У вiцебскi карпункт “Р” з Шумiлiнскага раёна паступiла вестка аб незвычайным канструктары натуральнага другога хлеба. Захацелася, як кажуць, ухапiцца за тонкую нiтку, каб выцягнуць усё звяно.
А сэнс у тым, каб пацвердзiць у чарговы раз, што ў нашай краiне ёсць руплiўцы, якiя ўмеюць i жадаюць расцiць другi хлеб. Нават у суровых i не надта ашчадных для стабiльнага бульбаводства ўмовах паўночна-ўсходняй часткi краiны. Калi пачаў “раскручваць” шумiлiнскi адрас на ўзроўнi аблаграпрома, то i тут з павагай выказваюцца пра неардынарнага кiраўнiка сялянска-фермерскай гаспадаркi “Крынiца” Юрыя Сямёнава.
Ды i як, уласна кажучы, не зняць шапку перад такiм улюбёным у бульбяную справу энтузiястам? Урэшце, не за прыгожыя вочы кiраўнiка СФГ “Крынiца” сёлета ўключылi ў лiку паўсотнi лепшых бульбаводчых гаспадарак краiны ў так званы пiлотны праект. Прасцей кажучы, мы маем тут своеасаблiвы фiлiял айчыннай ВДНГ па бульбаводстве.
Азначаны статус абавязвае да павышанай адказнасцi. Калi ў мiнулыя гады на фермерскiм полi гадавалася да паўсотнi гектараў другога хлеба, то з уключэннем СФГ “Крынiца” ў пiлотны праект плошчы павялiчылiся ўтрая. Далёка не кожны калгас цi саўгас у мiнулым стагоддзi размяшчаў гэтую працаёмкую культуру на такiм вялiкiм полi. А цяперашнiя сельгаскааператывы, не ў крыўду кажучы, увогуле не надта ахвочыя да пашырэння бульбянога палетка.
У практычнай лабараторыi фермера Юрыя Сямёнава i правяраюцца магчымасцi таго цi iншага сорту. Перш за ўсё такiх традыцыйных, як “жывiца”, ”скарб”, ”журавiнка” цi “ветразь”. А вось з уключэннем СФГ “Крынiца” ў рэспублiканскi пiлотны праект цяпер тут праходзяць выпрабаванне такiя новыя гатункi бульбы, як “архiдэя”, ”расiнка”, “атлант”, ”аксамiт”...
Якiя з iх самыя “крутыя”, пакажа час. Можна сказаць, невялiкi адрэзак часу. Бо бульбу, як i куранят, увосень лiчаць. Ды i мы з хваляваннем будзем сачыць за стварэннем жывога помнiка другому хлебу. З хваляваннем — таму, што ў суровых паўночна-ўсходнiх умовах многае залежыць не толькi ад таленту майстроў, але i ад надвор’я. А першая дэкада чэрвеня аказалася накшталт мачахi для бульбы – i холадна, i занадта дажджыла.
Будзем спадзявацца, што спрыяльнае надвор’е яшчэ наперадзе. I для шумiлiнскай пiлотнай гаспадаркi гатуецца паласа высокага ўзлёту. Сапраўдныя гаспадары трошкi забабонныя. У тым сэнсе, што не любяць крычаць на ўсю iванаўскую i закiдваць абяцанкамi-цацанкамi. Можа, гектарны клубень заважыць i на 300 цэнтнераў з гакам. А можа, i цяжэй. I як з такой нагоды не ўспомнiць цудоўныя радкi паэта:
Всех строек великих герои,
Запомните,словно урок:
Великая стройка — построить
Картошину и колосок!