Будзе хлеб – будзе і песня

Райцэнтр нагадвае велізарную будаўнічую пляцоўку, на якой завіхаюцца не толькі мясцовыя будаўнікі, дарожнікі і камунальнікі. У горадзе нямала спецыялістаў з арганізацый Міншчыны, іншых абласцей. Толькі дзіву даешся: як атрымліваецца спланаваць работы, расставіць людзей і тэхніку, каб ніхто нікому не перашкаджаў, каб транспартны калапс на вуліцах не ўзнік, каб дакладна дзейнічала ўся інфраструктура — жыццё на “Дажынках” не замкнулася. Пакуль што падобнае ўдаецца.

Маладзечна рыхтуецца да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу

Райцэнтр нагадвае велізарную будаўнічую пляцоўку, на якой завіхаюцца не толькі мясцовыя будаўнікі, дарожнікі і камунальнікі. У горадзе нямала спецыялістаў з арганізацый Міншчыны, іншых абласцей. Толькі дзіву даешся: як атрымліваецца спланаваць работы, расставіць людзей і тэхніку, каб ніхто нікому не перашкаджаў, каб транспартны калапс на вуліцах не ўзнік, каб дакладна дзейнічала ўся інфраструктура — жыццё на “Дажынках” не замкнулася. Пакуль што падобнае ўдаецца.

Пачынаючы з восені мінулага года, кожную суботу ў горадзе збіраецца абласны штаб. Самыя праблемныя пытанні падрыхтоўкі да галоўнага свята беларускіх вяскоўцаў, стратэгія і тактыка работ разглядаюцца на яго пасяджэннях.

“Дажыначныя” работы ў Маладзечне рухаюцца ад цэнтра горада і да самых яго ўскраін. Найбольш значнымі і, не пабаюся гэтага слова, эксклюзіўнымі аб’ектамі стануць спартыўна-забаўляльны комплекс, летні амфітэатр у парку культуры і адпачынку імя Перамогі (ды і сам парк пераменіцца непазнавальна), Цэнтральная плошча і пешаходная частка вуліцы Прытыцкага.

Спартыўна-забаўляльны комплекс, які ўзводзіць калектыў знакамітага ў нашай краіне салігорскага ААТ “Будтрэст № 3 ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі”, ужо на макеце ўражваў сваёй архітэктурай і прыгажосцю. Такія ж асацыяцыі выклікае збудаванне і цяпер, калі шмат што зроблена ў бетоне, шкле і метале. Акрамя лядовай арэны, комплекс будзе ўключаць у сябе вялікую многафункцыянальную спартыўную залу памерам 48 х 36 метраў з наборам інвентару і снарадаў, неабходнымі дапаможнымі памяшканнямі, раздзявалкамі і душавымі для наведвальнікаў. У зале адначасова змогуць займацца аматары адразу некалькіх гульнявых відаў спорту — валейбола, міні-футбола, гандбола… Прадугледжаны таксама залы для заняткаў настольным тэнісам, фехтаваннем, дзюдо, більярдная зала, зала для гульні ў боўлінг на 6 дарожак.

Спартыўныя залы дапоў- няць басейн з элементамі аквапарка, рэстаран на 70 месцаў і два буфеты. На тэрыторыі комплексу размесцяцца таксама адкрытыя тэнісныя корты, футбольнае поле, аўтамабільная стаянка… Аб маштабах гэтага аб’екта сведчыць яго каштарыс — больш за 45 мільярдаў беларускіх рублёў.

Аматары здаровага ладу жыцця і прыхільнікі актыўнага адпачынку змогуць рэалізаваць свае запатрабаванні і ва ўжо згаданым парку імя Перамогі: архітэктары распрацавалі для яго лыжаролерную трасу, комплексную гульнявую спартыўную пляцоўку, пляцоўкі для гульні ў пляжны валейбол. Дарэчы, на ўзвя- дзенне ў парку згаданых аб’ектаў пойдуць грошы, заробленыя маладзечанцамі ў час раённых суботнікаў.

Гарадскі парк — буйнейшая зялёная зона Маладзечна — перажывае перыяд поўнай рэканструкцыі. Пасля яе тут з’явяцца два штучныя вадаёмы, фантаны. Непаўторнасцю архітэктурных формаў уразіць наведвальнікаў парку — артыстаў і гледачоў — летні амфітэатр, разлічаны больш чым на дзве з паловай тысячы гледачоў. Менавіта ў амфітэатры 26—28 жніўня пройдзе чарговы Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2011”.

Калі мы ўжо зачапілі “культурную струну”, настроеную на мелодыю маладзечанскіх “Дажынак”, то лагічна будзе спыніцца на мастацкай частцы свята. Яна, без перабольшвання, будзе грандыёзнай. Мала- дзечанцы ўмеюць ладзіць самыя маштабныя мерапрыемствы, а тут да іх далучыцца ўся Міншчына, іншыя вобласці. На вуліцах і плошчах горада будуць разгорнуты шматлікія сцэнічныя пляцоўкі, пройдуць выставы, кірмашы, прэзентацыі… Самай першай святочнай падзеяй “Дажынак-2011” у Маладзечне стане адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “Герб горада” — выявы Божай Маці, — якая ўжо ўстаноўлена на ўездзе ў горад з боку сталіцы, і цяпер тут вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыі. Вельмі сімвалічна, што менавіта адсюль, з усходу, як ходзіць сонца, пачнецца ўрачыстае шэсце святочнай калоны. Героі жніва змогуць палюбавацца горадам, ацаніць зробленае апошнім часам. Справа — новы мікрараён, узведзены літаральна за апошні год (мажліва, ён атрымае назву «Сонечны»), спартыўна-забаўляльны комплекс, новая аб’язная дарога, злева — зноў жа новы дзіцячы сад, каталіцкі храм, далей — адрамантаваныя жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі, вуліцы. Уздоўж галоўнай з іх, якая носіць назву Вялікі Гасцінец, плануецца стварыць камерныя зоны адпачынку.

Непазнавальна памяняецца да свята аблічча Цэнтральнай плошчы Маладзечна. Будаўнікі ўжо ўклалі тут плітку і цяпер працуюць над аздабленнем зялёнай зоны і ўзвядзеннем прыгожага фантана. Немалы аб’ём работ будзе выкананы на шмат якіх вуліцах горада. Прычым падрадныя арганізацыі не толькі рамантуюць альбо кладуць асфальт, тратуары і бардзюры, але, калі ўзнікае неабходнасць, перакладаюць і рамантуюць інжынерныя сеткі, каб затым надоўга не ламаць ужо зробленае.

Словам, свята ў Маладзечне адбудзецца. Яго, без перабольшвання, рыхтуе ўся Міншчына. Жыхары сталічнага рэгіёна ўмеюць не толькі працаваць, але і варта адзначаць свае набыткі. Як кажуць, будзе хлеб — будзе і песня.

Аляксандр ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКУ: прараб ААТ «БФ «Барыт» Дзмітрый КАЛАСОЎСКІ і мантажнік вонкавага трубаправода Дзмітрый БЕКІНГ.

Фота Аляксея ПЛАТКО

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter