Фядоры - аграгарадок на былым балоце

Бусліны пошчак над Фядорамі

ВЯДОМА, што на Палескай нізіне ўпершыню чалавек пасяліўся яшчэ ў каменным веку. Першабытныя яго стаянкі і гарадзішча знойдзены ў пойме прыпяцкага прытока Стыр. У гэтых мясцінах пяць стагоддзяў таму заснавана паселішча Фядоры, якое назву атрымала ад імя першага гаспадара. У прывілеях каралевы Боны яно ўзгадваецца ў 1524 годзе як уласнасць шляхціца Багдана Веляціцкага. У 1559 годзе стараста Г. Валовіч узгадвае Фядоры ў кнізе “Рэвізія пушчаў і пераходаў звярыных у Вялікім Княстве Літоўскім з далучэннем грамат і прывілей на ўваходы ў пушчы і на землі” як вёску Пінскага павета.


Спрыяльнае для пражывання наваколле Фядор падзялялася на бортныя дрэвы, сенажаці, бабровыя гоні, ставы, птушыныя гнёзды, язы. На лапіках сярод твані палешукі сеялі жыта, проса, ячмень, лён, каноплі, рэпу, вырошчвалі гародніну, займаліся жывё- лагадоўляй. Славілася вёска выбітнымі рамеснікамі, якія выраблялі бочкі, абады для колаў і саней, земляробчыя прылады і колы для вадзяных млыноў.

Згодна з адміністрацыйнай рэформай другой паловы ХVI стагоддзя Фядоры ўвайшлі ў склад Брэсцкага ваяводства. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай апынуліся ў Мінскай губерніі Расійскай імперыі. Адкрылася пачатковая школа для сялянскіх дзяцей.

Разбуральны след пакінулі ваенныя падзеі мінулага стагоддзя: асірацелыя сем’і, спаленыя сядзібы.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам Фядоры адышлі да Палескага ваяводства буржуазнай Польшчы. Пасля ўваходу ў састаў БССР у сакавіку 1940 года сталі цэнтрам сельсавета Столінскага раёна Пінскай, а з 1954 года — Брэсцкай вобласці.

У гады нямецка-фашысцкай акупацыі дзейнічала партызанскае падполле. Усталяваны помнік на магіле 298 савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях з ворагам.

Арганізаваны ў першыя пасляваенныя гады калгас рэфарміраваны ў СВК. Цэнтральная сядзіба адной з найбольш буйных і паспяховых гаспадарак Палесся Фядоры атрымала статус аграгарадка.

Старшыня СВК “Фядорскі” Рыгор ДЗЯМКО

КОЖНУЮ вясну буслы не парушаюць сваю традыцыю пошчакам вітаць Благавешчанне. Над ажываючымі нівамі звіняць-заліваюцца спевамі жаў- рукі. З такога чароўнага гімна прыродзе і пачалася мая вандроўка ў Фядоры, да якіх дабіраўся ажыўленай аўтатрасай з Пінска на Столін. За апошнія гады аграгарадок прырос новымі вуліцамі, забудаванымі сучаснымі катэджамі, перад якімі велічна ззяе пазалочанымі купаламі мураваны храм вобраза Божай Маці “Неапалімая Купіна”. Будавалі яго талакою.

Да прыпяцкога прытока Стыра нясе крынічныя воды рачулка Стубла. Чародкі хатніх гусей і качак пасля працяглай зімы плёскаюцца ў завадзі. Ад бальшака вуліца вядзе ў цэнтр аграгарадка, дзе паабапал засаджанай дрэвамі алеі размешчаны Дом культуры, мастацкая майстэрня, кафэ, магазіны. Пад адным дахам у двухпавярховым муры праўленне СВК “Фядорскі”, сельвыканкам, пошта, філіял аддзялення Беларусбанка.

Галоўны інжынер СВК “Фядорскі” Мікалай АГАФОНАЎ

У вокны кабінета старшыні гаспадаркі Рыгора Дзямко, з якім сустрэліся, зазіраюць касматыя галінкі елак. Трыццаць пяць гадоў таму садзіў іх малады кіраўнік саўгаса “Беражцы”, пабудаванага на меліярацыйных землях Прыпяцкага Палесся. Нашчадак аўстра-венгерскіх перасяленцаў, унук польскай шляхцянкі, сын палескіх хлебаробаў з дыпломам вучонага агранома, які атрымаў у Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі, вярнуўся на Палессе. Працоўную дзейнасць пачынаў галоўным спецыялістам у столінскім калгасе “40 год Кастрычніка”, якім кіраваў Герой Сацыялістычнай Працы Іван Янкоўскі. Кемлівы вучань хутка сам узначаліў суседнюю гаспадарку, а потым і новы саўгас “Беражцы”, цэнтрам якога стала вёска Фядоры. На вачах мянялася аблічча яе. Паўстаў новы жылы пасёлак з комплексам сацыяльна-бытавых пабудоў. У розныя бакі ад яго промнямі разыходзяцца вуліцы, па якіх мы адправіліся вандраваць.

Кіраўнік справамі Людміла ШУЛЬГА і старшыня сельвыканкама Марыя МЕЛЬНІКОВІЧ

Пабеленыя дрэвы ў садах і прысадах узмацняюць вясновы настрой. Каля катэджаў — хлявы і хлеўчыкі. Рыгор Аляксеевіч тлумачыць, што будаваліся яны з разлікам утрымання хатняй жывёлы. Зараз, лічаць маладыя гаспадары, адпала такая неабходнасць. Нават куры, гусі, качкі не на кожным падворку. У магазінах асартымент, як у гарадскіх маркетах. Заробкі дазваляюць забяспечвацца гатовымі прадуктамі. За мінулы год сярэднямесячная зарплата па гаспадарцы склала амаль 800 рублёў, у перадавых жывёлаводаў, механізатараў — больш за тысячу.

Спецыялізуецца кааператыў на вытворчасці мяса і малака. Звыш 20 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы на шасці малочна-таварных фермах і двух комплексах па вырошчванні і адкорме маладняку. Асноўная частка жыхароў аграгарадка там і занята.

Маладыя спецыялісты Рыгор і Вікторыя КУРГАН

ПА цэнтральнай вуліцы, што за ваколіцай пераходзіць у дарогу, пад’ехалі да жывёлагадоўчых памяшканняў. Усюды чысціня і парадак. Праз вузкі калідорчык прайшлі ў даільную залу, аснашчаную сучасным абсталяваннем. Ля апаратаў увіхаліся Алена Лузько і Таццяна Саўчук. Яны дояць звыш 600 кароў. Працуюць праз дзень. Іх змяняюць Людміла Моніч і Вольга Савецкая. Летась ад кожнай каровы надаілі амаль па 7 тысяч кілаграмаў малака. Старшыня падкрэсліў, што кожную раніцу адпраўляецца на перапрацоўку 50 тон малака.

Завіталі ў кабінет загадчыцы комплексу Вікторыі Курган, якая па маніторы сачыла за дойкай. Малая радзіма Вікторыі Сяргееўны — слуцкае мястэчка Грэск. У час вучобы на заатэхнічным факультэце Віцебскай ветэрынарнай акадэміі выйшла замуж за аднакурсніка Рыгора Кургана і пасля атрымання дыпломаў прыехалі працаваць на яго радзіму. Вікторыя Васільеўна ўзначаліла малочна-таварны комплекс “Фядоры-1”, а Рыгор Рыгоравіч — суседні “Фядоры-2”. Атрымалі катэдж, які плануюць прыватызаваць. Двое іх дзетак ходзяць у садзік. Старшыня гаспадаркі адзначыў, што паступова колькасць выхаванцаў у садзіку і школе прырастае.

Загадчык урачэбнай амбулаторыі Фёдар ГРЫШКО

Трыццаць пяць гадоў кіраваў сярэдняй школай сын міёрскіх педагогаў Віктар Капітанаў, які год таму пайшоў на заслужаны адпачынак. Жонка яго Ірына Іванаўна выкладала рускую мову і літаратуру. Настаўнічае ў Давыд-Гарадку і сын Аляксандр. На вачах Капітанавых мянялася аблічча глыбіннай палескай вёскі, куды яны прыехалі пасля заканчэння Брэсцкага педінстытута. Школу вызначылі ў вобласці базавай па інавацыях з адпрацоўкай пераходу на дзесяцібальную сістэму адзнак. Фядорскія настаўнікі вывучалі вопыт калег Польшчы, Германіі, Даніі. Адаптоўвалі яго ў сваім калектыве і абагульнялі. Ганаровым званнем “Выдатнік адукацыі” і граматай Нацыянальнага сходу адзначаны Віктар Капітанаў.

Узгадаў Віктар Аляксандравіч пра падрыхтоўку ў школе трактарыстаў-машыністаў. Сучасная энерганасычаная тэхніка, абсталяваная камп’ютарамі, патрабуе адпаведнай базы для падрыхтоўкі працуючых на ёй. Моладзь атрымлівае прафесію механізатара ў Столінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Пасля заканчэння вучобы вярнуўся дамоў Максім Пацоўскі і працуе на магутным трактары FENDT. Выпускніца школы Галіна Дзямко пайшла ў навуку: абараніла ў сталіцы дысертацыю кандыдата біялагічных навук.

Жывёлаводы Алена ЛУЗЬКО і Таццяна САЎЧУК

ЭКАНАМІЧНУЮ службу гаспадаркі пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі ўзначаліла Алена Гаўрыльчык. У яе сямейным альбоме фотаздымкі выступлення школьнага аркестра народных інструментаў на тэлеконкурсе “Чырвоныя гваз- дзікі”, дзе сярод юных музыкантаў і яна з домрай. Самадзейны дзіцячы калектыў з Фядор атрымаў тады званне лаўрэата рэспубліканскага агляду мастацкай самадзейнасці. Дачка хлебаробаў магла звязаць лёс з музыкай, але яе вабілі дакладныя навукі. Тры дзесяцігоддзі Алена Максі маўна ўзначальвае эканамічную службу гаспадаркі. Памятае ўспаміны дзеда Саўкі пра нялёгкае жыццё палешукоў. Камарэчу і непраходныя балоты і яна захапіла. Слухаючы Алену Максімаўну, старшыня Рыгор Дзямко жартаўліва дадаў: каб не меліярацыя, то палешука занеслі б у Чырвоную кнігу.

Уражваюць лічбы, названыя Аленай Гаўрыльчык: плошча гаспадаркі 12 тысяч гектараў, з якіх амаль 9 тысяч — меліярацыйныя ўгоддзі, гэта амаль чвэрць ворыўных плошчаў раёна. Каля 400 чалавек працуе на палях і фермах, дзе летась атрымана 5 тысяч тон ялавічыны і звыш 17 тысяч тон малака. Заслугі старшыні Рыгора Дзямко адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём “За працоўную доблесць” і ордэнам Айчыны III ступені, званнямі “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі” і “Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна”. Рыгор Аляксеевіч выбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Эканаміст Аксана КОХ, педагог Віктар КАПІТАНАЎ і галоўны эканаміст гаспадаркі Алена ГАЎРЫЛЬЧЫК

Запомніліся пасляваенныя выбары ў Фядорах 93-гадоваму маёру міліцыі Васілю Ключэнку, з якім сустрэліся. Нарадзіўся ён на Віцебшчыне. У вайну партызаніў у брыгадзе імя Кутузава. За баявыя заслугі адзначаны ордэнам Славы III ступені. Адразу пасля вызвалення Беларусі паступіў у Мінскую савецка-партыйную школу, адкуль яго накіравалі ўчастковым на Століншчыну. Як і на фронце, даводзілася рызыкаваць жыццём. Бандэраўскія банды палохалі людзей, забівалі партыйна-савецкіх актывістаў. Закахаўся ў паляшучку Зінаіду, якая працавала паштальёнам. 67 гадоў пражылі разам. Васіль Захаравіч ведае кожнага ў сельсавеце. Першыя гады пешшу хадзіў па аддаленых хутарах. Потым на матацыкле адмерваў кіламетры па грэблях і палявых дарогах. З лагоднай усмешкай узгадвае пра майстэрства жыхароў ціхай вёсачкі Аўсямірава гнаць моцны самагон і ўменне гаспадынь суседняй вёскі Гарадная гатаваць грыбную поліўку.

Маёр міліцыі ў запасе Васіль КЛЮЧЭНКА

Аўдавелы ветэран застаўся адзін у доме. Часта наведваецца з райцэнтра дачка Таццяна. Бываюць унукі. Сельвыканкам замацаваў за ім сацыяльнага работніка. Кожны з паўсотні адзінокіх састарэлых жыхароў агорнуты клопатам і ўвагай.

СТАРШЫНЮ сельвыканкама Марыю Мельніковіч радуе, што дзякуючы пашырэнню вытворчасці ў СВК моладдзю прырастае аграгарадок. Паспяхова развіваецца прадпрымальніцтва ў Івана Казакевіча і Мікалая Філановіча. Больш за тры дзясяткі катэджаў прынялі навасёлаў на вуліцы Гранічнай. Пракладваецца газаправод, і ўжо газіфікаваны амаль паўсотні жылых дамоў. Пасля працы людзям ёсць дзе адпачыць. Гурткі па інтарэсах дзейнічаюць у дамах культуры і народнай творчасці, ёсць спартыўная зала. Аснову ўсяму дае руплівая праца на зямлі.

Народны ўмелец Валерый ФІЛАНОВІЧ

Столінскі раён

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter