Ансамбль народнай музыкі адпраўляецца ў падарожжа па краіне

Бяседа на дарожку

Ансамбль народнай музыкі "Бяседа" адпраўляецца ў падарожжа па краіне
Ансамбль народнай музыкі «Бяседа» адпраўляецца ў падарожжа па краіне. У Мінску далі афіцыйны старт маштабнай акцыі «Любіць Беларусь», удзельнікамі якой сталі артысты калектыву, а арганізатарамі — Рэспубліканскае грамадскае аб`яднанне «Белая Русь» і Белтэлерадыёкампанія з тэлеканалам «Беларусь 3».



— У вераснёўскія дні, якія надыходзяць, мы хочам падняць настрой лю-дзям. Паказаць, што ў нас сапраўды добры народ, прыгожыя гарады, выдатныя песні, і ўсе разам мы любім нашу родную краіну, — гаворыць галоўны дырэктар тэлеканала «Беларусь 3» Віктар Маючы.
Удзельнікі акцыі прапануюць бліжэй пазнаёміцца з нацыянальнай культурай і дакрануцца да багацця нашай песеннай спадчыны. На працягу амаль месяца знакаміты ансамбль наведае з канцэртамі 17 абласных і раённых цэнтраў рэспублікі. Фінальнае выступленне пройдзе 10 кастрычніка ў Мінску.

Паводле слоў мастацкага кіраўніка «Бяседы», народнага артыста Беларусі, кампазітара Леаніда Захлеўнага, калектыву, які добра ведаюць і любяць у краіне, прадастаўляецца цудоўная магчымасць яшчэ раз сустрэцца з прыхільнікамі сваёй творчасці. Канцэртны графік шчыльны. У кожным раёне — па тры-чатыры выступленні. У спецыяльна падрыхтаваных праграмах прагучаць ужо добра вядомыя і новыя кампазіцыі. Выбар вялікі. У рэпертуары «Бяседы», якая ў наступным годзе адзначыць 25-годдзе, каля 300 песень. І, як гаворыць Леанід Захлеўны, усе прывабныя для слухача, у сучасных аранжыроўках. 

Разам з артыстамі ў паездку адпраўляецца і вядучая папулярнай тэлевіктарыны «Размаўляем па-беларуску» Алена Трацэнка. І гэта значыць, што смелыя гледачы, з тых, хто прый-дзе на канцэрты, змогуць прыняць удзел і ў конкурсе на веданне роднай мовы, а лепшыя — атрымаць памятныя падарункі.

Першы канцэрт адбудзецца 2 верасня ў Гродне. Дарэчы, тым, каму не ўдасца трапіць на выступленне ансамбля ў сваім горадзе, засмучацца няварты. Спецыяльны цыкл праграм, прысвечаны мерапрыемствам акцыі, рыхтуе тэлеканал «Беларусь 3».

З першых вуснаў

Аляксандр Шацько, намеснік старшыні Рэспубліканскага грамадскага аб`яднання «Белая Русь»:

— Сёння мы гаворым пра культуру, пра традыцыі, пра беларускую мову, пра тое, што з`явілася пэўная цікавасць і нават мода на беларускасць, моладзь носіць вышыванкі. Мы не хочам заставацца ўбаку. У нас вельмі шмат моладзі, якая займаецца беларускай культурай, вывучае яе самабытнасць, піша песні, вершы. Наша арганізацыя хоча разам са знакавым для краіны калектывам — ансамблем «Бяседа» — прыцягнуць увагу да нацыянальнай культуры і традыцый. Таму мы падстаўляем сваё плячо і ўдзельнічаем у гэтай акцыі.

Ірына СВІРКО

isvirko@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter