Гульня ў танкі: на «Лініі Сталіна» аднаўляюць унікальную самаходку часоў вайны

Будзеш як новенькi

Адгрымеў парад, і ваенная тэхніка вярталася на базы і палігоны. А вось баявыя машыны гісторыка-культурнага комплексу «Лінія Сталіна», як былі на тэрыторыі комплексу, дык там i засталіся. У цэхах і ангарах гэтую тэхніку адрамантавалі, а дакладней, сабралі па крупіцах, і далі новае жыццё. Выганяць яе для ўдзела ў парадах шкада. Як рэканструююць ваенныя машыны часоў Вялікай Айчыннай вайны і з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца рэдкія ў наш час майстры, даведалася карэспандэнт «Р». 

СУ-76М выпускалася з 1943 года для падтрымкі пяхоты

Калі вы не былі ў ГКК «Лінія Сталіна» ў Мінскім раёне, то многае прапусцілі. Шпацыруючы па гэтым, здавалася б, спакойным месцы з прыгожымі краявідамі, перыядычна чутны выстралы — гэта наведвальнікі комплексу страляюць з рознай ваеннай зброі па мішэнях, а сярод турыстаў, якія прыехалі сюды, рэгулярна мільгаюць «салдаты Чырвонай Арміі» і «немцы» — прадстаўнікі комплексу.

Але, вядома ж, галоўнае, што прыцягвае сюды ўсіх, гэта тэхніка. Яна тут паўсюль. Вунь з аднаго боку кітайская дэлегацыя разглядае знакаміты танк КВ-1, а там, глядзіце, мама фатаграфуе сыночка, які ўлез у БМД, — баявую машыну дэсанта. Гэтая і іншая ваенная тэхніка трапляе сюды альбо ад Мінабароны, альбо яе ў прамым сэнсе здабываюць з-пад зямлі і вады майстры-рэстаўратары. Пасля сваімі рукамі многія машыны яны адраджаюць практычна з попелу.

Аднаўляюць самаходку па сапраўдных заводскіх чарцяжах і схемах

— У пошуках рарытэтаў, якія засталіся на нашай зямлі, мы аб'язджаем усю краіну. Мясцовыя жыхары розных вёсак распавядаюць легенды, успамінаюць падзеі ваенных гадоў, і мы едзем правяраць, ці не засталося ў тых лясах, балотах, рэках нешта каштоўнае для нас, — у ангар, дзе і рэканструюецца тэхніка, заходзiць Міхаіл Мятла, дырэктар па развіцці ГКК «Лінія Сталіна». 

Зараз майстры Аляксандр Мікалуцкі, Уладзімір Якушаў і яго сыны Аляксей і Максім, працуюць над СУ-76М — гэта самая выкарыстоўваемая ў Вялікую Айчынную тэхніка — пасля танка Т-34, канешне. Міхаіл Мятла адкрывае дзверы ангара, і перад намі паўстае тая сама самаходная ўстаноўка:

Міхаіл МЯТЛА таксама ўдзельнічае ў пошуках ваеннай тэхнікі па ўсёй краіне

— Гэта рэдкая ў наш час машына. Такой ў нашай «калекцыі» яшчэ не было, таму мы ўзяліся з гісторыкамі за чарцяжы, і пачалі збіраць СУ-76М па крупінках самастойна. Днішча ўзялі ад баявой машыны пяхоты, устанавілі гармату ЗІС-3, а ўсе астатнія дэталі майстры-рэканструктары робяць самі.

Такая тэхніка выпускалася з 1943 года для падтрымкі пяхоты. Асабліва праявілі сябе СУ-76М у гарадскіх баях. І бітвы ў Кёнігсбергу, Берліне таму не выключэнне. Яны ўсюды паказвалі высокі клас манеўранасці.

У ангары, дзе рэстаўрыруюць тэхніку, усё абстаўлена запчасткамі, пахне жалезам

— Так, пяхота вельмі любіла гэтую тэхніку, — упэўнены Міхаіл Мятла. — Менавіта таму мы вырашылі аднавіць гэту легендарную зброю. Глядзіце, усё зрабілі сваімі рукамі па сапраўдных чарцяжах і схемах: падганялі ўсё па вышыні, таўшчыні, самі ўсё выразалі — увогуле тут неверагодная дакладная дэталізацыя.

У  ангары праца кіпіць ужо тры месяцы. Амаль столькі ж яна і будзе доўжыцца. Гатовую СУ-76М, якая будзе на хаду, збіраюцца паказаць усім 10 верасня — у Дзень танкіста.

Майстры працуюць два тыдні запар, а потым робяць перадышку ў некалькі дзён ды зноў за справу

— Нашы майстры ўжо не першы дзясятак гадоў займаюцца аднаўленнем тэхнікі. Практычна ўсе танкі, што ёсць на «Лініі Сталіна», зробленыя імі. Вырабам кожнай запчасткі яны займаюцца ўручную, — паказвае на вечка маторнага адсека, звараныя швы лістоў металу ўстаноўкі Міхаіл Мятла.

Непадалёк ад ангара ляжаць трыста метраў чыгункi, а на іх — 120-тонны паравоз 1932 года выпуску! 

Рэстаўратары комплексу робяць усё сваімі рукамі

— Паравоз стаяў у Крычаве доўгія гады. Перавозілі адтуль, распілаваўшы на тры часткі, усім светам: БЧ, мы, Мінабароны і МНС. Будзем даводзіць машыну да розуму. 

Мы ўзбіраемся на паравоз і разглядаем гэты «старажытны» цуд. Відаць, што тэхніка калісьці папрацавала на славу. Праўда, гісторый пра яе дзейнасць няма. Вядома толькі, што ў часы вайны паравоз дастаўляў людзей і тэхніку ў розныя рэгіёны Саюза.

Усю тэхніку на «Лініі Сталіна» аднаўлялі чатыры майстры-рэканструктары

— З яго мы зробім бронецягнік, абсталяваўшы зенітнымі гарматамі і кулямётамі. Ён упрыгожыць комплекс ўжо да канца года — да святкавання 155-годдзя Беларускай чыгункі, — аб планах распавядае Міхаіл Мятла і раскрывае яшчэ адзін сакрэт: неўзабаве ў комплексе яшчэ з'явіцца і чыгуначны мост!

Спускаемся з цягніка і ўжо ідзём да выхаду з комплексу, як раптам бачым новы будынак. Што гэта? Аляксандр Мятла, брат і калега Міхаіла, запрашае ўнутр.

Паравоз 1932 года выпуску ператвораць у бронецягнік

Ба! Вам трэба гэта бачыць! Кафэ, унутры якога стаіць сапраўдны савецкі сямітонны дэсантны бронетранспарцёр. Яшчэ нядаўна яго хацелі пусціць на металалом, але «Лінія Сталіна» забрала да сябе і стылізавала пад барную стойку кафэ, якое адкрыецца на тэрыторыі комплексу ўжо ў пачатку жніўня. Ну ці не выдатна, што тэхніку пусцілі ў справу? Мірную справу. 

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter