«Грошы што вада», — так да заробленага ставяцца многія. Я таксама не з ліку тых, хто прывык трэсціся над кожным рублём, а тут дзеля эксперыменту вырашыла папрактыкавацца ў правільным планаванні сямейнага бюджэту.

Малюнак МIКАЛАЯ ГIРГЕЛЯ
Першае, што я зрабіла, гэта ўвяла ў сям’і рэжым эканоміі. Цяпер у магазін мы ходзім са спісамі і прыносім только тыя прадукты, што ў іх пазначаны. Яшчэ я перастала гатаваць шмат ежы. Патэльня катлет, вялікая міска салаты — гэта ў мінулым. Прыгатавала, колькі трэба, усіх накарміла і гудбай, каб нічога не сапсавалася і не пайшло ў сметніцу. З’явілася больш часу, значыць, можна збегаць у той магазін, дзе штосьці танней каштуе. І яшчэ мне адкрылі маленькі сакрэт: у краму трэба наведвацца раніцай, пакуль працуючыя не змялі ўсё з паліц. Зноў жа, так раяць спецыялісты: у дзень зарплаты (пенсіі) трэба адразу ісці дадому, не заходзячы нават у прадуктовы магазін. Справа ў тым, што ў гэты дзень чалавек не лічыць грошай і часта купляе тое, без чаго можна абысціся.
Я таксама прыгадала рэцэпт эканоміі суседкі па былой кватэры. Пенсіянерка Ларыса Захараўна ўмела і шыкоўныя сталы накрываць, і дом трымаць у парадку, а яшчэ адкласці на адпачынак — кожнае лета з мужам на месяц выязджала з палаткай на азёры. Суседка, так яе колісь навучыла маці, дакладна планавала сямейны бюджэт. У яе быў такі тоўсты агульны сшытак, у якім занатоўваліся ўсе выдаткі. Абавязковыя плацяжы (камунальныя паслугі і г.д.), бягучыя выдаткі (ежа, лекі, транспарт) і свабодныя грошы (адпачынак, госці, падарункі). «Калі ўсё фіксаваць, то ў любым артыкуле можна знайсці рэзервы для эканоміі», — вучыла мяне (толькі беспаспяхова) колісь Ларыса Захараўна. Я ж пратэставала: «Гэта занадта складана і патрабуе шмат часу!» Шчыра кажучы, і зараз я не здатная на тое, каб фіксаваць кожны фінансавы крок. Аднак пэўныя элементы з гэтай сістэмы чаму б не выпрабаваць на практыцы? Вырашыла пачаць з простага. Вызначыла месячную суму на штодзённыя патрэбы — абеды, транспарт і іншае. Падзяліла яе на колькасць дзён і пастаралася курыраваць сваіх, каб не выходзілі «за рамкі дазволенага». І праз два тыдні ўбачыла, што тыя грошы, якія былі пакінуты ў якасці падушкі бяспекі, засталіся некранутымі. Пры гэтым, дарэчы, ніхто не паскардзіўся на зніжэнне якасці жыцця.
І, што дзіўна, маладое пакаленне не палічыла мае фінансавыя эксперыменты старарэжымнымі. Больш за тое, сын сяброўкі знайшоў у інтэрнэце патрэбную падказку. Дзякуючы простаму інтэрфэйсу вядзенне хатняй бухгалтэрыі не займае шмат часу, а зручныя справаздачы дапамагаюць сачыць за даходамі і выдаткамі. Я, праўда, пакуль не гатовая стаць віртуальным хатнім бухгалтарам, але ж веды за плячыма не носіш і лішнімі яны не бываюць…
Вера ШЧЭЦІНА, Мінск