Быў. Ёсць. Будзе.

Сёння ў многiх краiнах свету ўспамiнаюць Васiля Быкава

Сёння ў многiх краiнах свету ўспамiнаюць Васiля Быкава. 19 чэрвеня народнаму пiсьменнiку Беларусi споўнiлася б 85 гадоў. «Сотнiкаў», «Альпiйская балада», «Трэцяя ракета», «Дажыць да свiтання», «Абелiск», «Жураўлiны крык», «Знак бяды»... У яго твораў лiтаратурнае прызнанне i сусветная слава. Яго кнiгi перакладзены амаль на паўсотнi моў. Менавiта беларус Васiль Быкаў расказаў свету пра Вялiкую Айчынную вайну з яе акопнай праўдай.

Васiль Быкаў нарадзiўся на Вiцебшчыне, у вёсцы Бычкi Ушацкага раёна. Вучыўся на скульптара ў Вiцебскiм мастацкiм вучылiшчы. Скончыў Саратаўскае пяхотнае вучылiшча. У 1942-м васемнаццацiгадовым юнаком трапiў на фронт у складзе Чырвонай армii. Прайшоў праз усю вайну. Быў двойчы паранены, лiчыўся загiнуўшым. Летам 1944-га бацькi атрымалi на яго пахавальную, iмя Васiля Быкава нават выбiта на адной з брацкiх магiл... Але ён выжыў. Як некалi сказаў пра Васiля Быкава Чынгiз Айтматаў: «Лёс збярог нам Быкава, каб ён жыў i пiсаў ад iмя цэлага пакалення». I ён стаў выдатнейшым пiсьменнiкам, чые кнiгi занялi месца ў адным шэрагу з творамi самых вядомых майстроў ваеннай прозы ХХ стагоддзя.

Сябе Васiль Быкаў назваў прадстаўнiком пакалення, якое забiлi. Ён ненавiдзеў вайну — i ўсё сваё жыццё пiсаў пра яе. Вайна стала для яго амаль адзiнай i цэнтральнай тэмай у творчасцi. Але хвалявалi Васiля Быкава не батальныя сцэны, а перш за ўсё тое, што адбываецца з чалавекам у нечалавечых умовах. Жыццём i смерцю правяралiся ўсе яго героi.

22 чэрвеня – дата, якая перавярнула ўсё жыццё Васiля Быкава, прымусiла яго ўзяцца за пяро. Сiмвалiчным называюць той факт, што менавiта 22 чэрвеня, у гадавiну пачатку Вялiкай Айчыннай вайны, перастала бiцца сэрца пiсьменнiка-франтавiка.

Васiля Быкава няма з намi з 2003 года. Але ён ёсць i будзе. Будзе весцi гаворку з намi сваiмi выдатнымi творамi. Галоўнае – пачуць i адчуць у iх Быкава. З яго жорсткай ваеннай праўдай, абвостранай патрабавальнасцю, з яго iмкненнем прымусiць працаваць нашы душы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter