Бунт на караблі ўзняў матрос Кароль з Вілейшчыны?

СВОЙ радавод маладзечанец Пётр ЦЭГАЛКА ведае з 1837 года. Яго прапрадзеды з сялян, а прозвішча ўтварылася ад слова «цягаць». Даўней рэчкі Поня і Валачанка былі судаходнымі. На мелкіх участках баржы ды сухагрузы даводзілася цягнуць на сабе людзям, якіх і звалі «цягалкі». Адзін з іх і быў продкам Пятра.

Пётр Цэгалка ў сваім краязнаўчым парыве адшуквае згубленыя часам сляды землякоў і продкаў...

СВОЙ радавод маладзечанец Пётр ЦЭГАЛКА ведае з 1837 года. Яго прапрадзеды з сялян, а прозвішча ўтварылася ад слова «цягаць». Даўней рэчкі Поня і Валачанка былі судаходнымі. На мелкіх участках баржы ды сухагрузы даводзілася цягнуць на сабе людзям, якіх і звалі «цягалкі». Адзін з іх і быў продкам Пятра.

ЯШЧЭ хлапчуком у Мільчанскай царкве Вілейскага раёна, якая была заснавана   ў   ХVІІ   стагоддзі і якую разрабавалі ў 1963 годзе,   выкінуўшы   на вуліцу малітоўнікі, абразы, знішчыўшы культавую маёмасць, ён знайшоў нейкія кнігі. Старажытныя фаліянты аказаліся Ведамасцямі Мінскай губернскай епархіі Барысаўскага павета 3-й Благачыннай акругі Мільчанскай Ражства Багародзічнай царквы (1837—1838 і 1884—1885 гадоў) з метрыкамі нованароджаных вёскі Мільча ды іншых населеных пунктаў. Даўней, апроч духоўнага выхавання, святары вялі запісы грамадзянскага стану прыхаджан, выконваючы функцыі сучаснага ЗАГСа. І не толькі. Былі там звесткі пра куплю-продаж зямлі, пра розныя падзеі.

Маці сварылася, што прыцягнуў дадому царкоўныя каштоўнасці, маўляў, грэшны гэта ўчынак, нават з хаты выганяла, прымушала аднесці назад. Аднак цікаўнасць да гісторыі, якую выхавала ў сваім вучні настаўніца мясцовай школы Марыя Адамаўна Ягела, узяла верх над страхам боскай кары. Тады ж, школьнікам, запісваў Пятро расказы мясцовых жыхароў пра «справы даўно мінулых дзён», шмат ведаў перадала і настаўніца гісторыі.

«Бабулін родны брат Юльян служыў начальнікам паштовай станцыі ў Мільчы, меў стацкі чын 13-га класа расійскай Табелі аб рангах. Згодна статута да яго павінны былі звяртацца «Ваша Благароддзе». На пошце былі кур’ерскія коні. Дарэчы, у спадчыну ад яго сям’і засталіся старыя карты, па якіх вазілі пошту на Барысаў, — расказвае Пётр Міхайлавіч. — З яго «лёгкай рукі» ўсю радню дагэтуль завуць Паштары».

А вось дзядзька другога дзеда па прозвішчы Кароль загінуў на Руска-японскай вайне. Старажылы помнілі Тамаша Караля прыгожым высокім хлопцам з блакітнымі вачамі і русымі валасамі. Аднак спачатку прывядзем урывак з рамана Новікава-Прыбоя «Цусіма»: «Суд состоялся под председательством капитана 1-го ранга Юнга. В качестве обвиняемых были матросы из команды крейсера «Адмирал Нахимов»… матрос первой статьи Чернигин, матрос второй статьи Король, машинист первой статьи Ершов».

Калі Пятру Міхайлавічу патрапіла гэта кніга, і ён прачытаў гэтыя радкі, нібы токам ударыла: «Няўжо ён?» Закралася надзея, што дазнаецца пра лёс свайго прадзеда. Далей у вядомай эпапеі аўтар, які падчас працы над кнігай збіраў успаміны ўдзельнікаў Цусімскага бою і вайны наогул, знаёміўся з архіўнымі дакументамі, піша: «Перед началом сражения на убой были поставлены два матроса — Король и Сусленко. До самой встречи с японцами они находились в карцере. Сусленко был арестован за ограбление церковной кружки, а Король за бунт на крейсере «Нахимов». Старший офицер, поставив их здесь, приказал: «В случае пожара будете заливать из шлангов. Никуда отсюда не уходить. Виновников пристрелю на месте». Оба они были разорваны на куски».

Няўжо прадзед узняў бунт? І чаму? І ці сапраўды гэта быў менавіта ён? Пётр Міхайлавіч яшчэ раз перачытаў кожную старонку, аднак імені матроса, стаяўшага пад агнём японскіх гарматаў, так і не знайшоў. Паказаў урыўкі вілейскаму краязнаўцу Анатолю Рогачу. І той зацікавіўся, нават звяртаўся ў Дзяржаўны архіў Ваенна-Марскога Флоту да адной знаёмай супрацоўніцы. Аднак яна неўзабаве памерла. Потым не стала і Рогача.

Між іншым на Руска-японскай вайне за цара і Айчыну аддалі жыцці шмат беларусаў. З архіўных звестак я даведалася, што 2-я Ціхаакіянская эскадра, што выправілася на дапамогу першай, разбітай пад Порт-Артурам, фарміравалася ў спешным парадку, як пісаў Ленін «с бору да с сосенки». Камплектаванне асабовага складу чатырох новых браняносцаў, крэйсераў і эскадраных мінаносцаў адбывалася з ліку прызваных на службу з пачаткам вайны запасных і навабранцаў прызыву 1904 года.

На які з караблёў, а іх у эскадры налічвалася каля сарака разам з транспартам і шпітальнымі суднамі, трапіў наш зямляк з Вілейшчыны? Зрэшты, у Інтэрнэце мне ўдалося знайсці спісы загінуўшых на «Адмирале Нахимове». І сапраўды сярод іх значыцца Кароль. Праўда, не Тамаш, а Данііл Савін Кароль з Чарнігаўскай губерніі. Ёсць таксама Іаган Андрэеў Давыдзенка Магілёўскай губерніі Гомельскага павета. Маюцца звесткі і пра бунт на крэйсеры, які ўзнік з-за дрэннага харчавання. Ды зачыншчыкам беспарадкаў стаў не беларус. А на «Адмирале Нахимове», падбітым міннымі атакамі японцаў, загінула трое нашых суайчыннікаў. На браняносцы «Бородино», які быў спушчаны на ваду перад самай вайной, — наогул 10 працэнтаў асабовага саставу карабля, 89 беларусаў… У Расіі шануюць памяць герояў тых далёкіх дзён, у нас, на жаль, не.

АЛЬТАНКА на двары Пятра Цэгалкі, які жыве ва ўласным доме на Лясных (гарадскі мікрараён за чыгункай), выдае прафесію гаспадара і нават яго характар — чалавека з вялікай фантазіяй, няўрымслівага і працавітага, нават апантанага. Ну хто б мог дадумацца змайстраваць маленькі дамок з…кузава спісанага аўтобуса? А на ўваходныя дзверы ўстанавіць стары замок, на які зачынялася калісьці царква з яго роднай вёскі Мільча? Міхайлавіч кажа, што ён нібы ахоўвае дом. Некалькі год таму змайстраваў невялічкі вятрак, які махае крыламі ў палісадніку, і драўляную гармату, станок, на якім пляце сетку-рабіцу, электраплуг. 40 год Пётр Цэгалка  адпрацаваў вадзіцелем у аўтапарку. І ўсё жыццё захапляўся гісторыяй малой радзімы, краязнаўствам, сябраваў з заснавальнікам абласнога краязнаўчана музея Генадзем Каханоўскім, якому падарыў ружжо, знойдзенае ім у 1957 годзе на месцы, дзе быў разбіты корпус арміі Напалеона, паміж Докшыцамі і Даўгінавым. А той яму — сваю кнігу з уласным аўтографам, што і цяпер служыць напамінкам: гісторыю вялікай Радзімы пісалі людзі, асобы, якія жылі некалі сярод тваіх землякоў.

На здымках: Пётр ЦЭГАЛКА з унучкай; каменныя кругі жорнаў, падораныя археолагамі, упрыгожваюць двор краязнаўца; кніга Г. А. КАХАНОЎСКАГА з дароўным надпісам аўтара.

АЛЕНА КЛІМОВІЧ, «БН».

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter