Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях дзейнасці органаў пагранічнай службы

Бяспека — галоўны фактар

У найноўшай гісторыі ахова дзяржаўных граніц нярэдка становіцца галоўным фактарам бяспекі. Таму ўвага да яе адпаведная. Прэзідэнт правёў нараду па пытаннях дзейнасці органаў пагранічнай службы. Галоўнае пытанне — наколькі надзейная наша граніца?



Аляксандр Лукашэнка паведаміў прысутным, што па яго даручэнні нядаўна была праведзена праверка дзейнасці органаў пагранслужбы:

— Мне былі дакладзены вынікі гэтай раптоўнай праверкі. Гутарка павінна быць прынцыповай. Тым больш некаторыя факты гэтай праверкі мяне сур’ёзна насцярожваюць. Ёсць глыбокае незадавальненне станам асобных напрамкаў у дзейнасці Дзяржпагранкамітэта.

Галоўнай мэтай нарады былі не “аргвысновы”, а аналіз абстаноўкі і шляхі павышэння эфектыўнасці службы. Гэта дакладна абазначыў Прэзідэнт:

— Пытанне не ў тым, каб падзякаваць або пакараць. Яно заключаецца ў тым, каб пасля гэтага было лепш на граніцы. А ў тым, што будзе лепш, я не сумняваюся.

Як расказаў журналістам па выніках нарады Дзяржсакратар Савета Бяспекі Станіслаў Зась, Прэзідэнтам былі дадзены канкрэтныя даручэнні. Як практычнага характару, так і больш глабальныя:

— Неабходна ўдасканальваць работу тых ваеннаслужачых, хто працуе ў пунктах пропуску. Павышаць эфектыў­насць узаемадзеяння пагранічнікаў з  насельніцтвам, якое пражывае ў пагранзоне. Cамае галоўнае — кіраўніцтвам Дзяржпагранкамітэта павінна быць праведзена ацэнка прыярытэтаў работы ведамства. Каб было дакладнае разуменне таго, ад якіх пагроз яны абараняюць нашу краіну. Прыярытэты на сёння — антытэрор і эканамічная бяспека.

Арганізацыйныя і тэхнічныя магчымасці для выканання даручэнняў Прэзідэнта ёсць, лічыць старшыня Дзяржпагранкамітэта Леанід Мальцаў:

— Працавалі і будзем працягваць работу ў гэтым напрамку. Неабходны аналіз новых рызык, выклікаў і пагроз. І адаптацыя да іх усёй сістэмы нацыянальнай бяспекі. Для гэтага многае робіцца. Адзін прыклад: распрацаваны айчынны сігналізацыйны комплекс хуткага разгортвання “Павук”, які рэагуе не толькі на чалавека або звера, але і на самалёт ці верталёт на вышыні да 1000 метраў. А менавіта малыя вышыні заўсёды былі самымі праблемнымі пры ахове граніцы.

І яшчэ. Праверкі падраздзяленняў пагранвойск будуць працягнуты і ў далейшым. Раптоўныя, а таму прынцыповыя і максімальна эфектыўныя.

Тым часам

Нядаўна ў Беларусі ўступіла ў сілу новая Ваен­ная дактрына. Прыняцце дакумента было выклікана зменамі ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце, а таксама сучаснымі тэндэнцыямі развіцця беларускай дзяржавы.

Максім Восіпаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter