У вёсцы Багданаўка Лунінецкага раёна не забываюць старажытныя традыцыі

Бяры буклей ды спявай гучней!

Сустракаць Каляду ў Багданаўцы пачынаюць 7 студзеня — вясковыя жыхары выходзяць на вуліцы з загадкавымі зоркамі-буклеямі. Чаму так заведзена? Нават багданаўскія старажылы не могуць даць адказ.


Здаўна людзі тут збіраюцца ў гурты на Раство, ходзяць па вёсцы, спяваюць прыпеўкі на сваім дыялекце, праслаўляючы нараджэнне Хрыста. І, здаецца, кожны крок, кожнае слоўца ў Багданаўцы мае асаблівы, магічны сэнс.

— Калі зіма са снегам, то Каляда на белых конях прыехала. А калі няма снегу, то на сівых і чорных, — кажуць мясцовыя.


Напярэдадні Раства ў Багданаўцы прынята збірацца ў бацькоўскай хаце на першую — посную, галодную — куццю (другая будзе перад Шчадрацом, а трэцяя — перад Вадохрышчам). Да кашы падаюць “патапцы”. Мёд разводзяць цёплай вадой і крышаць туды падсушаны хлеб. Першыя тры лыжкі куцці гаспадар “скідвае”. Іх не ядуць, а выносяць на вуліцу — “мароз карміць”. Цікава, што пасля вячэры абавязкова адпачываюць: “Хто, наеўшыся, не аддыша, таго Бог за свінню запіша!”

Яшчэ адзін тутэйшы звычай тычыцца рэштак куцці. Іх кладуць каля хаты ў спецыяльна падрыхтаваны абруч — калі куры склююць кашу, то ў новым годзе будуць несціся толькі ў сваім куратніку.


Пасля поснай куцці тут гуляюць з размахам. Лічаць, што сустракаць Каляду трэба багата: сталы ломяцца ад палескіх прысмакаў і ў кожнай хаце радыя гасцям. Таму нядзіўна, што калядоўшчыкі ў Багданаўцы выходзяць на вуліцы не 13, а 7 студзеня.

— Раней быў у нас такі закон: на Раство калядаваць хадзілі выключна мужчыны. Дзяўчаткі толькі на Шчадрэц ішлі. Сёння ўсё перамяшалася. Але добра, што ўвогуле не забываюць свае традыцыі. У нашай вёсцы яны асаблівыя, — кажа 90-гадовая Ганна Ільючык.


Неад’емны атрыбут багданаўскіх Каляд — буклей, ці бытлей, — магчыма, ад слова “батлейка”. Гэта маленькі лялечны тэатр, які змяшчаецца ў каляднай зорцы. Выглядае ён таямніча і казачна. Ва ўсёй Беларусі вы не знойдзеце нічога падобнага. Дарэчы, зрабіць буклей можа кожны. Нічога асаблівага: дошкі, папера, свечка і крыху фантазіі — вось вам і калядны цуд! Унутры няхітрай канструкцыі-цыліндра ладзяць маленькі тэатр з лялькамі — папяровымі жывёламі, людзьмі, дрэвамі і сцэнамі з вясковага жыцця. Калі запальваюць свечку, то на экране — матавай кальцы — пачынаюць ажываць цені лялек. Мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак ад буклея не адарваць: нібы зачараваныя назіраюць за батлеечнымі дзействамі. Камп’ютар і планшэты і побач не стаялі з казкай, абрамленай пяццю “рагамі” каляднай зоркі.

У 90-я гады мінулага стагоддзя пра традыцыю калядавання з буклеем забыліся, але ў новым тысячагоддзі яе адрадзіў мясцовы жыхар Іван Ільючык. Яго ідэю хутка перанялі іншыя. Цяпер у кожным канцы Багданаўкі (вёска вялікая — амаль 1,5 тысячы жыхароў) ёсць свая кампанія калядоўшчыкаў з адметным буклеем.


“Стукнем па парогу, вынось, пане, ногу!” (маецца на ўвазе свіная нага) або “Давай, баба, каўбасу, а то хату разнясу!” — па-ранейшаму крычаць пад вокнамі вясёлыя калядоўшчыкі. Сёння ніхто свіныя ногі і нават каўбасу ім не выносіць. Дарослым даюць грошы, дзецям — цукеркі і печыва.

— Калісьці хадзілі хлопцы калядаваць да самага ранку. Пакуль усю Багданаўку абыдуць. Хутароў навокал шмат. Смелыя нават у бліжэйшыя вёскі маглі пайсці, — успамінае Ганна Ільючык. — Назбіраюць яны каўбас, сала ды пірагоў. Нясуць іх прадаваць у карчму ці старцам, у якіх вадзіліся грошы. За атрыманае моладзь наймала музыкаў на ўсе Каляды. Тады ўжо і для дзяўчат пачыналася свята з песнямі і танцамі.


Па традыцыі гуляюць у Багданаўцы да Вадохрышча. У апошні святочны дзень увечары дарослыя завуць дзяцей выпраўляць Каляду:

— Зараз Каляда ад’язджаць будзе! Глядзіце!

Дзеці бягуць да акна з надзеяй убачыць нешта ў цемры. Нічога не відаць. Толькі чуваць званочкі, якія бацькі хаваюць у кішэні. Паехала Каляда...

Ганна КУРАК

Фота Максіма ВЕЧАРА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter