Нашчадкі герояў Буйніцкага поля

Буйнічы: поле ратнае і маладое

З высокага берага ў дняпроўскую плынь глядзяцца магілёўскія Буйнічы. У Вялікім Княстве Літоўскім маёнтак належаў Фёдару і Льву Талочкавічам-Буйніцкім, ад якіх перайшоў ва ўладанне Кіева-Пячорскаму манастыру. Пазней ім валодалі Саламярэцкія, Статкевічы, Палубінскія, Сапегі.

«...Я не был солдатом, был всего только корреспондентом, однако у меня есть кусочек земли, который мне век не забыть, — поле под Могилевом, где я впервые в июле 1941 года видел, как наши в течение одного дня подбили и сожгли 39 немецких танков…»

Константин Симонов

Буйніцкае поле ў 1595 годзе стала месцам пераможнага бою войска на чале з рэчыцкім старастам Буйвідам над казакамі Севярына Налівайкі. Побач з паселішчам Багдан Статкевіч і яго жонка Алена Саламярэцкая заснавалі манастыр Святога Духа, які дзейнічаў на працягу трох стагоддзяў. Манахі мелі млын і друкарню, дзе ў 1635 годзе быў выдадзены “Псалтыр”. Шведскія захопнікі ў Паўночную вайну абрабавалі манастыр. Каля Буйнічаў размяшчаўся лагер шведскага войска на чале з каралём Карлам ХII.

Пасля I падзелу Рэчы Паспалітай расійская імператрыца Кацярына II частку мястэчка перадала генерал-аншэфу Пасеку, які прадаў яго памешчыку Марачэўскаму. Апошняй уладальніцай Буйнічаў была памешчыца Радкевіч.

Старшыня сельвыканкама Аксана ГУЗАВА.

На пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя мясцовыя сяляне аб’ядналіся ў калгас “13 гадоў Чырвонай Арміі”.

Праз тры з паловай стагоддзі Буйніцкае поле зноў стала месцам жорсткай бітвы. Мужнасць і гераізм абаронцаў Магілёва ў Вялікаю Айчынную вайну знайшлі адлюстраванне ў рамане Канстанціна Сіманава “Жывыя і мёртвыя” і дзённіку “Розныя дні вайны”.

У пасляваенныя гады ў Буйнічы перавялі з Магілёва школу механізацыі сельскай гаспадаркі і ператварылі ў вучылішча. Амаль 2000 выпускнікоў яго ў сярэдзіне мінулага стагоддзя асвойвалі цаліну. У 1975 годзе навучальнай установе прысвоена імя Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы К.П. Арлоўскага. Выпускнік прафтэхвучылішча Андрэй Мельнікаў загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага доўгу ў Афганістане. Пасмяротна яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Навучальная ўстанова ў 2001 годзе рэарганізавана ў Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж.

Ветэран вайны і працы Марыя НІЗАЎЦОВА

Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нададзены мемарыяльнаму комплексу “Буйніцкае поле”. Побач дзейнічаюць этнаграфічны музей пад адкрытым небам “Беларуская вёска ХIХ стагоддзя”, заасад, конна-спартыўны манеж. Буйнічы сталі аграгарадком і цэнтрам сельсавета.

З дзяцінства запаў у сэрца ваенны фільм “Жывыя і мёртвыя” з вядомым савецкім акцёрам Кірылам Лаўровым у ролі галоўнага героя — журналіста Івана Сінцова. Франтавы карэспандэнт становіцца сведкам цяжкіх падзей першых месяцаў вайны. У перапоўненым клубе мы да слёз перажывалі за мужных савецкіх байцоў, што насмерць стаялі перад лютым ворагам. Разам з намі фільм глядзелі і старэйшыя, сярод якіх былі і франтавікі.

Бібліятэкар каледжа Іна МАКАРАНКА

І ўявіць не мог тады, што праз гады сустрэнуся з аўтарам рамана “Жывыя і мёртвыя”, савецкім пісьменнікам Канстанцінам Сіманавым, па творы якога пастаўлены фільм. Працуючы на Беларускім радыё, атрымаў заданне ўзяць інтэрв’ю ў яго. Паджылкі трэсліся, як ішоў на сустрэчу з папулярным творцам. Запомніліся словы Сіманава, што пра вайну 1812 года толькі праз стагоддзе Леў Талстой напісаў эпапею “Вайна і мір”. Пра герояў Вялікай Айчыннай яшчэ не напісаны галоўны раман. Канстанцін Міхайлавіч параіў збіраць па зярнятку і занатоўваць успаміны сведкаў векапомных дзён вайны.

У інтэрв’ю для радыё ўзгадаў Сіманаў і Буйніцкае поле, куды лёс занёс яго ў першыя дні вайны. Пісьменнік у літаратурных творах увекавечыў прыдняпроўскі плацдарм, дзе яму цудам удалося выжыць. Сімвалам непераможнай мужнасці савецкіх воінаў увайшла ў гісторыю палітая крывёю магілёўская зямля. З хваляваннем у сэрцы ехаў на сустрэчу з Буйніцкім полем.

Выкладчык раённай дзіцячай школы мастацтваў імя Л. Іванова Настасся РУБАНАВА

Аголеныя высокія таполі вартавымі акружылі велічны мемарыял. Заледзянела возера Слёз. Незвычайная цішыня пануе каля капліцы, змураванай з чырвонай цэглы. Група турыстаў слухала расповед гіда пра гераізм абаронцаў Магілёва.

Байцы 172-й стралковай дывізіі, якою камандаваў генерал-маёр Раманаў, перакрылі для наступаючага ворага бабруйскі шлях. Пярэдні край абароны пралёг праз вясковую ваколіцу, якая ўвайшла ў гісторыю як Буйніцкае поле. У цэнтры яго паўстаў мемарыял. Праз кожныя паўгадзіны ў капліцы гучыць музычная кампазіцыя, прысвечаная ўдзельнікам абароны Магілёва. Пад высокім дахам не так даўно беларускімі вучонымі ўсталяваны маятнік Фуко, распрацаваны французскім фізікам, які даказаў вярчэнне Зямлі вакол сваёй восі.

Ад капліцы сцяжынка вядзе да высокага валуна, на якім выбіта імя Канстанціна Сіманава. Жывыя кветкі прыцярушаны бялюткім снегам. Па запавеце пісьменніка яго прах развеяны над Буйніцкім полем, да якога падступілі шматпавярховыя жылыя дамы. Праз дарогу пад адкрытым небам дзейнічае этнаграфічны музей “Беларуская вёска ХIХ стагоддзя”, а бліжэй да Дняпра ў прасторных вальерах гуляюць зубры, алені, ласі, кабаны, і нават мядзведзь жыве ў заасадзе.

Даглядчык жывёлы Дзяніс ТРОЦКІ

БУЙНІЧЫ забудоўваюцца, пашыраюцца. З суседняй вёскі Цішоўка сюды пераведзены сельсавет. Кіруе ім выпускніца філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага педуніверсітэта Аксана Гузава. Дзесяць гадоў таму пасля настаўніцтва ў вясковай школе пачынала з вядучага спецыяліста сельвыканкама, была намеснікам старшыні і другі год узначальвае мясцовую ўладу.

Сустрэліся з Аксанай Мікалаеўнай у працоўным кабінеце, куды раз-пораз заходзілі людзі з жыццёвымі пытаннямі. Адчувалася, што хоць на дзвярах і вісіць таблічка з распарадкам прыёму грамадзян, але, пэўна, гэта толькі для парадку. Сельсавет густанаселены. А яшчэ летам і магіляўчане запаўняюць свае лецішчы. У 15 населеных пунктах каля васьмі тысяч жыхароў.

Аксана Мікалаеўна прызналася, што і ў калядныя дні не расслаблялася, трымала руку на пульсе. Жыхары аграгарадка Цішоўка паскардзіліся, што занадта заззялі новыя вулічныя ліхтары пасля ўводу ЛЭП. Вяскоўцы з Севасцьянавіч з першых дзён года хвалююцца, калі пачнуць да іх пракладваць газаправод. Найбольш буйныя населеныя пункты сельсавета газіфікаваны. У Севасцьянавічах і Ракузаўцы мінулай восенню жыхары стварылі кааператывы і чакаюць газавікоў. А вяскоўцы Зацішша і Бутрымаўкі чакаюць пракладкі вадаправода. Усё гэта на кантролі ў Аксаны Мікалаеўны.

Намеснік дырэктара каледжа Пётр СКРЫЛЁЎ

Колькасць насельніцтва ў сельсавеце расце, як і жадаючых пасяліцца ў прыгарадзе. Паўтысячы чалавек зарэгістравана на чарзе для выдзялення прысядзібных участкаў. Летась на аўкцыёнах, якія праводзяць раённыя службы, прададзена больш за дзесяць участкаў. І сёлета ўжо гатова дакументацыя на 15 для аўкцыёна.

Жыццё не бывае гладкім. Інспектары службы Дзяржкантролю выявілі, што некаторыя гаспадары атрыманых участкаў марудзяць з забудовай. Без суда не абысціся, каб перадаць пустуючыя надзелы тым, чыя чарга падыходзіць. Катэджамі забудоўваюцца новыя вуліцы Бярозавая і Цяністая.

У задумках Аксаны Мікалаеўны адну з новых вуліц аграгарадка назваць у гонар Канстанціна Сіманава. Бывалі тут жонка і сын пісьменніка, дзякуючы якому ўвекавечаны гэты прыдняпроўскі куток. Праз год дзевяностагадовы юбілей адзначыць сведка бою на Буйніцкім полі Марыя Нізаўцова.

Да яе ў невялікую вёсачку Ракузаўка адправіліся на легкавіку рабочага сельвыканкама Уладзіміра Кісялькова. На акуратна выкладзеным пліткай падворку нас ветліва сустрэла маладая жанчына. Прадставілася нявесткай Марыі Мікалаеўны і запрасіла ў дом. За вялікім сталом на канапе ля акна зграбненька сядзела сівенькая бабуля. Парадны пінжак у некалькі радоў упрыгожылі медалі. На шырокім падаконніку ляніва драмаў кашлаты руды кот.

Будучы тэхнік лясной гаспадаркі Уладзіслаў КІСЛОЎ

Нярвова перакідваючы з рукі ў руку кавеньку, Марыя Мікалаеўна пачала свае ўспаміны. Васьмігадовай дзяўчынкай з маці адправілася з Магілёўшчыны ў невядомую Сібір да бацькі Мікалая Васільевіча Пячоры. Там яго арыштавалі і расстралялі як ворага народа. Толькі праз дзесяцігоддзі пасмертна рэабілітавалі. З Сібіры вярнуліся да бабулі Юлі. Там і застала вайна. Побач быў паштовы аэрадром. Фашысцкія самалёты ў першыя дні вераломнага нападу разбамбілі яго. З агарода было відаць, як аэрадром быў высланы целамі забітых.

Марыя Мікалаеўна сцішыла голас. Адчувалася нярвовая напруга. Узгадала, як з хаты ў хату перадавалі, што фашысты акружаюць Магілёў. Чырвонаармейцы вымушана адступалі. Ратаваліся, хто як мог. Ноччу да іх ў акно пастукаў мужчына. Бабуля адчыніла дзверы. Змардаваны чырвонаармеец-афіцэр папрасіў цывільную вопратку. Знайшлі нейкае адзенне, і ён агародамі падаўся ў лес. З захаду напіралі фашысты.

Узгадала Марыя Мікалаеўна і тую страшэнную ліпеньскую ноч 1941 года. Агромністае зарыва стаяла над Буйніцкім полем. Усё навокал грымела і грукатала. Здавалася, што зямля палала. Усё гэта трэба было перажыць. Да драбніц памятае Марыя Мікалаеўна, як з маці адправілася ў партызанскі атрад. Вялі з сабою і карову. Маці стала партызанскай сувязной. На адным з заданняў трапілі на варожую засаду, і ледзьве не загінула. Цяжка параненую Марыю Аляксееўну адправілі самалётам з партызанскага аэрадрома за лінію фронту. Сумавала без мамы. З дзяўчатамі перамывалі бінты параненых, дапамагалі гатаваць ежу на палявой кухні. Пяклі хлеб, варылі страву толькі ноччу, бо днём над лесам лятала “страказа” і вышуквала стаянку.

Практычныя заняткі з навучэнцамі Васілём БУРМІСТРАВЫМ і Аляксеем ЗЯМЦОВЫМ праводзіць майстар каледжа Уладзімір БАРАШКА

Прысеўшы да стала, нявестка папрасіла ўзгадаць, як Марыя Мікалаеўна трапіла ў гестапа. Выконвала заданне па зборы звестак пра варожае ўзбраенне. У старэнькай фуфайцы, абутая ў лапці з аборкамі, хадзіла ад вёскі да вёскі з торбачкай за плячыма. Каменчыкамі адлічвала ў торбачцы колькасць фашысцкай зброі. Сустрэла паліцая, які здаў яе ў гестапа. Гумавым шлангам спаласавалі спіну, але нічога не дабіліся. Перавезлі ў турму. Праз некалькі дзён Магілёў вызвалілі савецкія войскі. Дабралася да бабулі Юлі ў Ракузаўку. Пасля вайны вучылася ў школе. У 16 гадоў замуж пайшла. Да выхаду на пенсію працавала ў буйніцкім калгасе, які далучылі да больш паспяховай гаспадаркі “Цішоўка”.

РАЗВІТВАЎСЯ з Марыяй Мікалаеўнай з думкай, што такі народ немагчыма перамагчы. Пра такіх нязломных змагароў пісаў у сваіх франтавых матэрыялах ваенны рэпарцёр Сіманаў. Праз тыдзень пасля жорсткага бою на Буйніцкім полі газета “Известия” надрукавала здымкі падбітых фашысцкіх танкаў і нарыс Канстанціна Сіманава “Гарачы дзень”. Куточкам зямлі, які ніколі не забыць, назваў пісьменнік Буйніцкае поле. Фотакопія газеты і мноства іншых цікавых дакументаў пра жыццё таленавітага пісьменніка сабраны ў музеі Канстанціна Сіманава, створаным у Магілёўскім дзяржаўным прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К.П. Арлоўскага, куды завіталі з намеснікамі дырэктара Наталляй Цішковай і Пятром Скрылёвым.

Пенсіянерка Ніна ЛІШОВА

Як па курортным гарадку крочылі па шырокай алеі, паабапал якой размешчаны вучэбныя і вытворчыя карпусы. Выходзіць алея да дняпроўскай кручы, з якой відаць кварталы Магілёва. Узбярэжжа зрэзана бліндажамі і акопамі. Тут у вайну змагалася рота пад камандаваннем Героя Савецкага Саюза лейтэнанта І. Мяльнова. На спецыяльных пляцоўках усталяваны макеты танкаў і іншай баявой тэхнікі, што ўдзельнічала ў ваенных баталіях. Прозвішчы васьмі маладых жыхароў сельсавета, якія загінулі на афганскай вайне, увекавечаны на абеліску.

Мірнымі клопатамі жыве каледж. Спецыялістаў больш як па дзесяці профілях рыхтуюць тут, праводзяцца рэспубліканскія і міжнародныя конкурсы прафесійнага майстэрства. Цудоўная сярэдняя школа, у якой больш за чатырыста навучэнцаў. Штораніцы аўтобус збірае па навакольных вёсках вучняў. Звыш сотні хлопчыкаў і дзяўчынак займаюцца ў раённай дзіцячай школе мастацтваў, якой прысвоена імя народнага артыста Беларусі Леаніда Іванова. Юная піяністка Варвара Нікішчанка неаднаразова перамагала ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах. Талентамі множыцца мірная слава нескароных Буйнічаў.

Магілёўскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter