Беларусь Сегодня

Минск
+22 oC
USD: 2.08
EUR: 2.33

Какое новое оборудование скоро появится на таможенном посту «Национальный аэропорт «Минск»

Бяспечны калiдор турыста

У галоўнай паветранай гавані нашай краіны бязлюдна не бывае ніколі, а ў другой палове кожнага дня міжнародныя борты прызямляюцца з інтэрвалам літаральна ў пяць хвілін. Але ў чэрвені і гэты трафік можа ўзрасці: на маштабныя спаборніцтвы чакаем спартсменаў больш як з 50 краін, а таксама безліч прыхільнікаў. Усіх, хто накіроўваецца да нас паветраным шляхам, сустрэнуць і пры неабходнасці правядуць мытныя аперацыі адразу ў аэрапорце. Карэспандэнт «Р» даведалася, як супрацоўнікі мытні будуць працаваць у гэты напружаны час. 

З пакоя прафайлінгу можна разглядаць пасажыраў, застаючыся незаўважаным.

Праз некалькі хвілін прызямліцца рэйс з Абу-Дабі. У зоне прылёту супрацоўнікі мытні гатовыя да работы. Нехта лёгка датыкаецца да маёй нагі. Гэта джэк-расел-тэр’ер Буба прыйшоў для праверкі багажу, а пакуль стужка яго выдачы пустая, зацікавіўся маёй сумкай. Нічога дзіўнага: побач з ёй нярэдка спіць кот. 

— Гэта пасажырскі аддзел, тут афармляюцца тавары толькі для асабістага карыстання, якія перасякаюць мытную мяжу ЕАЭС, — невялікую экскурсію праводзіць Святлана Дудзенайце, начальнік аддзела мытных аперацый і кантролю № 4 мытнага паста «Нацыянальны аэрапорт «Мінск» Мінскай рэгіянальнай мытні. — Праводзім аперацыі мытнага кантролю пасажыраў, якія прыбываюць да нас, іх багажу, а таксама экіпажаў самалётаў і іх рэчаў. Некаторым трэба дэклараваць валюту, некаторым — маёмасць.

Святлана Дудзенайце змяшчае ў дэтэктар наркатычных і выбуховых рэчываў лакмусавую паперку, якой правяла па маёй сумцы.

Падарожнікі ведаюць працэдуру па прылёце: пашпартны кантроль, потым атрыманне багажу і мытны кантроль. Той, хто накіроўваецца на выхад па зялёным калідоры, тым самым заяўляе, што рэчаў, якія падлягаюць дэклараванню, не мае. Але некаторых супрацоўнікі мытні ветліва прыпыняюць і просяць прайсці па «чырвонай дарожцы». Інтуіцыя? Падазрэнні? Так, а яшчэ вынікі работы ў пакоі прафайлінгу. 

Калі не ведаць, дзе ён знахо­дзіцца, ніколі не здагадацца, якая са сцен зоны выдачы багажу з’яўляецца празрыстай для супрацьлеглага боку. Адтуль можна разглядаць пасажыраў, застаючыся незаўважаным. На адзін з манітораў у пакоі прафайлінгу паступае выява са сканера, які прасвечвае чамаданы. Незаўважаным не застанецца нічога. Прадметы з розных матэрыялаў на экране свецяцца рознымі колерамі, а калі сістэма не здолела распазнаць рэч, яна выдзяляецца чырвоным. Наяўнасць у багажы такога прадмета можа быць падставай для больш дасканалага агляду. На манітор побач выводзяцца выявы з камер відэаназірання. Такім чынам, лёгка зразумець, каму належыць чамадан з падазронымі прадметамі. 

Багаж тых, хто праходзіць у чырвоны калідор, яшчэ раз прапускаюць праз сканер.

— Да павелічэння колькасці гасцей мы гатовыя, — сцвярджае Святлана Аляксееўна. — Вопыт, набыты падчас правядзення чэмпіянату свету па хакеі, дапаможа і зараз на высокім узроўні правесці аперацыі мытнага кантролю. У дапамогу аператыўнаму аддзелу створана яшчэ адна група, якая таксама будзе афармляць дэлегацыі. Праводзіцца мадэрнізацыя аб’ектаў мытнай інфраструктуры, абнаўляюцца тэхнічная база і сродкі мытнага кантролю. Ужо завяршаецца абнаўленне сістэм відэаназірання. Дарэчы, усе супрацоўнікі абавязкова атрымаюць новыя персанальныя відэарэгістратары, радыёстанцыі для ўстойлівай сувязі паміж сабой. Зараз тэсціруем новы апарат — дэтэктар наркатычных і выбухных рэчываў. 

Дэтэктар таксама стаіць у пакоі прафайлінгу. Каб даведацца, ці не мае госць дачынення да небяспечных рэчываў, дастаткова спецыяльнай лакмусавай паперкай правесці па яго сумцы ці вопратцы і змясціць яе ў апарат. Для аналізу патрабуецца некалькі імгненняў. Праверым! Святлана Аляксееўна праводзіць паперкай па маёй сумцы, змяшчае яе ў апарат. Лічаныя секунды — і на маніторы з’яўляецца надпіс: «Праходзьце, калі ласка!». У адваротным выпадку абавязкова выклікаюць кінолага з сабакам, праводзяць паглыблены агляд. 

Моўных бар’ераў на мытным пасту аэрапорта няма: тры чвэрці супрацоўнікаў валодаюць замежнымі мовамі, сярод якіх не толькі англійская, але і нямецкая, польская, арабская. 

На багажнай стужцы працуе джэк-расел-тэр’ер Буба.

Стоячы ў пакоі прафайлінгу, непрыкметна назіраем за пасажырамі, а Святлана Дудзенайце дзеліцца некаторымі сакрэтамі:

— Звяртаем увагу на асаблівасці паводзін, мімікі, выраз твару, ручную паклажу. Бяспошлінна можна ўвозіць тры літры алкаголю. Калі я бачу ў вашым багажы шэраг бутэлек, а ў руках яшчэ пакет з дзьюці-фры, зразумела, я запрашу вас прайсці ў чырвоны калідор. Гэта ж датычыцца тых, хто спрабуе правезці без пошліны восем сукенак, якія адрозніваюцца толькі памерамі. Звычайна ў сумачцы знаходзяцца і этыкеткі для іх. Сяброўкам вязуць? Ну няўжо вы хацелі б хадзіць аднолькава з кімсьці апранутым? 

Да чырвонага калідора накіроў­ваецца мужчына з маленькай дзяўчынкай, гаворыць, што мае рэчы, якія неабходна дэклараваць. Працэдура праходзіць хутка: багаж яшчэ раз прапускаюць праз сканер, просяць адкрыць адну з сумак, затым запрашаюць пасажыра да стойкі, дзе будзе складзена дэкларацыя. 

Для зручнасці гасцей на базе Дзяржаўнага мытнага камітэта арганізуюць спецыяльны кол-цэнтр, які пачне працаваць за тыдзень да пачатку II Еўрапейскіх гульняў і скончыць працу праз тыдзень пасля іх заканчэння. Кожны можа пазваніць у любы час сутак і атрымаць адказы на ўсе пытанні, якія яго цікавяць: аб перасячэнні мытнай мяжы ЕАЭС, колькасці рэчаў, якія можна правезці для асабістага карыстання, правільным афармленні спартыўнага інвентару, перамяшчэнні транспартных сродкаў. Кансультацыю можна будзе пачуць на рускай і англійскай мовах. 

nevmer@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости и статьи