Аб маштабах праблемы алка­галізму

Бяда на дне бутэлькi

У кожнага непітушчага знойдзецца з дзясятак гісторый пра згубныя звычкі брата, дзядзькі або суседа
Аб маштабах праблемы алка­галізму ў нашай краіне гавораць не столькі лічбы, колькі канкрэтныя прыклады з жыцця. У кожнага непітушчага знойдзецца з дзясятак гісторый пра згубныя звычкі брата, дзядзькі, суседа або якіх-небудзь завочных знаёмых. І, здаецца, што можа яшчэ дапамагчы? І кошт на зелле ў бутэльках немаленькі, і час продажу абмежавалі. А нявызначанага ўзросту мужчына, які дрыготкімі рукамі выграбае апошнія капейкі дзеля запаветнай чаркі, — класіка жанру, якая так нікуды і не дзелася.




Пару дзён таму суседскія хлопцы пад вокнамі адзначалі дзень цвярозасці. І адзначалі па поўнай: з півам і чыпсамі. «Дзе ўзялі?» — цікавіліся ў іх аматары градуса, што праходзілі міма. «Запасацца трэба на такія выпадкі», — весялілася з уласнай вынаходлівасці кампанія. Вось табе і дзень цвярозасці — моладзі на радасць.

Асабліва страшна, што сёння співаюцца дзеці. Таму прапанова па абмежаванні продажу спіртнога асобам, маладзейшым за 21 год, — рэальная надзея на выратаванне. Мяркуйце самі. Напрыклад, высокаразвітыя Японія і Нарвегія не рэалізуюць алкаголь пакупнікам, якім няма 20 гадоў. ЗША, Егіпет і Інданезія дазваляюць ужываць толькі з 21 года. Заканамерна, што гэтыя краіны і не фігуруюць у топ-25 самых пітушчых. Затое алкагольны рэйтынг практычна цалкам складаецца з еўрапейскіх прадстаўнікоў, якім, як і нам, можна ўжо з 18. Супадзенне? Наўрад. Усё ж такі за два-тры гады з моманту паўналецця мяняюцца і каштоўнасці, і жыццёвыя арыенціры. Многія пагодзяцца, што гэтая пара-тройка гадоў здольная выратаваць тысячы лёсаў і нават жыццяў.

Яшчэ адна прапанова — абмежаваць колькасць спіртнога на аб’ектах прыдарожнага сэрвісу. Ці вырашыць надзённую праблему выключэнне рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі на аўтазаправачных станцыях? Будзем спадзявацца, што так. Усё ж такі спіртное на запраўцы — вялікая спакуса для многіх ва­дзіцеляў. Аднойчы назірала карціну: з дзвюх фур, якія спыніліся на стан­цыі, выйшлі два стомленыя ва­дзі­целі і накіраваліся ў кафэ. Праз хві­ліну яны ўжо сядзелі за столікамі з аднаразовымі шкляначкамі, напоў­ненымі празрыстай вадкасцю. Што гэта? Мая свядомасць няўцешна спрабавала апраўдаць мужчын. Мо­жа, гэта звычайная вада? Але хто так п`е ваду... Можа, іх у машыне чакаюць напарнікі? Ды не, пуста там.

На адным з форумаў хтосьці вы­казаў прапанову зрабіць меды­цын­скія паслугі платнымі для тых, хто п`е і курыць. Напэўна, ёсць у гэтым сэнс. Сам сябе губіш — сам сябе і лячы. Магчыма, з часам нехта і задумаецца над сваім ладам жыцця.

Алеся МАХОНЬ, Глыбокае
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter