Будзем на Вы, ці Вялікая і малая літары ў найменнях пасад і званняў, ветлівых зваротах і спецыяльных абазначэннях

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

У Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка падкрэсліў: “Дзяржава, як ніхто іншы, адчувае сваю адказнасць за развіццё беларускай мовы і з’яўляецца гарантам захавання цэласнасці і адзінства яе сучасных літаратурных норм. Лепшым пацвярджэннем рэальнага клопату пра яе развіццё стала прыняцце Закона “Аб Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi”, які ўступіць у дзеянне з першага верасня 2010 года. Урадам зацверджаны план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства, распрацаваны з улікам прапаноў дзяржаўных структур, няўрадавых арганізацый, вучоных і дзеячаў культуры. У яго рэалізацыі могуць прыняць удзел усе, каго не на словах, а на справе турбуе лёс роднай мовы”.
У лістах, дасланых на імя рэдакцыі і вядучага рубрыкі, выказваюцца канкрэтныя прапановы. Гэта дапамагае выявіць найбольш праблемныя месцы ў беларускай арфаграфіі, патлумачыць, знайсці аптымальнае напісанне таго ці іншага слова. Аднак часам чытачы гавораць пра мэтазгоднасць увядзення некаторых змен, не зусім усведамляючы тое, што Закон “Аб Правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi” ўжо прыняты і не падлягае перагляду. Такіх зваротаў мала, але яны ёсць, што вымушае зрабіць наступнае ўдакладненне. У адпаведасці з артыкулам 99 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права заканадаўчай ініцыятывы належыць Прэзідэнту, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, Савету Рэспублікі, ураду, а таксама грамадзянам, якія валодаюць выбарчым правам, у колькасці не менш за 50 тысяч чалавек і рэалізуецца ў Палаце прадстаўнікоў.
Наша пошта поўніцца пытаннямі не толькі па правапісе, але і па граматыцы, словаўжыванні. На жаль, адразу на ўсе пытанні не адкажаш, бо для гэтага трэба было б адвесці не адну паласу газеты. Але на найбольш надзённыя мы стараемся адказваць аператыўна і робім гэта са шчырым задавальненнем...
Напісанне найменняў пасад заўсёды вылучалася сваёй асаблівасцю, нават пэўнай амбіцыйнасцю. Напрыклад, у царскія часы каранаваныя асобы мелі даволі вялікі “найменны шлейф”, у якім што ні слова — то вялікая літара. Так, поўны тытул апошняга імператара Расіі меў наступны выгляд: “Божиею поспешествующею милостию Николай Втор?ый, Император и Самодержец Всероссийский, Московский, Киевский, Владимирский, Новгородский; Царь Казанский, Царь Астраханский, Царь Польский, Царь Сибирский, Царь Херсонеса Таврического, Царь Грузинский; Государь Псковский и Великий Князь Смоленский, Литовский, Волынский, Подольский и Финляндский; Князь Эстляндский, Лифляндский, Курляндский и Семигальский, Самогитский, Белостокский, Корельский, Тверский, Югорский, Пермский, Вятский, Болгарский и иных; Государь и Великий Князь Новагорода низовския земл?и, Черниговский, Рязанский, Полотский, Ростовский, Ярославский, Белозерский, Удорский, Обдорский, Кондийский, Витебский, Мстиславский и всея северныя стран?ы Повелитель; и Государь Иверския, Карталинския и Кабардинския земл?и и области Арменския; Черкасских и Горских Князей и иных Наследный Государь и Обладатель, Государь Туркестанский; Наследник Норвежский, Герцог Шлезвиг-Голштейнский, Стормарнский, Дитмарсенский и Ольденбургский и прочая, и прочая, и прочая” (http://kremlion.ru/).
Як бачым, традыцыя грувасткага наймення каралеўскіх, царскіх і іншых тытулаў даволі моцная. Яна бярэ пачатак з далёкай даўніны. Сучасныя абазначэнні больш дэмакратычныя і выконваюць функцыю не ўзвелічальную, а найменную.
У новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” з’явіліся прадпісанні, якія датычаць сучасных афіцыйных назваў асоб па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах. Такім чынам, з вялікай літары пішуцца:
словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца афіцыйнымі назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных і рэлігійных пасадах: Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Кароль Іарданіі, Каралева Аб’яднанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Імператар Японіі, Папа Рымскі, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі, Далай-Лама. У неафіцыйным ужыванні словы прэзідэнт, старшыня, кароль, імператар пішуцца з малой літары: візіт прэзідэнта, выступленне старшыні, прыём у караля, загад імператара; але: выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;
словы або спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі асобы па вышэйшых дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь і іншых краін (акрамя слова кавалер): Герой Беларусі, Герой Савецкага Саюза, Герой Сацыялістычнай Працы, кавалер ордэна Ганаровага Легіёна.
“Правілы” (2008) прадпісваюць у афіцыйных пасланнях, лістах займеннік Вы як форму ветлівага звароту да адной асобы пісаць з вялікай літары.
Ужыванне Вы да высокай асобы ў славянскай традыцыі ўзнікае ў ХІ ст. пад уплывам візантыйскай маўленчай традыцыі. Ветлівы зварот Вы распаўсюджваецца ў Пятроўскую эпоху і асабліва пасля яе, што звязваецца з уплывам заходнееўрапейскага маўленчага этыкету, у прыватнасці нямецкага і французскага. У 1722 г. Пётр I увёў “Табель аб рангах”, паводле якога да ўсіх вышэйшых па рангу асоб належала звяртацца на Вы. За парушэнне правіла накладаўся штраф у памеры двухмесячнага жалавання. Прычым штраф можна было атрымаць як за тыканне да асобы вышэйшага рангу, так і за выканне да асобы ніжэйшага рангу.
У 50-я гады ХІХ ст. у рускіх гімназіях па рэформе М.Пірагова разам з адменай лупцоўкі ўводзіўся зварот на Вы, нягледзячы на ўзрост суразмоўцаў. Тады ж зніклі з ужывання і свіное рыла, і аслінае вуха. У ХІХ ст. ветлівы зварот на Вы стаў нарматыўным.
У новай рэдакцыі засталося без змен правіла аб напісанні з вялікай літары ў высокім стылістычным ужыванні такіх агульных назваў, як Радзіма, Айчына, Бацькаўшчына, Чалавек, Маці, Настаўнік, Майстар і інш., а таксама назваў бакоў у пагадненнях, кантрактах і іншых дагаворах: Высокія Дагаворныя Бакі, Аўтар і Выдавецтва, Заказчык і Выканаўца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter