Будзiць працай душу

Павучыцца прыгажосці на МТФ «Бабцы» Докшыцкага раёна возяць не толькі кіраўнікоў гаспадарак, але і дырэктараў школ
Гарадскі пасёлак Бягомль з усіх бакоў акружаны лесам. Яго ўгоддзі радуюць багаццем грыбоў і ягад. Чым і карыстаецца мясцовы люд. А для некаторых тутэйшых лес нават стаў промыслам, з якога яны мелі добры рубель, цішком пасмейваючыся над тымі, хто з раніцы да позняга вечара працаваў у полі ці на ферме. Аднак у апошні год заўзятым грыбнікам і ягаднікам прапанавалі... ўладкавацца на работу.


Казімір ШПЕТ і галоўны заатэхнік гаспадаркі
Алена БОБРЫК на двары фермы «Бабцы»

Па просьбе старшыні Бягомльскага сельвыканкама  Мікалая Трахініна некалькіх узяў кіраўнік мясцовай сельскагаспадарчай вытворчай фірмы Анатоль Бальшуноў. Сёння на яе фермах механізатарамі, аператарамі і вартаўнікамі іх працуе пяцёра. Летам, калі жывёла знаходзіцца на выпасах, колькасць такіх людзей павялічваецца. За кожным замацаваны спецыяліст, у аддзеле кадраў вядзецца табель уліку рабочага часу. 

— Але ж ферма — гэта не лес: калі не зрэзаў дрэва сёння, то зрэжаш заўтра. А тут — жывёла, — даводзіць загадчык фермы «Бабцы» Казімір Шпет. — Яе патрэбна і накарміць некалькі разоў у дзень, і падаіць. Работу гэту неабходна палюбіць. Будзіць да яе ў чалавека душу! Каб людзі ішлі на работу не адбываць пакаранне, а як на свята!

А дамагаецца Казімір пастаўленай мэты... прыгажосцю. Заасфальтаваны дворык перад фермай ён ператварыў у музей пад адкрытым небам сялянскай тэхнікі 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Тут і конная касілка выпуску 1958 года, і конныя граблі, і бульбакапалка, і сячкарня, а таксама дэкаратыўны млын-вятрак, студня з «жураўлём», фантан, два куткі адпачынку: стол з крэсламі пад парасонам і альтанка. Прычым сельскагаспадарчыя агрэгаты, якім больш за паўстагоддзя, спраўныя. У касілку Казімір Францавіч запрагае каня і падкошвае выпасы, а грабілкай збірае цялятам сена.

Ферма знаходзіцца ўсяго за якіх пару соцень метраў ад шашы Мінск—Віцебск, і нярэдка сюды заглядваюць цікаўныя. Пасля слоў захаплення, адно і тое ж недаверлівае пытанне: «Няўжо гэта калгасная ферма?»

А летась, якраз перад пачаткам навучальнага года, старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук прывёз на ферму «Бабцы» дырэктараў школ: глядзіце, любуйцеся, вучыцеся, як на звычайнай ферме можна стварыць такую прыгажосць.

Вядома ж, работнікаў, якія дапамагалі ствараць гэту прыгажосць, увасабляць задумкі свайго начальніка, падобныя выказванні не маглі не крануць. Міжволі з’яўляецца гонар за сябе, за свой калектыў і жаданне... працаваць лепш, не парушаць дысцыпліну.

Яшчэ адна адметнаць асобы Казіміра Шпета — ён цудоўны псіхолаг. У Бягомлі, як вядома, знаходзіцца дапаможная школа-інтэрнат. Большасць дзяцей у ёй — сіроты ці пазбаўленыя бацькоўскай апекі. Пасля заканчэння школы выпускнікам дзесьці патрэбна ўладкавацца на работу. І вось тут зноўку ідзе на выручку Казімір Францавіч. Было такое, што ў яго на ферме даглядалі цялят ажно дванаццаць інтэрнатаўцаў. Улічваючы асаблівасці, на групу жывёлы, дзе павінен быць адзін даглядчык, ён ставіў некалькіх: Анатоля Каржэвіча, Мікалая Пятрова, Кацярыну Франкевіч, Дзяніса Гаўрылава.

— Яны не ведаюць добра жыцця, нервуюцца. Да іх патрэбен асаблівы падыход, — сцвярджае Казімір. — Не крычаць, а размаўляць, як са сваімі дзецьмі, цярпліва тлумачыць, калі што не так. 

СЁННЯ на ферме працуюць выпускнікі інтэрната Аляксандр Каралькоў і Кацярына Сланеўская. Каця па выніках мінулага года заняла трэцяе месца ў раёне па сярэднясутачных прывагах цялят на дарошчванні. Дарэчы, у перадавіках па гэтым паказчыку — і сама ферма.

У рабоце з калектывам Казіміру Шпету дапамагае і тое, што ён з’яўляецца старэйшынай вёскі, добра ведае людзей, а людзі — яго, дапамагае многім сельчанам сваім Т-25 і соткі пасадзіць, і ўраджай убраць, а зімой — вуліцу ад снегу пачысціць.

Вяртаючыся да размовы аб «абавязаных» работніках, ён адназначна выказваецца ў падтрымку хутчэйшага вырашэння гэтай вострай праблемы. 

— Людзям, якія пазбягаюць работы альбо падаткаў, трэба добра задумацца пра сваю пенсію. 

Дарэчы, у Казіміра Францавіча сямёра дзяцей. Чацвёра з іх выбралі сельскую спецыяльнасць: Андрэй — аграном, Мікалай — інжынер, Юлія — заатэхнік, Вольга — аператар машыннага даення. Апошняя разам з мужам Віктарам і маці Аленай Канстанцінаўнай абслугоўваюць увесь дойны статак фермы. 

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter