За всю свою историю человечество считанные дни существовала без вооруженных конфликтов

Бяспека ў новым фармаце

Сёння ў свеце налічваецца вялікая колькасць этнічных і рэлігійных канфліктаў. Многія з іх чакаюць свайго вырашэння не толькі ў двухбаковым фармаце, але і на самым высокім міжнародным узроўні. На жаль, калі апанентам не хапае дыпламатычнай лексікі і ўнутранай вытрымкі — у рукі бярэцца зброя.

pixabay.com

Сярод працяглых і даволі прыкметных у гэтым сэнсе з’яўляюцца палесціна-арабскае супрацьстаянне на працягу другой паловы XX — XXI стагоддзя, вайна на Карэйскім паўвостраве, у Афганістане, грамадзянскі ваенны канфлікт у Емене, трагічныя па­дзеі пры падзеле Югаславіі на асобныя незалежныя краіны, іракскі, сірыйскі і ўкраінскія крызісы. Для іх канчатковага ўрэгулявання вядучыя палітыкі сустракаліся на вядомых у сусветнай дыпламатыі нейтральных пляцоўках — Кэмп-Дэвід, Осла-1 і Осла-2, Жэнева, Парыж, Хельсінкі, Нур-Султан, Мінск і многія іншыя.

Нават некаторыя амерыканскія прэзідэнты мелі нагоду атрымаць Нобелеўскія прэміі міру за спыненне вайны — Джымі Картэр і Барак Абама. Першы за арганізацыю ў 1978 годзе ў Кэмп-Дэвідзе сустрэчы прэзідэнта Егіпта Анвара Садата і прэм’ер-міністра Ізраіля Менахема Бегіна, дзе была падпісана дамова аб міры і перадачы Егіпту Сінайскага паўвострава. Гэта стала вынікам серыі з чатырох егіпецка-ізраільскіх войнаў. 

Другі лідар ЗША Барак Абама атрымаў прэстыжную шведскую прэмію ў 2009-м — за вывад амерыканскіх войскаў з Ірака і спыненне ваенных дзеянняў у гэтай шматпакутнай краіне.

Прыгадаем, што на пачатку 1970-х гадоў  — падчас халоднай вайны — ЗША і СССР пачалі разгортваць у Еўропе свае ­ядзерныя сілы. І толькі ў 1975-м Хельсінскім заключным актам па бяспецы сусветным лідарам удалося зацвердзіць тагачасную палітыку разрадкі міжнароднай напружанасці: гістарычны дакумент падпісалі 35 дзяржаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, замацаваўшы прынцыпы існавання міралюбнага і гуманнага парадку (Хельсінкі-1). Чаго вельмі не стае цяпер, калі класічныя нормы міжнароднага права даволі часта не спрацоўваюць.

Днямі на пасяджэнні Савета міністраў АБСЕ ў Браціславе кіраўнік МЗС нашай краіны Уладзімір Макей паведаміў аб неабходнасці новага плана для ўмацавання еўрапейскай бяспекі. Паводле яго слоў, міру складана дамагчыся, але ён можа быць парушаны занадта лёгка. Нам патрэбны новы «план Маршала» для еўрапейскай бяспекі — план, калі ўсе дзяржавы-ўдзель­ніцы інвеставалі б у стварэнне на­дзейных механізмаў бяспекі ў нашым рэгіёне:

— У гэтай сувязі не трэба забываць, што ў 2017 годзе наш Презідэнт заклікаў палітычны істэблішмент аднавіць стратэгічны дыялог, накіраваны на пераадоленне супярэчнасцей і адраджэнне духу Хельсінскага працэсу. Ён прапанаваў склікаць саміт для шчырага і адкрытага абмеркавання на самым высокім узроўні стану спраў і шляхоў далейшага выпраўлення і перазагрузкі архітэктуры бяспекі ў Еўропе. Гэта прапанова застаец­ца на стале.

Бягучы тыдзень зноў аднавіў сусветную цікавасць да па­дзей ва Украіне, а больш канкрэтна — да вынікаў пяцігадовага ўзброенага супрацьстаяння ў Данбасе. Усе памятаюць, што ўкраінскія ўлады ў кра­са­віку 2014-га распачалі вайсковую контртэрарыстычную аперацыю супраць самаабве­шчаных ЛНР і ДНР, якія заяві­лі аб сваёй незалежнасці. Такім чынам, частка Данбаса выйшла з-пад кантролю цэнтральных улад у выніку ўзброенага канфлікту. Па пад­ліках ААН, ахвярамі гэтага крывавага супрацьстаяння стала каля 13 тысяч чалавек. Канфлікт ускосна ці прама ўплывае на суседзяў Украіны — Беларусь, Польшчу і Расію. Недарэмна наша краіна ў свой час для ўрэ­гу­лявання крызісу прапанавала мінскую пляцоўку — так узніклі «мінскі фармат» і мінскія пагадненні, якія дагэтуль не маюць альтэрнатывы. У беларускай сталіцы і сёння на сталай аснове вырашаюцца актуальныя пытанні вайны і міру па сі­туацыі ва Украіне — у межах трохбаковай Кантактнай групы пад эгідай АБСЕ. 

Першая за апошнія тры гады сустрэча ў Парыжы лідараў чатырох дзяржаў (Германія, Расія, Францыя і Украіна) у «нармандскім фармаце» не прынесла нейкага відавочнага прарыву, але вызначыла дакладную «дарожную карту» дзеянняў і была карыснай. 

У каменюке парыжскага саміту прапісаны тры асноўныя пункты: «Неадкладныя меры па стабілізацыі сітуацыі ў зоне канфлікту», «Захады па рэалізацыі палітычных палажэнняў мінскіх пагадненняў» і «Працяг». 

Кантактнай групе рэкамендавана забяспечыць да новага года абмен палоннымі «ўсіх на ўсіх».

Разам з тым у Елісейскім палацы адбыўся і шэраг двухбаковых гутарак, у тым ліку ўпер­шыню сам-насам Пуціна і Зяленскага. Па заяве Эмануэля Макрона наступная сустрэча «нармандскай чацвёркі» пройдзе праз чатыры месяцы. 

infong@sb.by

pixabay.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter