«С вас три базовые»: как наш корреспондент вместе с инспекторами ГАИ останавливала водителей авто на летних шинах

Бяспечны след пратэктара

Калі тэмпература перастала падымацца вышэй за +7 °С, ДАІ настойліва рэкамендавала аўтамабілістам «пераабуцца» ў зімовыя шыны. А з 1 снежня тых, хто працягвае слізгаць па дарогах на летняй гуме, пачалі штрафаваць. Карэспандэнт «Р» разам з ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска праверыла, ці ўсе аўтамабілісты падрыхтаваліся да зімы.


Кампраміс праблемы не вырашае

Перайсці на зімовыя шыны нашым вадзіцелям прадпісваюць і заканадаўства, і разумны сэнс. Тых, хто ўсё яшчэ ганяе на летняй гуме, дзяржаўтаінспектар аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС Мінска Юрый Благушка папярэдзіў:

— На слізкай дарозе каэфіцыент счаплення з дарогай памяншаецца ў некалькі разоў, адпаведна, тармазны і прыпыначны шлях павялічваюцца.

Прайшліся па паркоўцы ля аднаго з супермаркетаў недалёка ад аддзялення ДАІ, праверылі колы: ва ўсіх зімовая гума ці ўсесезонка. Ну не бывае ж так, каб ніводнага парушальніка! Спыняемся на вуліцы Арлоўскай. Увечары тут рух асабліва ажыўлены. Тармозім адзін аўтамабіль, другі, трэці... Ва ўсіх «зіма». Дарэчы, сёння менавіта той дзень, калі на летняй гуме наважыцца выехаць хіба што адчайны: днём прайшоў дожджык, увечары трохі падмарозіла. Тым часам цяжкія велікагрузы праносяцца міма. Цікаўлюся, чаму іх не правяраем.

Юрый БЛАГУШКА: «Пры калянулявой тэмпературы летняя гума губляе эластычнасць, счапленне з дарогай памяншаецца, і тармазны шлях павялічваецца».

— Гэты пункт правілаў дарожнага руху распаўсюджваецца толькі на легкавую і грузапасажырскую тэхніку з агульнай масай да 3,5 тоны і аўтобусы да 5 тон, — тлумачыць Юрый Благушка, тармозячы чарговую легкавушку.

Дама за рулём Opel выглядае спалоханай. Кажа, машыну ўзяла ў мужа, каб адвезці дачку ў садзік, i не праверыла, ці памяняў ён гуму.

— All seasons, бачыце? — інспектар паказвае надпіс на вонкавым баку кола, які пацвярджае, што шыны гэтай легкавушкі ў парадку.

Юрый Благушка патлумачыў, што ўсесезонка — альтэрнатыва для аўтамабілістаў, якія не хочуць плаціць за другі камплект гумы. Але такія шыны — гэта толькі кампраміс і, як любы кампраміс, не з'яўляюцца рашэннем праблемы. Вядома, на заснежанай трасе гума з маркіроўкай «All seasons» паводзіць сябе лепей за ўсесезонную, але горш за зімовую. Прычым, згодна з вынікамі тэсціравання, чым ніжэй апускаецца тэмпература, тым больш эфектыўная зімовая гума ў параўнанні з усесезоннай.

На ўсіх колах BMW X5 — «лета».

«Сёння не мой дзень»

Толькі мы пачалі хваліць аўтамабілістаў за татальную законапаслухмянасць, як зоркае вока інспектара выхоплівае ў патоку старэнькі Volkswagen. Інтуіцыя не падвяла: на задніх колах устаноўлены зімовыя пакрышкі, на пярэдніх — летнія. Што дзіўна, бо звычайна вадзіцелі для эканоміі ставяць зімовую гуму толькі на пярэднюю вось, бо яна вядучая. Такі фінт, дарэчы, таксама не пракатвае. Зімовая ці хаця б усесезонная гума павінна стаяць на абедзвюх восях.

— З 1 снежня па 1 сакавіка зімовая гума абавязковая. За летнюю — штрафуем, — Юрый Благушка тлумачыць вытрымкі з ПДР. — Прычым на кожнай восі павінна стаяць адна і тая ж мадэль шын.

Вадзіцель, які факт парушэння не аспрэчвае, атрымлівае мінімальны штраф — 0,5 базавай велічыні. Пакуль інспектар складае пратакол, мужчына тлумачыць:

— Проста не мой дзень сёння. Ужо другі раз спыняюць. Першы раз на службовай машыне праехаў на чырвоны сігнал. Цяпер вось гэта. Машыну купіў нядаўна, паспеў памяняць пакрышкі толькі на задняй восі. На пярэднюю хацеў паставіць шыпаваныя. Працы было шмат, не паспеў вырвацца на СТА.



— Калі летняя гума стаіць на колах службовага аўтамабіля, хто плаціць штраф? — цікаўлюся.

— Штраф атрымаюць і вадзіцель, які кіраваў аўтамабілем з тэхнічнай няспраўнасцю (зімой летнія шыны аўтаматычна прыраўноўваюцца да тэхнічнай няспраўнасці. — Заўв. аўт.), так і асоба, якая выпусціла аўтамабіль у рэйс, — тлумачыць інспектар.

Алфавiт бяспекi

Адпрацаваўшы на Арлоўскай, едзем на вуліцу Ціміразева. Заязджаем на заправачную станцыю. Праз пару хвілін ля выезда спыняем BMW X5. На ўсіх колах — «лета». Напэўна, вадзіцель вырашыў, што дарагі аўтамабіль ніхто спыняць папросту не стане. Правяраючы дакументы парушальніка, інспектар тлумачыць яму, якая гума дапушчальная:

— Яна павінна быць прамаркіраваная знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай унутры, ці літарамі «М+S», «M&S», «M.S», «MS», ці «All seasons». Рысунак пратэктара павінен быць глыбінёй не менш за 4 міліметры.



— Калі я траплю ў аварыю без зімовай гумы — вінаваты і не атрымаю страхоўку? — парушальнік цікавіцца, чым яму пагражае «непераабутая» машына.

— Калі машына на летняй гуме стаяла і ў яе ўехалі, то вінаватым аўтаўладальніка прызнаваць не стануць. Але калі аварыя адбылася падчас руху, то знос шын альбо «лысая» гума могуць стаць ускоснай прычынай сутыкнення. Вядома, у такіх выпадках памер штрафу разглядаецца ў бок павелічэння, — тлумачыць Юрый Благушка. — У любым выпадку, перш чым прызнаць каго-небудзь вінаватым у ДТЗ, праводзяцца даследаванні.

Забягаючы крыху наперад, скажу, што ўсе выяўленыя сёння парушальнікі за язду на летняй гуме атрымалі папярэджанне ці штраф да 3 базавых. За паўторную язду без зімовых шын на працягу года штраф яшчэ большы — ад 2 да 5 базавых. Калі гэта прывядзе да ДТЗ ці выкліча прычыненне каму-небудзь лёгкага цялеснага пашкоджання, то, акрамя буйнога штрафу — да 30 базавых, можна пазбавіцца вадзіцельскіх правоў на тэрмін да двух гадоў.

Напрыканцы заязджаем у аўтасэрвіс на вуліцы Ціміразева — разведаць абстаноўку. Аўтамеханікі кажуць, што ажыятаж пачаўся яшчэ тры тыдні таму, калі выпаў першы снег. Сёння чаргі няма. Яно і зразумела: лепей раней «пераабуцца», чым потым машыну рамантаваць. Хоць некаторыя са спыненых намі прызнаваліся, што шыны памянялі ў апошні дзень восені. Але нават калі і так, то мэта дасягнута — верагоднасць заносу і аварыі мінімальная.



Падчас рэйду мы спынілі каля 20 аўтамабіляў. Толькі 3 з іх былі з шынамі не па сезоне. Невялікая колькасць парушальнікаў не здзівіла інспектара.

— А як інакш? Пры калянулявой тэмпературы летняя гума губляе эластычнасць, счапленне з дарогай памяншаецца, — падсумаваў Юрый Благушка. — Але нават калі вы «пераабуліся», кіраваць аўтамабілем у складаных умовах надвор'я трэба асцярожна. Галоўнае правіла на слізкай дарозе — ніякіх рэзкіх манеўраў.

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter