -- цi ж не ў гэтым шчасце! Не пытаецца, сцвярджае Бядуля.
Дык -- з юбiлеем Вас, Старшыня! I -- здароўя Вам, далейшага шчаслiвага плёну!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter