Бягомль: мястэчка на скрыжаванні старання і адвагі

Вандроўкі з Уладзімірам Субатам
ПАЎДНЁВЫМІ варотамі вобласці называюць на Віцебшчыне гарадскі пасёлак Бягомль. Сёлета спаўняецца 435 гадоў з часу першага пісьмовага ўзгадвання яго ў дакументах Віленскага каталіцкага епіскапата Вялікага Княства Літоўскага. Навакольныя курганы сведчаць пра больш ранняе засваенне гэтых мясцін чалавекам. У старажытныя часы па рацэ Бярэзіне, што побач нясе свае хвалі, пралягаў вядомы водны шлях “з варагаў у грэкі”. Тут праходзіць водападзел басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў.


Ладным маёнткам, акружаным з усіх бакоў густым борам, валодалі магнат Міхаіл Кейзгаловіч, граф Манузі, памешчык Ігнат Булгак. Больш як паўтара веку таму Бягомль атрымаў статус мястэчка.

Размешчанае на скрыжаванні ажыўленых шляхоў-дарог, паселішча востра адчувала развіццё ваенна-палітычных падзей. Шмат смутку жыхарам прынеслі войны мінулага стагоддзя і асабліва Вялікая Айчынная. Праз дзесяць дзён пасля вераломнага нападу фашысцкай Германіі па бягомльскім бруку грукаталі гусеніцы варожых танкаў.

У лясных гушчарах з першых дзён акупацыі пачало арганізоўвацца супраціўленне ворагу. Дзейнічала дзевяць партызанскіх брыгад і асобных атрадаў. На пачатку зімы 1942 года брыгада “Жалязняк”, атрады Дуброўскага і Шляхтунова, батальён Мядзведзева два  дні штурмавалі і разграмілі бягомльскі нямецкі гарнізон. Да прыходу Савецкай Арміі ў пасёлку трымаліся органы савецкай улады, выдавалася райгазета “Савецкі патрыёт”. Утрымлівалі народныя мсціўцы аэрадром, пабудаваны побач у даваенныя гады. За лінію фронту самалётамі адпраўлялі параненых, з тылу прымалі боепрыпасы, медыкаменты, абмундзіраванне і харчаванне. Двойчы фашысцкае камандаванне ўстройвала карніцкія аперацыі ў нескаронай партызанскай зоне. Вясною 1943 года азвярэлыя нелюдзі расстралялі і спалілі жывымі больш як 300 мірных жыхароў.

Пенсіянерка Любоў ЧЭЧЫКАВА раіцца са старшынёй Бягомльскага сельсавета Мікалаем ТРАХІНІНЫМ

За  ўдзел у баявых аперацыях пры вызваленні Бягомльшчыны ад акупантаў звання Герой Савецкага Саюза ўдастоены Сцяпан Манковіч, Іван Ціткоў, Арсен Юхнавец, Аляксандр Чарныш, Франц Перхуровіч.

Сталіцай партызанскага руху назваў мястэчка Пётр Міронавіч Машэраў. Указам Прэзідэнта гарадскі пасёлак Бягомль Докшыцкага раёна ў ліку дваццаці аднаго населенага пункта ўзнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

РАННЯЯ выдалася сёлета вясна. Яркай аксамітавай палоскай паміж сасновым борам і бягомльскімі агародамі красуе рунь. Над сцішаным полем ужо звіняць жаўрукі, якія толькі-толькі вярнуліся з выраю. З высокага пагорка, як на далоні, паўстаюць пяціпавярховыя жылыя дамы на былым аэрадроме. Над аднапавярховымі сядзібнымі пабудовамі ўзвышаецца трохпавярховая сярэдняя школа. Ззяюць пазалотай купалы новай царквушкі за рачулкаю Мажайкай, якая аддзяляе Бягомль ад вёскі Маргавіцы — калыскі вядомых беларускіх паэтаў Юрася Свіркі і Алеся Ставера. Праз драўляны масток едзем са старшынёю Бягомльскага пасялковага Савета Мікалаем Трахініным да статрохгадовага стрыечнага дзядзькі Алеся Ставера. З-за ніцых вербаў на крутым пагорку выплыў казачна прыгожы драўляны дом з аканіцамі. Побач — хлявы, хлеўчыкі, мураваны склеп і павеці, закладзеныя колатымі паленнямі. Бліжэй да рэчкі — лазня. Гаспадара засталі за праглядам тэлефільма. Многае давялося перажыць за доўгі век Сямёну Паўлавічу Ставеру. У Вялікую Айчынную партызаніў, удзельнічаў у гістарычным парадзе 3 ліпеня 1944 года ў Мінску, адкуль з часцямі Савецкай Арміі адправіўся вызваляць Еўропу ад фашызму. У пасляваенныя гады завёў сям’ю. Жонка Галіна Рыгораўна настаўнічала, а Сямён Паўлавіч працаваў у саўгасе ”Бягомльскі”. Дзесяць гадоў таму аўдавеў. Сыны падтрымліваюць бацьку.

103-гадовы Сямён СТАВЕР

Дзявяты дзясятак размяняла Яўгенія Іванаўна Юхнавец. Памятае як пяцігадовай дзяўчынкай хадзіла з кошыкам у лес да партызан. Цётка Ніна Герасімёнак падшывала ёй пад палатняную сукеначку паперкі з каштоўнай інфармацыяй і адпраўляла пляменніцу ў лес, дзе яе чакала частаванне цукрам. Дзяўчынка нават і не здагадвалася, што выконвала важныя заданні. Бацька яе кіраваў партызанскай пераправай праз раку Бярэзіну. Пасляваеннае жыццё Яўгенія Іванаўна прысвяціла выхаванню сірот у Бягомльскім дзіцячым доме. Сваіх чатырох дзяцей на ногі паставіла. Памятае, як паўвеку таму на адкрыцці мемарыяльнага помніка Пётр Міронавіч Машэраў адзначаў уклад бягомльскіх партызан у агульную барацьбу супраць гітлераўцаў.

Памяць пра мужных змагароў з нямецка-фашысцкімі акупантамі свята ўшаноўваецца ў Бягомльскім музеі народнай славы. Дванаццаць гадоў кіраваў ім Уладзімір Герасімёнак. Колькі жыццяў выратавала ў партызанскім атрадзе яго сястра Надзея, якая ўсе гады акупацыі была санітаркай. Бацька Канстанцін Данілавіч з першых дзён вайны пайшоў на фронт. За месяц да Перамогі сям’я атрымала пахавальную. З васьмю дзецьмі на руках партызанскімі сцежкамі прайшла маці Хрысціна Максімаўна.

Фашысты дашчэнту зруйнавалі Бягомль. Людзі ў пасляваенныя гады доўга аднаўлялі свае сядзібы. Кіраваць пасялковым Саветам выпаў гонар сыну франтавіка Уладзіміру Герасімёнку. Пракладвалі водаправод, асфальтам пакрывалі цэнтральныя вуліцы. Змянілася аблічча Бягомля. Збудаваны па сучаснай архітэктуры аўтавакзал, новыя пяціпавярховыя дамы, кафэ і магазіны. З вясны да восені патанае гарадскі пасёлак у кветках. Пастаянна Бягомль сярод лепшых на Віцебшчыне па добраўпарадкаванні.

Сям' я настаяцеля Бягомльскай царквы Усіх Святых Валерыя ЦІШКОВА

ЧАЛАВЕКАМ 2016 года прызнаны ў вобласці старшыня Бягомльскага сельсавета Мікалай Трахінін. Продкі па мацярынскай лініі Мікалая Аляксеевіча тутэйшыя, а бацькавы карані з курскага хутара Троіцкага. Перад вайной ад маланкі загінула гаспадыня хутара. Асірацелы падлетак Аляксей у гады вайны ўзначаліў калгасную брыгаду і за старанне атрымаў дзяржаўную ўзнагароду — медаль “За доблесную працу ў тыле”. Дзядзька яго Мікалай Гарбачоў камандаваў аўтаротай на дастаўцы праз Ладагу прадуктаў у блакадны Ленінград. Пасля вайны па накіраванні партыі на знявечанай ворагам Бягомльшчыне кіраваў машынна-трактарнай станцыяй. Яго пляменнік Аляксей Трахінін узначаліў брыгаду трактарыстаў. Рызыкавалі механізатары, апрацоўваючы вясновую раллю, нашпігаваную за гады вайны боепрыпасамі.

Другой радзімай для курскага юнака стала Бягомльшчына. Тэхнікай захапіўся і яго сын Мікалай. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у сталічны інстытут. Атрымаў дыплом інжынера-механіка і вярнуўся дамоў. Узначаліў інжынерную службу ў докшыцкім калгасе “Іскра”. Працаваў у раённых структурах. Другое скліканне ўзначальвае Бягомльскі сельсавет.

Намеснік дырэктара Бягомльскага лясгаса Алена ВІШНЕЎСКАЯ

Пачынаў сваю дзейнасць Мікалай Аляксеевіч з устанаўлення на плошчы каля праваслаўнага храма памятнага каменя ў гонар заснавання мястэчка. Арганізаваў свята пасёлка, на якое запрашаюцца вядомыя землякі, госці з суседніх раёнаў. Цёпла сустракалі Героя Расіі контр-адмірала ваенна-марскіх сіл Уладзіміра Дронава, які тут нарадзіўся. Чакаюць слыннага земляка і на юбілейныя ўрачыстасці, да пачатку якіх побач з танкам і самалётам, што ўсталяваны ў цэнтры пасёлка, паўстануць і дзве франтавыя пушкі.

Старшыня Савета бачыць перспектывы мястэчка, праз якое транзітам праходзіць на Віцебшчыну амаль 80 працэнтаў транспарту, у развіцці лагістычнага цэнтра. Грузаперавозчыкам не трэба лішнюю сотню кіламетраў ехаць у Мінск. Эканомія часу  і сродкаў.

Мінчане, расійскія грамадзяне набываюць у навакольных вёсках сядзібы пад лецішчы. На тэрыторыі сельсавета, які аб’ядноўвае сорак населеных пунктаў, зарэгістравана каля 800 такіх сядзіб. Людзей вабяць прыгожыя мясціны на ўзбярэжжах Будачанскага і Ляснога азёраў. Адзіныя на Віцебшчыне санаторыі вышэйшай катэгорыі “Баравое” і “Лясное” круглы год прымаюць штомесячна каля чатырохсот адпачываючых. Наладжаны разліў лячэбнай мінеральнай вады “Баравая”.

Ветэраны працы Уладзімір і Марыя ГЕРАСІМЁНКІ

Задумана на ажыўленым скрыжаванні пабудаваць гаспадарчы супермаркет. Выгада як для транзітных пакупнікоў, так і для тутэйшых. Некалькі гадоў таму адкрыўся ў Бягомлі міні-опт і адразу па тавараабароце лідзіруе сярод аднатыпных магазінаў.

Не толькі вырашэннем сацыяльна-бытавых праблем заклапочаны ў сельсавеце. Не забываюць і пра духоўнасць. З дапамогай жыхароў каля разбуранай варожымі снарадамі ў ваеннае ліхалецце мураванага храма Усіх Святых паўстала царква, дзе настаяцелем айцец Валерый. Пакуль праводзіць ён набажэнствы ў прыстасаваным пакоі пасялковай бальніцы. З матушкай Аленай выхоўваюць дзвюх дачушак і сына.

Ёсць усе падставы для правядзення ў Бягомлі рэспубліканскага свята славянскага пісьменства. Адсюль пачаўся творчы ўзлёт вядомых беларускіх паэтаў Пімена Панчанкі, Алеся Ставера, Юрася Свіркі.

Аператар аўтаматаў ААТ «Ветразь» Мікалай СЯЛЮК

“Мой народ праз стагоддзі пранёс дабрату”, — так пісаў Алесь Ставер. Аглядаючы бягомльскія краявіды, міжволі ўзгадваліся словы паэта з вядомай песні: “Каб любіць Беларусь сваю мілую, трэба ў розных кутках пабываць…”  

Бягомльскімі гаючымі крыніцамі захапляўся народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў. Па шляху ў родныя ўшацкія Бычкі спыняўся ў партызанскай сталіцы, гутарыў з людзьмі. Часта наведваў куточак дзяцінства Пімен Панчанка. Да апошніх дзён жыцця свайго не парывалі сувязь з землякамі Алесь Ставер і Юрась Свірка.

У сярэдняй школе пастаянна ладзяцца творчыя вечары слынных літаратараў. Вучацца бягомльскія школьнікі ў адну змену. Два аўтобусы падвозяць выхаванцаў з навакольных вёсак. Вучні пачатковых класаў забяспечаны бясплатным гарачым харчаваннем. Дырэктар Пётр Гігель пасля заканчэння Мазырскага педінстытута вярнуўся ў Докшыцкі раён настаўнічаць. Многія педагогі — выпускнікі гэтай школы. На мясцовых вытворчасцях працуюць яе выхаванцы.

Галоўны ветурач СГФ «Бягомльскі» ААТ «Віцебскдрэў» Алена БОБРЫК

ЯК сялянскага сына, Мікалая Трахініна хвалюе, што змяншаецца ў моладзі жаданне працаваць на зямлі. У сельскагаспадарчым філіяле “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” не хапае механізатараў і жывёлаводаў. Гаспадарка невялікая — каля дзвюх тысяч гектараў сельгасугод- дзяў. На чатырох фермах утрымліваецца тысяча галоў буйной рагатай жывёлы. Чацвёртая частка — дойныя каровы. Летась ад кожнай надоена па 4370 кілаграмаў малака. Сярэднямесячны заробак даярак перавышае 600 рублёў. Галоўны заатэхнік Алена Бобрык заклапочана, каб сёлета гадавы надой давесці да 4500 кілаграмаў. Поспех залежыць ад таго, каму даверыць статак. І на веснавым полі патрэбны старанныя працаўнікі. Для іх запланавана будаўніцтва пяці катэджаў. Пэўна, варта ў школе звярнуць увагу на выхаванне будучых гаспадароў зямлі.

Наваколлі мястэчка шчодрыя на прыродную даніну. У сезон масава збіраюцца ягады і грыбы. Арганізаваны закуп і далейшая перапрацоўка іх. У спецыялізаваным магазіне круглы год шырокі выбар свежамарожаных дароў прыроды.

Дырэктар Бягомльскай сярэдняй школы Пётр ГІГЕЛЬ з вучнямі старэйшых класа

Кірыл Задарожны пасля заканчэння сталічнага прафтэхвучылішча вярнуўся прафесійным рабочым на ААТ “Ветразь”, дзе наладжана вытворчасць камплектуючых дэталяў для ліфтаў. Мікалай Сялюк з дыпломам інжынера-механіка ўзначаліў інжынерную службу прадпрыемства. А яго жонка Алена Анатольеўна пасля заканчэння Віцебскага педінстытута выкладае ў роднай школе матэматыку. Жывуць у бацькоўскай хаце. Масава будуецца ў гарадскім пасёлку прыватнае жыллё. Звыш сямідзесяці ўчасткаў выдзелена летась. Наваселлі справілі сорак сем’яў у пяціпавярховым жылым доме.

– МАЛАДЫЯ будуюцца, таму што ёсць стабільны занятак, — адзначае старшыня сельсавета Мікалай Трахінін. — Да нас на працу штодня едуць з райцэнтра. Самае буйное прадпрыемства — лясгас, дзе занята звыш 400 чалавек. На тры мільёны еўра прадалі летась у краіны Прыбалтыкі лясной прадукцыі. Наладзілі выпуск пелетаў, якія ў асноўным рэалізуюцца за межы рэспублікі.

Пасля працоўнага дня намеснік дырэктара лясгаса Алена Вішнеўская збірае ў дзіцячай школе мастацтваў аматараў танцаў. Пэўна, выхаванцы Алены Анатольеўны выступяць і на юбілеі Бягомля.

Бягомльская царква Усіх Святых. Пачатак ХХ стагоддзя

Докшыцкі раён

Фота аўтара і з архіва Бягомльскага музея народнай славы
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter