Толькі па расказах родныя афганца Алішэра з аграгарадка Парахонск ведаюць, у якой прыгожай мясціне жывуць ён і яго сям’я

Буслы адляцелi за Амудар’ю

Толькі па расказах родныя афганца Алішэра з аграгарадка Парахонск ведаюць, у якой прыгожай мясціне жывуць ён і яго сям’я


Тры дзесяцігоддзі таму ўнук афганскіх дзехкан АЛІШЭР пасля заканчэння дзяржаўнага ліцэя ў Кабуле вырашыў прадоўжыць справу продкаў — працаваць на зямлі. Паступіў на агранамічнае аддзяленне сталічнага сельгаскаледжа. На другім курсе яго накіравалі вучыцца ў Савецкі Саюз. Рускую мову на працягу года асвойваў на падрыхтоўчым аддзяленні ў башкірскім горадзе Акцябрскі. Паспяхова здаў выпускны экзамен і адправіўся вучыцца ў Пінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум.



У студэнцкія гады зарэгістраваў шлюб з палескай дзяўчынай і пасля атрымання дыплома спецыяліста па электрыфікацыі сельскай гаспадаркі застаўся ў Беларусі. Працаваў у паляводчай брыгадзе і на жывёлагадоўчай ферме пінскай гаспадаркі “Парахонскае”. Закончыў спецыяльныя курсы пры Віцебскай дзяржаўнай ветэрынарнай акадэміі. Сёмы год Алішэр Мінько ўзначальвае адзін з лепшых на Брэстчыне малочна-таварных комплексаў ААТ “Парахонскае” Пінскага раёна.

СПЯКОТНАЕ афганскае лета паступова адыходзіць, і пачынаецца збор вінаграда, духмяных дынь і сакавітых гарбузоў. Усходнія базары ў такі час насычаны багатай данінай шчодрай зямлі. Працавітая сям’я дзехканіна Ішона ў такі час ад світання да першых зор не пакідала бахчу. Збіралі кавуны і дыні і арбай падвозілі да ўскрайку плантацыі, дзе оптам прадавалі. Спрытна ўвіхаўся са старэйшымі на плантацыі ўнучак Алішэр. З малых гадоў кожнае лета ён пакідаў сталічную кватэру ў Кабуле і імчаў у аддалены кішлак да дзядулі Ішона і бабулі Калон Моды. Спраў хлопчыку хапала. Даглядалі вінаграднік, палівалі вадой з арыка перасохлыя палі, пасвілі авечак, коз. Сялянскія справы захаплялі сына кадравага афіцэра афганскай арміі Абдулы Кахапа і яго жонкі Саадат. Пасля заканчэння кабульскага дзяржаўнага ліцэя не пярэчылі яны сыну ў выбары прафесіі. 

— Бацькі нарадзіліся і выраслі ў адным кішлаку, — пачынае свой расповяд афганец Алішэр. — З дзяцінства дапамагалі дарослым па гаспадарцы, працавалі на вінаградных плантацыях і ў садзе, дзе раслі персікі, яблыкі, грушы, вішні, інжыр, хурма, гранаты. І маё дзяцінства прайшло ў афганскай правінцыі. Перад ад’ездам у кішлак загадзя складваў у рукзак невялікі серпік і вяроўку, якою звязваў зжатую траву для коз і авечак. На плячах нёс вязанку па горных сцяжынках да падворка, на якім было цесна ад жыўнасці і хатніх птушак.

На афганскай глеістай зямлі, якую пастаянна штучна паліваюць, добра родзяць бахчавыя. На горных схілах, лугавінах у пойме шумнай Амудар’і пасвілася хатняя жывёла. З мясцовымі сябрамі мы ведалі кожную сцяжынку за кішлаком. У старэйшых класах ліцэя вырашыў стаць ветурачом. З усяго выпуску толькі я зрабіў такі выбар. Здаў уступныя экзамены і па конкурсу не прайшоў на гэтую спецыяльнасць. Не хапіла балаў і на заатэхнічнае аддзяленне. Прапанавалі вучыцца на агранома. На пачатку другога курса з’явілася магчымасць прадоўжыць вучобу ў СССР. Нашай краінай правіў Бабрак Кармаль, які сябраваў з крамлёўскім урадам. Афганская моладзь вучылася ў савецкіх гарадах. 

У чарговую групу для вучобы ў СССР пашчасціла трапіць і мне. Амаль дзвесці юнакоў і дзяўчат самалётам праз Ташкент адправіліся ў Маскву. Асобныя рускія словы ведаў, бо ў ліцэі вучыў рускую мову, але гаварыць не мог. 

У Афганістане масава праводзілася электрыфікацыя, і патрэбны былі спецыялісты. Прапанавалі вучыцца па спецыяльнасці “Электрыфікацыя сельскай гаспадаркі”. Перад тым як пачаць заняткі, невялікімі групамі нас разаслалі па савецкіх гарадах асвойваць рускую мову. Разам з юнакамі і дзяўчатамі з іншых азіяцкіх краін трапіў у горад Акцябрскі, што непадалёку ад Уфы. Летам наступнага года мог ужо без перакладчыка размаўляць па-руску. Паспяхова здаў выпускны экзамен і праз Маскву адправіўся ў Мінск, дзе нас чакаў прадстаўнік Пінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума. Аўтобусам дабраліся да месца прызначэння. Вельмі хваляваўся. 

— За год жыцця ў краіне павінны былі асвоіцца. Што непакоіла?

— У Башкірыі, дзе вучылі рускую мову, адны звычаі, а якія ў Беларусі? Хаця ў вялікай краіне паўсюдна гучала адна мова. Групу ветліва прынялі, размясцілі ў інтэрнаце, накармілі. Першы год замацоўвалі граматыку. Займаліся і матэматыкай. Нас залічылі адразу на другі курс. Разам вучыліся манголы, кампучыйцы, в’етнамцы, афганцы і беларусы. Знаёміліся, прызвычайваліся. Напачатку было цяжкавата, не ўсе тэрміны разумеў. Але паступова ўсё наладзілася.

— Дзе праводзілі канікулы?

— Нам арганізоўвалі экскурсіі па цікавых беларускіх мясцінах. Аднойчы на зімовых канікулах паляцеў у Кабул. У аэрапорце мяне сустрэлі, і на таксі адправіліся да дзядулі і бабулі ў кішлак за 800 кіламетраў на поўнач ад афганскай сталіцы, амаль да таджыкскага пагранічнага пункта Кушка. У кішлак можна дабірацца і праз Тэрмез, па-нашаму ён называецца Шарыф. Рака Амудар’я раздзяляе дзедаў вінаграднік і таджыкскія землі. У родных мясцінах нас сустракалі амаль паўтары сотні сваякоў. Дзядуля некалькі баранаў зарэзаў, і гасцей частавалі традыцыйным пловам і іншымі нацыянальнымі стравамі. Сустрэча выдалася шумнай і радаснай.

— А нявесту адукаванаму жаніху сваталі?

— Бацькі яшчэ да майго прыезду дамовіліся са сваякамі дзяўчыны Юндус, што ў перакладзе азначае Зорка, якую раней не бачыў. Мая радня прытрымліваецца шарыяту, але і ўлічвае волю маладых. Сватаўства не выйшла. Пасля вучобы ў СССР настроены быў сам зрабіць выбар.

Лёс падараваў сустрэчу ў Пінску з палескай дзяўчынай. Пажаніліся. Атрымалі асобны пакой у студэнцкім інтэрнаце. Нарадзіўся сын, а потым і дачка. Я паспяхова закончыў тэхнікум па спецыяльнасці “Электрыфікацыя сельскай гаспадаркі”. У мяне не было беларускай прапіскі і таму не мог уладкавацца па спецыяльнасці. Пайшоў працаваць у саўгас “Парахонскі” паляводам.

— Што вам даводзілася рабіць?

— Салому грузіў, жывёлаводчую ферму чысціў. Арганізатар кабельнага тэлебачання ў Парахонску Юрый Дайнега даведаўся, што я спецыяліст па энергазабеспячэнні і прапанаваў працу тэлевізійнага наладчыка. Лазіў па дахах дамоў, падключаў абанентаў да кабельнага канала і не пакідаў занятак у гаспадарцы. Кіраўніцтва выдзеліла нашай маладой сям’і карову з паступовай выплатай за яе. Уладкаваўся на пастаянную працу на жывёлагадоўчую ферму, якой загадваў Мікалай Сашнянін. 

Галоўны заатэхнік гаспадаркі Мікалай Банцэвіч заўважыў мае адносіны да справы і прапанаваў узначаліць малочна-таварны комплекс. Генеральны дырэктар Уладзімір Храленка падтрымаў. Мяне камандзіравалі ў Віцебскую дзяржаўную ветакадэмію на курсы. Атрымаў пасведчанне асеменатара і сем гадоў займаў гэту пасаду. Па выніках работы ў раёне выходзіў у пераможцы. Атрымліваў дыпломы, каштоўныя падарункі. 

Сёмы год кірую малочна-таварным комплексам нумар два, які запусцілі ў снежні 2009 года. Амаль дзве з паловай тысячы галоў буйной рагатай жывёлы ўтрымліваецца тут, і палова з іх — дойныя каровы. Люблю жывёлу. Нават пасля працоўнага дня ўключаю тэлевізар і гляджу праграмы пра жывёльны свет планеты.

— Вы ўжо грамадзянін Беларусі?

— Пакуль толькі атрымаў від на жыхарства і прапіску ў Парахонску. Пасля рэгістрацыі шлюбу стаў Алішэрам Мінько. Гатовы прыняць беларускае грамадзянства. У рэспубліцы няма афганскага пасольства і нават консульства. Трэба ехаць у суседнія краіны для афармлення дакументаў. А часу на гэта няма. Штодня заняты на малочна-таварным комплексе, які, дарэчы, адзін з лепшых на Піншчыне. Аснашчаны па-сучаснаму, і вытворчыя паказчыкі высокія. У гэтыя асеннія дні сярэдні надой на карову складае 19 кілаграмаў. Амаль усё малако прадаём сортам «экстра».

— А ваша сям’я як уладкавалася ў Парахонску?

— Яшчэ абжываемся. У суседняй вёсцы Бакінічы купілі дом, і кіраўніцтва гаспадаркі дапамагло перавезці. Атрымалі зямельны ўчастак і з дапамогай людзей збудавалі сваё жыллё. У жонкі хапае клопату па хатняй гаспадарцы. Раней было дзве каровы. Малако дзяржаве прадавалі. Сена сам касіў на прыпяцкім лузе.

— Сваякі з Афганістана дапамаглі грашыма для будоўлі?

— Колькі жыву, ні ў каго ні капейкі не пазычаў. Разлічваю толькі на свае магчымасці. Калі еду дамоў, то вязу родным з Беларусі падарункі. Маме — хусцінку, бацьку — наручны гадзіннік, сёстрам Лено і Флюро вышукваю цікавыя рэчы і брату Герыту таксама. Ёсць што ім цікавага расказаць пра нашу гаспадарку, пабудаваную на былых балотах. Прыгожы аграгарадок вырас. Малочна-таварны комплекс нумар два, якім кірую, узведзены на ўзгорку, і з яго такія краявіды праглядаюцца. Амаль усе вытворчыя працэсы тут аўтаматызаваныя. Усё пагалоўе жывёлы даглядаюць каля сарака працаўнікоў. Калектыў дружны, старанны. Усе як адна сям’я. 

— Алішэр, а які самы любімы час года ў Беларусі?

— Вясною на досвітку крочу на компекс, а на полі красуе рунь. А ці можна быць раўнадушным да асенніх лістападаў, грыбных мясцін? Халодную зіму люблю больш, чым летнюю спёку. У Афганістане тэмпература ўздымаецца да сарака градусаў, але лягчэй пераносіцца, бо суха. А на Палессі летам парыць, як у катле. Высокая вільготнасць каля Прыпяці. 

— Дзедаў афганскі кішлак бачыце ў снах?

— Часта ў снах хаджу па гарах, вінаградніку, заходжу ў дзядулін дом. З бацькамі, братам і сёстрамі, сваякамі размаўляю. Сумую па іх. Родныя яшчэ не гасцявалі ў мяне. Толькі па расказах ведаюць, у якой прыгожай мясціне жыве мая сям’я. Калі набылі камп’ютар, паказваю відэаматэрыял пра аграгарадок Парахонск. Сваякі ўбачылі на нашым лузе каля камбайнаў белых буслоў і кажуць, што такія ж птушкі зімуюць за Амудар’яй. Мо і парахонскія буслы кіруюцца туды ў вырай. 

Запрашаю родных прыехаць і мару сустрэць іх. Ёсць што паказаць у аграгарадку.

— Афганскую мову не забылі?

— Так прызвычаіўся, што здачу ў магазіне падлічваю толькі па-руску. Засвойваю і палескі дыялект. Калі што хачу сказаць па-афганску, то некаторыя словы з цяжкасцю ўзгадваю. А як прыязджаю на радзіму, сваякі заўважаюць, што акцэнт з’явіўся. Па скайпу вітаюся з мамай словам “салям” і адразу пераходжу на афганскую мову. У мяне падрастае ўнук Цімоха. Мару пахадзіць з ім па афганскіх сцежках майго дзяцінства.

— Да беларускай бульбы прывыклі?

— Люблю яе ў любым прыгатаванні. Па смаку беларуская бульба такая ж, як і афганская. Толькі страў тут з яе мая жонка Галіна Васільеўна ўмее значна больш гатаваць. 

— Палескія звычаі прымаеце?

— Дзе б ні жыў, імкнуся падтрымліваць традыцыі таго краю. Так мяне выхоўвалі. Палеская культура — часцінка агульнай беларускай. Імкнуся спасцігаць мясцовыя звычаі, традыцыі і дзяцей, унука на гэта настройваю. Радня жонкі жыве па другі бок Прыпяці, у глыбіннай палескай вёсцы Вялікае Маляшава. На вачах там мяняецца ўклад жыцця. Шыкоўныя катэджы паўстаюць як грыбы ў цёплае лета. Кожны раз, наведваючыся ў гэтае вялікае сяло, здзіўляюся працавітасці маладых. Зямля ім шчодра адплачвае за старанне, і вёска развіваецца, поўніцца дзіцячымі галасамі. Як і ў нашым аграгарадку, адчуваецца клопат дзяржавы. Створаны спрыяльныя ўмовы для жыцця, працы і адпачынку вяскоўцаў.

— А як святкуеце ў сваёй інтэрнацыянальнай сям’і? 

— У асноўным адзначаем праваслаўныя святы, а мусульманскі толькі Новы год, які прыпадае на 21 сакавіка. У Пінску ёсць землякі, і збіраемся разам ў гэты дзень. Дзяцей сваіх хрысцілі ў праваслаўным храме. 

Па афганскаму календару я нарадзіўся ў сакавіку 1370 года, а па юліянскаму гэта прыпадае на красавік 1971-га. Жартам унуку Цімоху гавару, што мне не сорак пяць, а шэсцьсот гадоў. Во які афганска-беларускі дзядуля!

Уладзiмiр СУБАТ

Пінскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter