Быў шалапутам. Стаў трактарыстам. Печніком. Поварам...

ГЭТА здарылася крыху больш за 10 год таму. Па рэспубліканскім тэлебачанні вёўся рэпартаж аб «Дажынках» у Полацку. Сам Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, як звычайна, уручаў прызы пераможцам. З Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці былі ўшанаваны камбайнер Мікалай МАСКАЛЁНАК і яго памочнік, зусім малады, як кажуць у народзе, «зялёны» хлопец, Павел ДЗЕМІДОВІЧ. Прэзідэнт нейкім асабліва пяшчотным позіркам аблашчыў юнага хлебароба, моцна паціснуў яму руку. Пасля ўзнагароджання Паўла абступілі журналісты, засыпалі пытаннямі. Ён даволі бойка адказваў, што нарадзіўся ў вёсцы Лапуты. Пасля дзевяці класаў прадоўжыў навучанне ў Докшыцах, у вячэрняй школе, дзе разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі атрымаў і правы трактарыста-машыніста. І тут карэспандэнты зацікавіліся не на жартачкі: «Што гэта за школа вячэрняя такая, дзе можна і прадоўжыць навучанне ў старэйшых класах, і разам з тым набыць такую жыццёвую прафесію?»

Вячэрняй школе ў Докшыцах – быць, бо не самым «лёгкім» дзецям тут даюць сапраўдную пуцёўку ў жыццё

ГЭТА здарылася крыху больш за 10 год таму. Па рэспубліканскім тэлебачанні вёўся рэпартаж аб «Дажынках» у Полацку. Сам Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, як звычайна, уручаў прызы пераможцам. З Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці былі ўшанаваны камбайнер Мікалай МАСКАЛЁНАК і яго памочнік, зусім малады, як кажуць у народзе, «зялёны» хлопец, Павел ДЗЕМІДОВІЧ. Прэзідэнт нейкім асабліва пяшчотным позіркам аблашчыў юнага хлебароба, моцна паціснуў яму руку. Пасля ўзнагароджання Паўла абступілі журналісты, засыпалі пытаннямі. Ён даволі бойка адказваў, што нарадзіўся ў вёсцы Лапуты. Пасля дзевяці класаў прадоўжыў навучанне ў Докшыцах, у вячэрняй школе, дзе разам з атэстатам аб сярэдняй адукацыі атрымаў і правы трактарыста-машыніста. І тут карэспандэнты зацікавіліся не на жартачкі: «Што гэта за школа вячэрняя такая, дзе можна і прадоўжыць навучанне ў старэйшых класах, і разам з тым набыць такую жыццёвую прафесію?»

Вядомы хлебароб – пік кар`еры

У Докшыцах, ці не ў самым цэнтры, трохі збоку ад галоўнай вуліцы ёсць двухпавярховы цагляны будынак з шыльдай: «Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Докшыцкая вячэрняя школа». Сюды мы і накіраваліся. Сама школа размяшчаецца на другім паверсе. Было каля 12 гадзін дня. Па логіцы рэчаў, не чакалі каго там асабліва застаць, бо школа ж вячэрняя. Аднак завуч Лілія Савіцкая на неўразумелае пытанне аб гэтым заўсміхалася:

— Ну, слова «вячэрняя» — гэта чыста ўмоўна. А так заняткі ў нас ідуць, як у іншых школах, днём. Толькі вучацца ў нас дзеці з 10-га па 12-ы клас. А яшчэ адметнасць у тым, што мы кожнаму выпускніку даём дакумент аб набыцці адной або дзвюх прафесій. Гэта, па выбары саміх навучэнцаў, трактарыст-машыніст катэгорыі «А», повар, пячнік, цырульнік, швачка. Па кожнай прафесіі ў нас абсталяваны кабінеты, дзе ёсць усё неабходнае для навучання. Так, напрыклад, швачкі маюць машынкі як айчыннай, так і замежнай вытворчасці. Цырульнікі — усё тое, што і звыйчайная цырульня. А вось у печнікоў і механізатараў, акрамя кабінетаў, ёсць яшчэ і невялікая вытворчая база. Для падрыхтоўкі трактарыстаў-машыністаў адразу за школай, у двары, створаны так званы трактарадром, дзе вучні атрымліваюць навыкі ваджэння на трактары «МТЗ-80».

Якраз тут мы засталі майстра Станіслава Баравога з групай навучэнцаў. Ён рыхтуе да выпускнога экзамену 8 чалавек. Такія як Віталь Лаўцэвіч з Порплішча, Мікалай Яловік з Параф’янава і некаторыя іншыя выказваюць жаданне працаваць потым механізатарамі ў родных гаспадарках. Усяго ж за 20 год работы ў школе Станіслаў Іванавіч падрыхтаваў каля 400 трактарыстаў-машыністаў. Многія сталі вядомымі хлебаробамі. У тым жа сельгаспрадпрыемстве «Порплішча» выпускніку вячэрняй школы Ігару Пашковічу даверылі новы магутны трактар «МТЗ-3022». Малады хлебароб не раз выходзіў пераможцам у раённым спаборніцтве.

Асаблівая ўвага ў школе — вытворчай практыцы. Падпісана дамова з рознымі арганізацыямі, на базе якіх і праходзяць вучні практыку. Гэта бытавы камбінат і камбінат грамадскага харчавання, райаграсэрвіс, гаспадаркі раёна.

Набываюць веды, зарабляюць грошы

Так, печнікі, муляры (майстар навучання Сяргей Краско) працавалі ў сельскіх школах раёна, дзе было яшчэ пячное ацяпленне. На кожны год такія аб’екты вызначаліся загадзя аддзелам народнай асветы. Выдзяляўся транспарт. Такім чынам паднавілі ў свой час печкі ў Бярозаўскай, Несцераўскай, Бераснёўскай і Сітцаўскай школах. Адзначыліся печнікі школы і ў вясковых аддзяленнях сувязі ў Барсуках і Прудніках.

Повары больш практыкуюцца ў Докшыцах — у камбінаце грамадскага харчавання. Але былі выпадкі, і не адзін, калі практыканты замянялі прафесійных работнікаў. Вось такі прыклад. На пасяўной ў сельгаскааператыве «Барсучанка» ўзніклі праблемы з поварам. І тады гаспадарка звярнулася за дапамогай у вячэрнюю школу. Было аб чым задумацца. Не кожнаму жонка ў харчах дома дагодзіць, а тут паспрабуй нагатаваць на сотню ратоў. Адважылася Алена Скукоўская. І так механізатары ўпадабалі яе стравы, што пачалі хадайнічаць, каб пакінуць яе ў гаспадарцы поварам па штатным раскладзе.

Дарэчы, менавіта з «Барсучанкай» школа заключыла дамову аб праходжанні практыкі будучых трактарыстаў-машыністаў. Вучні выконваюць тут розныя палявыя работы як на сваім школьным трактары МТЗ-80, так і на тэхніцы гаспадаркі.

Многія вучні не проста праходзяць практыку ў гаспадарках раёна, а працуюць на роўных з мясцовымі механізатарамі ва ўборачную, пасяўную. Павел Дземідовіч з СВК «Таргуны» стаў удзельнікам рэспубліканскіх «Дажынак». Вызначыліся таксама ў розныя гады Васіль Протас, Іван Мажэй, браты Антон і Віктар Мазуравы, Дзмітрый Ясюлевіч, Міхаіл Францукевіч, Сяргей Ляснеўскі і многія іншыя.

Яшчэ адзін момант. На практыцы вучні атрымліваюць грошы. Сёлета яны прынеслі ў фонд школы 42 мільёны рублёў.

Цікавая гісторыя ўзнікнення Докшыцкай вячэрняй школы. Як вядома, пасля «перабудовы» адпала і неабходнасць у сярэдняй адукацыі. Пры ацэнцы работы калектываў школ на першае месца выходзіў, між іншым, як і сёння, працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Высокі ён — значыць, і педагогі працавалі рупліва. Пры такой сітуацыі каму хочацца, каб пасля дзевяці класаў, атрымання абавязковай базавай адукацыі, залічваліся ў 10 клас слабыя вучні. Яны станавіліся абузай. Іх арыентавалі на вучылішчы. Сітуацыя ў Докшыцах ўскладнялася тым, што якраз тут, у адрозненні ад суседзяў, Глыбокага, Лепеля, Вілейкі, не было прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, або як іх цяпер называюць, ліцэяў. Знайсці ж работу ў пятнаццацігадовым узросце маглі толькі адзінкі. Частка дзяцей аказвалася фактычна на вуліцы.

Таму раённыя ўлады, прыкінуўшы ўсе «за» і «супраць», вырашылі зрабіць новы накірунак у развіцці вячэрняй школы. Найперш гэта тое, каб дзеці змаглі далей працягваць вучобу. Па-другое, і мо самае важнае, рыхтаваць іх да самастойнага жыцця: даць вучням прафесію. Зрабілі даследаванне, у якіх кадрах ёсць патрэба.

Самым запатрабаваным аказаўся… пячнік. Раён сельскі. У вёсцы ў кожнай хаце ёсць і тая ж печ, і грубка. Старых печнікоў амаль не засталося.

А сваё майстэрства не заўсёды здолелі перадаць нашчадкам.

Выявілася шмат заявак на механізатараў, повараў, швачак, цырульнікаў.

Дзеці ў выбары былі нават на раздарожжы: многім хлопцам хацелася набыць прафесію і печніка, і механізатара, а дзяўчатам — швачкі і цырульніка. У педагагічным калектыве памеркавалі: «А чаму б і не?» У выніку тры дні тыдня адвялі на агульнаадукацыйныя прадметы, астатнія — на набыццё дадатковых прафесій.

«Дзякуй за сыноў!»

Сёлета Докшыцкай вячэрняй школе спаўняецца 20 год. Юбілей, які можа стаць сумным. Ідуць размовы на розных узроўнях, каб школу закрыць. Маўляў, ёсць кругом каледжы, ліцэі. Няхай ідуць вучыцца туды. Там усе ўмовы і нічога не трэба больш выдумляць.

З гэтым ніяк не можа пагадзіцца дырэктар вячэрняй школы Анатоль Ванюшын.

Самы важкі аргумент той, што  школу  наведваюць  дзеці з так званых праблемных сем’яў. Ён прывёў наступную статыстыку: з 52-х вучняў (44 на дзённым аддзяленні і 8 — на завочным) 6 — са шматдзетных сем’яў, 23 — з няпоўных, 10 — з малазабяспечаных. І далёка не кожная такая сям’я можа выправіць дзіцё ў вучылішча. Хоць там і харчаванне бясплатнае, але ж усё роўна дзіцё трэба сабраць, каб і апрануты быў не горш за іншых, і з сабой нейкі рубель даць. А тут — сеў на аўтобус, пазаймаўся і зноў дахаты. Дарэчы, з 2009 года раённы аддзел адукацыі для вучняў вячэрняй школы набыў праязныя білеты.

Аб якім вучылішчы магла ісці размова для аператара машыннага даення Вольгі Жаўняровіч з Сітцаў, якая мае малое дзіцё і чакае другое. А так паспяхова ў школе адбыла сесію дзень у дзень.

Мо парадаксальна, але 4 чалавекі з розных вучылішчаў «збеглі» ў мінулым годзе менавіта ў вячэрнюю школу!..

Дзеці «цяжкаватыя». Такое слова пра сваіх выхаванцаў знайшлі педагогі. І не ў тым сэнсе, што настаўнікам праблемна з імі, а што самім дзецям патрэбна падтрымка.

— У звычайных сем’ях дзеці абласканыя бацькамі, — зазначае сацыяльны педагог Лілія Шнітко. — Нашы гэтым пахваліцца не могуць. Але калі ў звычайнай школе нашы хутчэй за ўсё былі б на задворках, то ў нас яны ўсе аднолькавыя і могуць раскрыць усе свае здольнасці. У дзясяты клас дзеці прыходзяць «вожыкамі». За тры гады навучання паступова «адтаюць».

Катэгарычна супраць закрыцця вячэрняй школы старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук. Ён, як ніхто іншы, разумее сітуацыю. І што кадры, вывучаныя ў сваім раёне, тут і застануцца.

Вось вытрымка з раённай газеты «Родныя вытокі», якая ўвяла на сваіх старонках спецыяльную рубрыку «Уласныя кадры».

«Кажуць, калі Максім Ганчарэнка прыйшоў у дзясяты клас Докшыцкай вячэрняй школы, нічым не адрозніваўся ад тых шалапутаў, якіх мноства сярод падлеткаў такога ўзросту. Сам жа Максім вельмі цёпла адгукваецца пра вячэрнюю школу:

— Настаўнікі адносяцца да вучняў, як да дарослых. Умеюць паважаць вучня, яго выбар.

Максім, як і большасць хлопцаў, выбраў спецыяльнасці трактарыста і печніка. А потым дабавіў яшчэ і трэцюю, кулінарыю.

Выкладчыца кулінарыі Зоя Закрэўская гаворыць:

— Быў здольным, старанным вучнем. Я не раз казала яму, што з яго цудоўны шэф-повар атрымаецца. Умеў не толькі смачна згатаваць, але і прыгожа аформіць.

У гады вучобы Максім паспеў папрацаваць памочнікам повара і нават поварам у піянерскім лагеры «Бярозка». Але галоўнымі для Максіма Ганчарэнкі ўсё ж сталі спецыяльнасці печніка і трактарыста. У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ён зараз працуе печніком, а вясной і восенню апрацоўвае на трактары адзінокім пенсіянерам зямельныя ўчасткі.

Пра яго самыя лепшыя думкі. Ніякіх нараканняў. Адны падзякі!

Такія ж замалёўкі можна прачытаць аб выпускніках школы — цырульніках Але Ганус і Вераніцы Далідудка, пра столяра Сяргея Курылёнка, прадаўца ўніверсама «Цэнтральны» Алесю Кісялёву, кандытара Насцю Давыдовіч, механізатара Валеру Яцкоўскага і іншых.

Пад канец нашай размовы ў кабінет заглянула тэхнічны работнік школы Святлана Губарава, каб выказаць праз газету падзяку за сыноў, якія тут вучыліся:

— Меншы мой, Сяргей, набыў спецыяльнасць повара. Пайшоў у армію. Там поварам яго і прызначылі. Хваляць. Адны граматы і падзякі. Пакідаюць на кантрактную службу. Старэйшы сын Яўген закончыў акадэмію МВД і цяпер таксама прыстроены ў жыцці. Дзякуй гэтай школе — каб яна была заўсёды — і яе настаўнікам.

ПАСЛЯ вяртання з камандзіроўкі патэлефанаваў у Таргуны камбайнеру Мікалаю Маскалёнку, які з Паўлам Дземідовічам, выпускніком Докшыцкай вячэрняй школы, быў удзельнікам рэспубліканскіх «Дажынак» у Полацку, і спытаў:

— Чаму выбралі вы ў памочнікі менавіта Паўла Дземідовіча? Былі ж кадры і пасля заканчэння ліцэя, і проста бывалыя механізатары?

— Ведаеце, ён кінуўся адразу мне ў вочы, — адказаў механізатар. — Такі шустранькі і ў той жа час старанны. Тэхніку любіць. Хоць ты за вушы ад яе адцягвай. Што ні скажаш — зробіць. Бачна, сур’ёзную школу прайшоў!

Уладзімір САУЛІЧ, «БН».

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter