Международный фестиваль двух рек прошел в Докшицах

Бярэзіна і Вілія: у поймах адметных старонак

Назва, на першы погляд, незвычайная, аднак, калі заглянуць глыбей, то цалкам апраўданая. Справа ў тым, што ў самім райцэнтры бяруць пачатак дзве ракі — Бярэзіна і Вілія, якія нясуць свае воды ў Балтыйскае і Чорнае моры. Больш таго, яны адлюстраваны на гербе Докшыц. Вось і з’явілася чатыры гады таму ідэя правесці своеасаблівае свята і запрасіць на яго творчыя калектывы з тых раёнаў, якія жывуць паабапал рэк. Задумка ўдалася, і фестываль адразу атрымаў статут міжнароднага, бо ў ім прынялі ўдзел яшчэ Расія і Латвія. Сёлета таксама прыехала нямала цікавых калектываў, прадстаўнічых дэлегацый з горадоў-пабрацімаў — Дзмітрыева (Расія) і Балві (Латвія).


Пачалося свята з урачыстага шэсця да летняга амфітэатра на беразе возера, адкуль і бяруць пачатак дзве ракі і дзе размешчаны лагатып фестывалю — лебедзь з распраўленымі крыламі як сімвал кахання, сяброўства і вернасці сямейным традыцыям.

Сёлетні фестываль прайшоў пад знакам малой радзімы. Яе праслаўлялі ў песнях творчыя калектывы, мастакі (як прафесійныя, так і пачынаючыя) на прадстаўнічым пленэры, фатографы на конкурсе «Куточкі Докшаччыны». Нацыянальныя адметныя стравы з розных мясцовасцей раёна прапаноўвалі ў «Смачным фальварку».

Не абышлося і без традыцый: на «Лебядзіным вяселлі» пабралі шлюб маладыя жыхары горада — Андрэй і Вераніка Васюковічы.

Сёлета ў рамках фестывалю правялі Свята горада — Докшыцам споўнілася 612 гадоў. Жыхароў раёна і гасцей вітаў старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук. У прыватнасці, ён адзначыў, што горад пашыраецца, маладзее. Вырас за апошнія гады цэлы квартал шматкватэрных дамоў. Неўзабаве здадуць яшчэ адзін 40-кватэрны дом. Вядуцца рамонтныя работы ў Цэнтральнай раённай бальніцы, яслях-садзе. Радуюць на хлебнай ніве працаўнікі вёскі. Напярэдадні свята ўзялі тысячны рубеж тры камбайнеры. Віншавальны адрас прыслаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка.

Арыгінальны падарунак гораду прыпаднеслі сельсаветы. Яны зрабілі на драўляным лісце памерам 2 на 1,5 метра карту раёна, на якой мініяцюрнымі макетамі пазначаны выдатныя мясціны. Так, аграгарадок Порплішча славіцца старажытнай Спаса-Праабражэнскай царквой, зробленай з дрэва без адзінага цвіка. Візітоўка Бягомля — самалёт Іл-14, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны прызямляўся на тутэйшым партызанскім аэрадроме: дастаўляў боепрыпасы і забіраў параненых. Дарэчы, на ім вывезлі ў Маскву Алену Мазанік, якая падарвала гаўляйтара Беларусі Кубэ. Вёска Вёшкі — малая радзіма Нестара Сакалоўскага, аўтара музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Параф’янаўская зямля славіцца хлебаробамі. Яе камбайнеры неаднойчы станавіліся ўдзельнікамі абласных і рэспубліканскіх «Дажынак». На тэрыторыі Крыпульскага сельсавета ёсць адзіны ў краіне храм з двума крыжамі: каталіцкім і праваслаўным — як знак яднання духа нашага народа.

Па добрай традыцыі на свяце ўшанавалі старажылаў горада, якія садзейнічалі яго росквіту: былога паштальёна і бухгалтара «Сельгастэхнікі» Ірыну Шнітко, ветэрана гандлю Ганну Сікорскую, былога работніка пажарнай службы Віктара Курнушку, якому сёлета споўнілася 90 гадоў. Нягледзячы на такі ўзрост, ён спявае ў ветэранскім хоры, водзіць аўтамабіль, трымае немалы пчальнік. Апошнім растлумачвае сваё доўгажыхарства, а яшчэ — актыўным жыццём, клопатам аб родных і блізкіх.

Напярэдадні свята ў сям’і Аляксея і Марыны Герко прыбаўленне: нарадзілася дачка Вольга, самы маленькі жыхар горада. Бацькі па вядомых прычынах не змаглі прыйсці на ўрачыстасць, таму падарунак уручылі шчаслівай бабулі Але Ягораўне.

Адным з самых відовішчных і хвалюючых момантаў Свята горада быў парад... дзіцячых калясак з немаўлятамі, якія нарадзіліся ў гэтым годзе: сын Іван у сям’і Ягора і Крысціны Раманенкавых, сын Станіслаў у сям’і Аляксандра і Карыны Чарняўскіх, дачка Стэфанія ў сям’і Аляксея і Паліны Кулакоўскіх, дачка Алеся ў сям’і Уладзіміра і Ірыны Васілевічаў... Усяго ў 2019-м нарадзіліся 34 маленькія жыхары.

saulich@bk.ru

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter