Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

На шляху вяртання птушак з выраю ў Беларусь паўсталі сёлета нечаканыя перашкоды

Буслы ў небе і слёзы на вачах

На шляху вяртання птушак з выраю ў Беларусь паўсталі сёлета нечаканыя перашкоды. І ў суседняй Украіне ў сацсетках людзі нават стварылі групу “Врятуймо Лелек!”

Буслы над Ліванам.Вяртаюцца дадому з выраю
Фота: юлія арлова-хават
Вясна ў Беларусь не спяшаецца: сакавік радаваў не цяплом, а здзіўляў маразамі-завеямі. На некалькі тыдняў затрымаўся прылёт птушак з выраю. Некаторыя СМІ паведамлялі: птушкі ў бядзе. Ва Украіне нават ратавалі буслоў, якія не даляцелі да Беларусі. Так, на інфапартале CityDog.by з спасылкай на тэлеканал “Нове телебачення краю” паведамляецца: “У Прыкарпацці мясцовыя жыхары цэлымі вёскамі ратуюць буслоў, якія вярталіся з цёплых краін у Беларусь, але з-за снегу і холаду не даляцелі. У вёсцы Вялікі Ключыў Івана-Франкоўскай вобласці арганізавалі штаб у сельсавеце, куды просяць прыносіць рыбу, мяса і салому для пералётных птушак. І гэта не адзіны населены пункт, дзе вяскоўцы заўважаюць буслоў, якія прыпыніліся на шляху да гнёздаў. А ў сацсетках людзі стварылі групу “Врятуймо Лелек!”. Паводле інфармацыі супольнасці з Прыкарпацця, украінцы падкармілі каля сотні птушак, якіх шукаюць нават з дапамогай дронаў”.

Спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях суполкі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Максім Нямчынаў, да якога мы звярнуліся па каментар, сітуацыю не драматызуе. Нагадвае беларускую прымаўку: “Бусел прыляцеў — вясна будзе”. “Птушкі адчуваюць перамену клімату, падстройваюцца пад надвор’е, — кажа ён. — Вясна ж сёлета не спяшаецца, таму й прылёт птушак затрымаўся. Ва Украіне значна цяплей, чым у Беларусі. Буслы, відаць, апусціліся там адпачыць. Зрэшты, праблема нават не ў маразах ды снезе: больш страшная для буслоў адсутнасць ежы. На фота ва ўкраінскіх СМІ бачна: птушкі маладыя, нявопытныя. Больш сталыя выправяцца ў шлях пазней”. Казаў Максім і пра тое, што сумняваецца ў чыста “беларускай прапісцы” тых буслоў, што спыніліся ў Прыкарпацці: “Яны ж могуць быць і ўкраінскімі, расійскімі, польскімі… Адзін з шляхоў міграцыі ляжыць цераз Балгарыю, Румынію, Украіну ў Беларусь і далей на поўнач. Да таго ж буслы толькі восенню збіраюцца ў чароды, каб ляцець у вырай, а вяртаюцца паасобку ці парамі: кожныя ў свае гнёзды”.

Звяртае ўвагу арнітолаг і на тое, што карміць пералётных птушак можна толькі ў крайніх выпадках, калі буслам сапраўды пагражае гібель. І толькі свежымі карыснымі прадуктамі: сырой рыбай і мясам. “Мышэй, насякомых, слізнякоў яны могуць знайсці самі”, — упэўнены Максім. Калі ж “без патрэбы” прыкарміць птушак, асабліва маладых, “халасцякоў”, то яны могуць і застацца побач з чалавекам. А гэта прывядзе да парушэння ў іх жыццёвым прыродным цыкле. Скажам, зноў у вырай могуць не выправіцца.

І ўсё ж буслы вяртаюцца ў Беларусь! Яшчэ на пачатку мінулага тыдня каля 20 тысяч буслоў былі заўважаны на турэцка-сірыйскай мяжы: ім ляцець да нас ад 5 да 10 дзён. Значыць, яны ўжо дома або хутка будуць. Дарэчы, паводле інфармацыі спецыялістаў АПБ, першых буслоў, што вярнуліся з выраю, арнітолагі ўжо заўважылі ў паўднёвай і цэнтральнай частках Беларусі.

Фота, відэа чародаў прыгожых велічных птушак, якія пасля зімоўкі вяртаюцца дадому, апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку беларуска з Лівана Юлія Арлова-Хават. І тую інфармацыю выкарысталі многія СМІ. З’явілася яна й на стужцы інфармагенцтва БелТА. Прыводзяцца там словы зямлячкі: “Буслы над Ліванам на шляху ў родны край… Гэта тое, чаго я штогод чакаю і ад чаго ў мяне слёзы на вачах. Тысячы буслоў пралятаюць над Ліванам дадому. У родны край. У сінявокую Беларусь. Беларусы, чакайце іх: яны нясуць вам вясну. Пажадайце ім шчаслівага шляху, вольнага ад стрэльбаў і навальніц”.

Кацярына Мядзведская

Голас Радзімы № 13 (3565), чацвер, 5 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter