Быў месяц май

Дзякуючы гэтым людзям сёння над намі мірнае блакітнае неба

Мне не давялося пабачыць свайго дзеда: воін Чырвонай арміі Антон Сямёнавіч загінуў напачатку мая 1945 года на Нямеччыне. Шмат часу прайшло з тае пары, і ніхто ўжо не раскажа пра смерць салдата. Бабуля таксама пайшла ў вечны свет. А пахавальная з таго часу не захавалася. Памятаю са слоў бацькі, што там быў стандартны для таго часу тэкст аб «смерці храбрых». Гэта была звычайная гібель простага воіна. Толькі вельмі крыўдна, што адбылася яна перад самай Перамогай.

Што мы, сучаснае пакаленне, ведаем пра тую вайну, адкуль бяром звесткі аб ёй? Безумоўна, са школьных урокаў гісторыі, кніг, кінафільмаў, успамінаў удзельнікаў ваенных па-дзей, якіх, на жаль, становіцца ўсё менш і менш. Беларусь — адна з краін, дзе патрыятычнае выхаванне моладзі ўзнята на дзяржаўны ўзровень. І гэта дае свой плён. Нашчадкі добра ведаюць, што дзякуючы менавіта сівагаловым ветэранам і тым, хто не вярнуўся з вайны, сёння над намі мірнае блакітнае неба.

А ўспаміны зноўку вяртаюць мяне ў далёкае дзяцінства. Хоць прайшло амаль пяцьдзясят гадоў з таго дня, а перад вачыма ўстае выразная карціна, нібыта гэта адбывалася зусім нядаўна. У вёсцы Хароміцкія Уздзенскага раёна ўрачыста адкрывалі помнік Герою Савецкага Саюза Марату Казею, які па-геройску загінуў тут у гады вайны. Ці ўсе ведаюць пра подзвіг гэтага падлетка? Старэйшае пакаленне — безумоўна, а моладзь? Менавіта тады на ўрачыстасці, дзе прысутнічала сярод іншых і сястра Героя Арыядна, мы даведаліся пра апошнія хвіліны жыцця Марата. Ён пасля смерці маці, якую здраднік выдаў немцам, пайшоў у партызанскі атрад разам з сястрой. Быў разведчыкам штаба партызанскай брыгады імя К. Ракасоўскага, меў узнагароды: медалі «За адвагу» і «За баявыя заслугі». 11 мая 1944 года (так мала заставалася да вызвалення Беларусі) хлопчык разам са сваім камандзірам Ларыным, вяртаючыся з задання, наткнуліся на немцаў. Амаль адразу камандзір быў забіты. Марат адстрэльваўся, пакуль былі патроны. У яго засталіся дзве гранаты. Адну ён шпурнуў у ворагаў, апошняй, калі немцы падышлі бліжэй, падарваў сябе. Гераічны ўчынак, не кожнаму па сілах. Аб чым думаў у гэтыя хвіліны перад смерцю 14-гадовы хлапчук? Мажліва, успамінаў сваіх родных і блізкіх людзей? Аб тым, што сваім учынкам ён наблізіць дзень доўгачаканай Перамогі? Цяжка сказаць. Гэта так і застанецца неразгаданай вялікай таямніцай. Відавочна адно: ён не хацеў паміраць на самым пачатку свайго жыцця, але, не раздумваючы, ахвяраваў ім, каб вайна больш ніколі не паўтарылася. І гэта трэба памятаць.

Выкладаў у нашай школе беларускую і нямецкую мовы ветэран вайны Уладзімір Мітрафанавіч Красоўскі. Калі на святы ён апранаў свой парадны мундзір, мы з павагай і хлапечай зайздрасцю пазіралі на мноства яго баявых ордэнаў і медалёў. Тады мы яшчэ не разумелі і не ведалі, якой вялікай цаной яму дасталіся ўзнагароды. Толькі цяпер стала зразумела, чаму любімы настаўнік не вельмі ахвотна распавядаў пра вайну. Адзін з эпізодаў запомніўся. Адбывалася гэта ў Берліне таксама майскімі днямі. Да Перамогі заставаліся лічаныя дні ці нават гадзіны. Ішоў бой за Рэйхстаг — апошняе варожае логава. Страляніна стаяла несусветная. Капітан Красоўскі са сваім аўтаматам бег ужо на апошні паверх, як раптам адчуў (адно імгненне, і што можна пачуць, акрамя подыху смерці, у гэтым пекле?), што ля яго вуха свіснула куля. Яшчэ адно імгненне — і яна, трапіўшы ў парэнчы лесвіцы, рыкашэтам ударыла ў галаву яго аднапалчаніна. З той апошняй бітвы Уладзімір Мітрафанавіч выйшаў пераможцам. Вярнуўся героем на Радзіму і да канца дзён сваіх працаваў сціплым настаўнікам у сельскай пачатковай школе.

Гэта толькі тры невялічкія эпізоды з тых майскіх дзён ваенных часоў. З пункту гледжання вялікай стратэгіі, яны, мабыць, і не мелі выключнага значэння. Але мне думаецца, што без іх і яшчэ тысяч і тысяч такіх жа малапрыкметных, на першы погляд, прыкладаў самаадданага служэння Радзіме не склалася б і вялікае палатно Вялікай Перамогі. І пра гэта трэба памятаць. Усім і ўсюды. І ніколі не забываць. І быць пільнымі. Урэшце рэшт, гэта наш абавязак і доўг памяці перад святымі людзьмі — ветэранамі і тымі хто не вярнуўся з той Вялікай Айчыннай вайны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter