Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

75 гадоў таму было знішчана Брэсцкае яўрэйскае гета. На Броннай гары і ў горадзе над Бугам ушанавалі памяць пра ахвяры фашызму

Бярозка як сімвал тугі

З самага пачатку вайны ў прыгранічным Брэсце гітлераўцы масава вынішчалі яўрэяў. Ужо ў чэрвені 41-га было забіта іх каля 5000, іншыя ж вымушаны былі яшчэ год і тры месяцы пакутаваць, жыць у страсе, трываць прыніжэнні, штодзень даведвацца пра новыя ахвяры сярод супляменнікаў. З часам у Брэсце фашысты стварылі гета, якое з пачатку кастрычніка 42-га пачалі рыхтавацца знішчыць. З дакументаў, успамінаў пра тую пару вядома: узгадняліся ўзаемадзеянні паліцэйскіх фармаванняў, якія складаліся з немцаў, палякаў, украінцаў. Іх стала ў горадзе значна больш, як і грузавікоў. Падганяліся таварныя вагоны.

Падчас мемарыяльнай цырымоніі ў Брэсце
virtualbrest.by

З 15 кастрычніка пачаліся аблавы. Узброеныя да зубоў германцы ды іх памагатыя шчыльна былі сканцэнтраваны ў горадзе й бліжэйшых ваколіцах: каб не прапусціць ніводнага яўрэя. Іх расстрэльвалі ў Брэсце, некаторых грузілі ў таварныя вагоны ды везлі на Бронную гару (цяпер Бярозаўскі раён Брэстчыны) для знішчэння. Крывавае тое паляванне на людзей працягвалася 15, 16, 17, 18 кастрычніка. Вялізныя былі ахвяры: уратавалася не больш за два дзясяткі вязняў гета. І ўжо адразу пасля выгнання акупантаў з Беларусі загаварылі пра ўвекавечанне памяці пра 20 тысяч вязняў, знішчаных нацыстамі. Цяпер ёсць помнікі ў Брэсце (пры перасячэнні вуліц Дзяржынскага і Куйбышава), на Броннай гары, дзе расстрэльвалі таксама й яўрэяў з іншых месцаў – пра тое ёсць інфармацыя на помніку.

У сувязі з 75-годдзем з часу знішчэння Брэсцкага яўрэйскага гета на Броннай гары і ў горадзе над Бугам у другой дэкадзе кастрычніка прайшлі мемарыяльныя мерапрыемствы. Іх ладзілі Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, Фонд развіцця Брэсцкай крэпасці, Брэсцкая абласная бібліятэка імя А. М. Горкага, Брэсцкі дзяржуніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Брэсцкі яўрэйскі дабрачынны цэнтр “Хэсэд-Давід”, Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Ёханэса Рау, а таксама Міжнародны адукацыйны цэнтр горада Дортмунда, Амбасада Германіі ў Беларусі. 12 кастрычніка дэлегацыя з Мінска наведала помнікі на месцы масавых знішчэнняў Бронная гара. Былі ўскладзены вянкі ды кветкі, ушанавала памяць ахвяр хвілінай маўчання.

Пра трагедыю Брэсцкага гета згадвалі й на прэзентацыі праекта-конкурсу для старшакласнікаў і студэнтаў “Ахвяры нацыянал-сацыялізму і месцы знішчэння ў Беларусі” ў Брэсцкім інстытуце развіцця адукацыі. Прэзентацыю правялі супрацоўнікі Гістарычнай майстэрні Мінска. 14 кастрычніка ў абласной бібліятэцы ладзілася выстава, прысвечаная Брэсцкаму гета. 15 кастрычніка Брэсцкая іудзейская абшчына правяла цырымонію памяці вязняў гета на Броннай гары. 16 кастрычніка ў абласной бібліятэцы прайшла навукова-асветніцкая сустрэча, прысвечаная юбілею трагедыі. Па заканчэнні яе прайшла экскурсія – аўдыёспектакль праекта Brest Stories Guide, які прысвечаны знішчэнню 34 тысяч брэсцкіх яўрэяў у гады нацысцкай акупацыі. У той жа дзень прадстаўнікі яўрэйскай абшчыны, уладных структур, дыпкорпуса ўшанавалі памяць нявінна загінулых ля помніка пры скрыжаванні вуліц Куйбышава і Дзяржынскага. Знакавы момант падзеі журналісты апісалі так: “Намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Жукаў пасадзіў маладую бярозку – як сімвал тугі й таго, што памяць пра бязвінныя ахвяры мінулай вайны стукае ў нашы сэрцы, у сэрцы тых, хто жыве сёння. І тая памяць не залежыць ад нацыянальнасці”.

Міхаіл Стралец,
прафесар, доктар гістарычных навук

г. Брэст

Голас Радзімы № 41 (3545), чацвер, 26 кастрычніка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter