Якім запомніўся Змітрок Бядуля сваім сучаснікам і землякам

Бядуля з Пасадца

УПЕРШЫНЮ большасць беларусаў знаёміцца з творамі Змітрака БЯДУЛІ ў сёмым класе. “На Каляды к сыну”, “Пяць лыжак заціркі”, “Салавей“ — гэтыя апавяданні ўключаны ў школьную праграму нездарма. Яны вельмі дакладна характарызуюць постаць пісьменніка, яго трапнае, але далікатнае слова, якое прымушае задумацца над чалавечай існасцю. За гэтую рысу крытыкі ахрысцілі Змітрака Бядулю “беларускім салаўём”, а яго лірычныя абразкі і аповесці ўвайшлі ў залаты фонд айчыннай літаратуры. Аднак некаторыя старонкі асабістага жыцця класіка мала вядомы шырокаму колу. Карэспандэнт “СГ” адшукала цікавыя факты ў біяграфіі Змітрака Бядулі з нагоды 130-гадовага юбілею знакамітасці, які адзначаецца сёння, 23 красавіка.

Мінск, 1939 год. Беларускія пісьменнікі пасля ўзнагароджання ордэнамі: Якуб КОЛАС
і Янка КУПАЛА— ордэнам Леніна, Пятрусь БРОЎКА— «Знак Пашаны», Змітрок БЯДУЛЯ — Працоўнага Чырвонага Сцяга.

КАРАНІ пісьменніка вядуць на Лагойшчыну, у невялічкую вёсачку Пасадзец. Сёння тут жыве каля 200 чалавек, большасць з іх пенсіянеры. З аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры ў квітнеючай у савецкі час вёсцы “ў жывых” засталася толькі крама. Улічваючы гэта, з цяжкасцю верыцца і ў тое, што напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя Пасадзец быў мястэчкам. Там у яўрэйскай сям’і Плаўнікаў нарадзіўся сын Самуіл (Шмуэль) — вядомы нам як Змітрок Бядуля. Бацька будучага класіка Яфім быў першакласным кавалём, а маці Хана — каптурніцай, швачкай, якая спецыялізавалася на галаўных уборах. Плаўнікі жылі ў вялікай хаце-пяцісценцы, побач пралягаў ажыўлены тракт, па якім ішлі абозы і вазы з грузамі. Але да сённяшніх дзён той будынак не захаваўся,  шкадуе настаўніца Крайскай школы Лагойскага раёна Вольга Іванова:

— Хата Плаўнікаў згарэла ў пачатку Вялікай Айчыннай. Цяпер пра тое месца, адкуль адправіўся наш зямляк у вялікую літаратуру, нагадвае толькі фундамент знішчанай пяцісценкі ды сціплая шыльда на будынку былой Пасадскай школы. У 2010-м яе з-за малакамплектнасці закрылі, дзяцей і настаўнікаў перавялі ў суседні Крайск. Туды ж пераехала і экспазіцыя школьнага музею, дзе цэлы раздзел быў прысвечаны Бядулі. У тым ліку ўнікальныя экспанаты — бюст пісьменніка, які сам зрабіў і прывёз у вёску яго сябар, знакаміты скульптар Заір Азгур, і арыгінал першага пасмяротнага зборніка твораў аўтара, надрукаванага ў 1946 годзе.

Тэма Змітрака Бядулі асабліва блізкая Вользе Івановай. У 80-я бацькі пераехалі з Вілейшчыны ў Пасадзец, а ў восьмы клас будучая настаўніца беларускай мовы і літаратуры (педагагічны стаж ужо 32 гады) пайшла ў мясцовую школу. У той час імя Бядулі было хрэстаматыйным, але той-сёй старажыл мог дадаць колькі слоў пра асобу пісьменніка. У тым ліку была і даўно ўжо нябожчыца Марыя Вайцяхоўская.

Баба Рыгорыха (мянушку жыхарка Пасадца адтрымала ад імя свайго мужа) добра памятала, што Саміул Яфімавіч прыязджаў у вёску праведаць бацькоў. Па тагачасных мерках аднавясковец, які прабіўся на літаратурны Парнас, друкаваўся ў віленскай “Нашай ніве” (1912—1915 гады), затым супрацоўнічаў з мінскімі рэдакцыямі, быў сапраўднай зоркай. Вестка аб тым, што Змітрок Бядуля (які, дарэчы, друкаваўся пад псеўданімамі Ясакар, Ярыла Паўстанец, Сымон Тутэйшы), вокамгненна разляталася па мястэчку. Тады пасадзецкая моладзь заўсёды запрашала пісьменніка на вячоркі, а іх Самуіл Яфімавіч любіў асабліва. Даспадобы яму было не толькі чытаць свае вершы перад аднавяскоўцамі, але і цікавіцца апошнімі навінамі з жыцця мястэчка. Сярэдняга целаскладу і росту, ахайна апрануты, з курчавымі валасамі, Змітрок Бядуля меў талент зачароўваць суразмоўцаў гутаркай, аздабляючы яе вясёлымі гісторыямі.

Толькі аб адным шкадуе цяпер вясковая настаўніца Вольга Іванова:

— Не вельмі ўважліва слухала я аповед бабы Рыгорыхі. Запісала б яе на дыктафон — былі б у нас унікальныя ўспаміны. Карыстаемся на ўроках сухімі энцыклапедычнымі дадзенымі пра таго ці іншага літаратара: “Нарадзіўся, вучыўся, памёр”. Але дзеці з асаблівай цікавасцю літаральна “глытаюць” малавядомыя факты з біяграфій. Яе, у асабістасці пра Самуіла Яфімавіча, збіраем па крупінках. Напрыклад, даведаліся, што сёстры Бядулі, Рэня і Геня, з якімі выехаў у Мінск у 1915 годзе класік, дапамагалі даглядаць хворага на сухоты Максіма Багдановіча. Маладога паэта Самуіл Яфімавіч уладкаваў у кватэру, дзе жылі Плаўнікі. Пра што сведчыць гэты факт? Бядуля быў міласэрным, добразычлівым, чулым чалавекам.

Не трэба забываць: ішла Першая сусветная. У Мінску Самуіл Яфімавіч уключыўся ў працу Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Большасць бежанцаў не мела і кавалка хлеба, іх трэба было накарміць, абагрэць. Грошай не хапала, Змітрок быў забеспячэнцам, і сваімі здольнасцямі знаходзіў дэфіцытныя прадукты. Пра гэта можна прачытаць у апавяданні Бядулі пра Багдановіча «Страцім-лебедзь».
\
Пісьменнік разам з жонкай
Марыяй Ісакаўнай.
Сын Бядулі Яфім ПЛАЎНІК
жыве ў Мінску

Ёсць у школьным музейным куточку, прысвечаным класіку, асабліва каштоўны экспанат — кніга, выдадзеная ў 1988 годзе, “Успаміны пра Змітрака Бядулю”. Вольга Іванова вельмі даражыць экзэмплярам, бо асобнік у свой час ёй ледзь удалося набыць. Настаўніца выдатна арыентуецца па кнізе. Вось, да прыкладу, старонкі, дзе ўспамінае пра Бядулю жонка Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч. Першае, што ўразіла яе, як пісьменнік быў апрануты: у вясковай куртачцы, паверсе — пелярына, а на галаве — нейкі смешны капялюш. Гэта ўсё надавала яму паўвясковы-паўгарадскі выгляд.

СПРАВА ў тым, што Купала і Бядуля пасябравалі ў 1913-м на працы ў “Нашай ніве”. Літаратары нават кватаравалі ў будынку рэдакцыі (на другім паверсе). Жылі сціпла. Напрыклад, меню вячэры: капеечныя “абрэзкі” ў каўбаснай краме і хлеб. Гарачыя стравы елі рэдка, бо на гэта не хапала грошай. Заходзячы пасля працы да Купалы і Бядулі, Уладзіслава Францаўна часам прыносіла з сабой «складчыну» — булкі і бутэрброды, клала на агульны стол. Купала бурчэў, казаў, што ён негалодны, а Бядуля, якога адрознівала непатрабавальнасць у ежы, чырванеў, паўтараючы: «Што гэта ты робіш, Станкевічанка?»

Часам на абед ці вячэру запрашала маладых літаратараў да сябе Цётка. На яе кватэры за сталом адбываліся літаратурныя сустрэчы, таварыскія вечары. Не абыходзілася без фантазій пра друкарні і беларускамоўныя школы. Змітрок Бядуля шчыра захапляўся хараством краіны, быў вялікім патрыётам і аптымістам. Заўсёды і ва ўсім шукаў радасць.

Славіўся і як чалавек вельмі працавіты. “Ідзі, Бядуля, спаць!” — кажа яму Уладзіслава Луцэвіч. “Трэба вось скончыць работу”, — адказваў класік і не ўставаў з-за стала. А вечарамі чытаў свае творы Купалу. Пісьменнікі заўсёды абменьваліся думкамі.

З 1921па 1926 год Луцэвічы з Бядулем жылі як суседзі на адной кватэры. Перш — па тагачаснай вуліцы Савецкай у гістарычным доміку I з’езда РСДРП, затым — па Правіянцкай, 35. Калі Самуіл Яфімавіч ажаніўся на сваёй Марыі Ісакаўне, раз’ехаліся, узгадавалі дачку і сына. Дарэчы, Яфім Самуілавіч цяпер жыве ў Мінску, і, калі ёсць магчымасць, хоць і рэдка, але завітвае на малую радзіму бацькі, у Пасадзец. Не губляюць сувязі з нашчадкамі і педагогі Крайскай школы, заўсёды запрашаюць сталічных гасцей на ўгодкі класіка.

У чэрвені 41-га Вялікая Айчынная застала сям’ю Бядулі знянацку. І якраз у той час Самуіла Яфімавіча камандзіравалі ў Хойніцкі раён. У Мінску была эвакуацыя, і Марыю Ісакаўну разам з дзецьмі адправілі цягніком на Усход. З сям’ёй Змітрок Бядуля з’яднаўся толькі ў вёсцы Старыя Бурасы Саратаўскай вобласці. Цягнік ішоў на Казахстан. Аднойчы ён спыніўся на станцыі Семіглавы Арол, што ў 12 кіламетрах ад Уральска.

Усе выйшлі з вагонаў. Вакол — стэп. Калі цягнік даў гудок, Змітрок Бядуля, мусіць, падумаў, што цягнік паездзе без яго, захваляўваўся і пабег. Але… знянацку зашчыміла хворае сэрца. Пісьменнік спыніўся, сагнуўся. Збегліся родныя, трымалі яго.

— Маша, дай мне апошнюю папяросу, — ухапіўшыся за грудзі, прашаптаў Самуіл Яфімавіч. Бядуля сам сабе скручваў махорку, з-за чаго цыгарка станавілася пузатай. Марыя Ісакаўна падала мужу жаданую папяросу. Ён зацягнуўся некалькі разоў і заплюшчыў вочы. Назаўсёды.

ПАХАВАЛІ Змітрака Бядулю ва Уральску. Працэсію дапамагла арганізаваць трупа Віцебскага коласаўскага тэатра, які ў той час знаходзіўся ў горадзе з гастролямі. У свой час шла гаворка пра тое, каб перапахаваць класіка на радзіме. Але не здарылася. Затое ва Уральску стварылі выдатны Музей Змітрака Бядулі, ёсць экспазіцыі ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. А тэатр аднаго акцёра «Зьнiч» Белдзяржфілармоніі паставіў па творах пісьменніка спектакль. У гонар Змітрака Бядулі названы вуліца і плошча ў Мінску, Віцебску і Жабінцы (асаблівасць — яна не мае цотнай нумарацыі дамоў).

А вось загадкай для крайскіх школьнікаў да гэтага часу застаецца другое. Раней у Пасадцы захоўваўся раман «Язэп Крушынскі» 1933 года выдання з аўтографам класіка. З цягам часу фаліянт знік…

Цікавосткі пра пісьменніка


ПЕРШАЯ. У сям’і Плаўнікаў была традыцыя вучыць хлопчыкаў іграць на скрыпцы. Валодаў інструментам і Змітрок Бядуля, але бацька не дазваляў браць скрыпку проста так. Калі ён памёр, у інструмента лопнула струна.

ДРУГАЯ. У Бядулі быў дамастроеўскі склад розуму. Ён з трапяткімі пачуццямі ставіўся да жанчыны, але лічыў, што яна абавязкова павінна выйсці замуж, быць асновай сям’і і нарадзіць дзетак. Пісьменнік сам выдаваў замуж сваіх сясцёр — Рэню і Геню.

ТРЭЦЯЯ. Самуіл Яфімавіч быў першым з пісьменнікаў, хто адгукнуўся ў друку на смерць Максіма Багдановіча. Яго Змітрок Бядуля называў «жрацом хараства», які «вянкамі вясновых паэтычных кветак аздобіў ніву беларускага адраджэння».

ЧАЦВЁРТАЯ. Будучы пісьменнік валодаў некалькімі мовамі: ідышам, старажытнаяўрэйскай, беларускай, рускай і нямецкай. Змітрок Бядуля павінен быў стаць рабінам, але яго выключылі са школы якраз за тое, што ён маляваў і пісаў вершы не рэлігійныя, а пераймаючы манеры знакамітых паэтаў XIX стагоддзя.

uskova@sb.by

Фота Аляксандра СТАДУБА і з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter