Школьны гардэроб. Якую моду прапануюць вучням селета?

Будзь у форме!

Пік пакупальніцкай актыўнасці ў перыяд падрыхтоўкі да новага навучальнага года традыцыйна прыпадае на апошнія два тыдні жніўня. Каб задаволіць попыт, толькі ў Мінску зараз працуюць 25 школьных кірмашоў. Найбуйнейшы з - у ЦУМе. Тут можна набыць для школы ўсё - ад касцюма да гальштука-бабачкі. У чым вытворцы прапануюць навучэнцам адправіцца на заняткі, прыгледзелася карэспандэнт «Р».



На гадзінніку 15.00, а на трэцім паверсе ЦУМа ў секцыі «Дзіцячы свет» наведвальнікаў — яблыку няма дзе ўпасці. Па словах прадаўцоў, пасля 19 гадзін людзей будзе разы ў два, а то і ў тры болей. А ў выхадны дзень гандаль тут ідзе нібыта ў «чорную пятніцу» — за дзень прадаюць да 2 тысяч адзінак школьнага гардэробу.

— Касцюмы і сукенкі ідуць нарасхват, толькі і паспявай асартымент папаўняць! — ні на хвіліну не адрываючыся ад працы, кажа прадавец Марыя Трашчанка.

Вытворцы імкнуцца шыць адзенне дзелавога стылю, бо менавіта яго прапануюць прытрымлівацца ўсім навучэнцам школ. Пры гэтым крой адзення выбіраюць так, каб нават самаму актыўнаму дзіцяці было камфортна.


— Сарафан, блузка, джэмпер. Часам замест сарафана бяруць спадніцы. Каму як зручней, — аналізуе пакупніцкі попыт Марыя Трашчанка. — Хлопчыкам купляюць у асноўным пінжак і штаны. Часам яшчэ і камізэльку, калі гэта прадугледжана правіламі навучальнай установы. Некаторыя бяруць у камплект да штаноў трыкатажную камізэльку. Попытам карыстаюцца і спартыўныя касцюмы на фізкультуру.

Многія бацькі падыходзяць да выбару адзення для школы старанна і, як кажуць прадаўцы, прыглядаюцца да яго не адзін дзень. Тым больш што камплект школьнай формы, які найболей спадабаўся, можна купіць па зніжанай цане (мінус 20%) у дні скідак — 26 і 31 жніўня. А выбіраць ёсць з чаго! Адзін толькі «Беллегпрам» адшыў да новага навучальнага года 700 мадэляў вопраткі. Прычым калекцыі адзення ў гэтым годзе абнавілі больш чым на 90%, а калекцыі абутку — больш чым напалову.

Ад асартыменту вочы разбягаюцца. Вось і мінчанка Кацярына Скрабейка мітусіцца ля стэлажоў з касцюмамі для дзяўчынак. Прыглядае варыянты для дачкі Меланіі:

— У гэтым годзе ідзём у першы клас. Адказнасць вялікая, і выглядаць трэба з іголачкі. Прыглядаем класічны варыянт — пінжак са спадніцай.

Пасля доўгіх прымерак ля люстэрка Меланія схіляецца да цёмна-сіняга трыкатажнага варыянта. Кошт — 73 рублі. Ёсць — адно дзіця да школы гатовае!


А вось у другой мінчанкі Юліі Дзегцяровай і яе дачкі Соні, якая пераходзіць у другі клас, усё яшчэ наперадзе.

— Мы прыйшлі ўсё купіць, што спадабаецца, — Юлія ні ў чым не адмаўляе дачцэ.

Аднак Соня шчодрасцю мамы не злоўжывае — выбрала цёмна-шэры касцюм і бірузовую кашулю.

Тым часам ля стэлажоў з адзеннем для хлопчыкаў таксама не праціснуцца. Яны сёння не менш педантычныя ў выбары адзення, чым дзяўчынкі.

Вытворцы імкнуцца шыць адзенне дзелавога стылю, бо менавіта яго прапануюць прытрымлівацца ўсім навучэнцам школ.

— Шукаем форму, кашулі, абутак — адным словам, усё! — Вольга Краснова выбірае штаны сыну Максіму, які ідзе ў другі клас. — Асартымент вялікі, выбраць можна. Адзін касцюм ужо купілі, цяпер шукаем другі, на змену.

Па словах Вольгі, строгіх рэкамендацый да адзення іх школа не дае, толькі  раіць аддаваць перавагу дзелавому стылю. З колерам бацькі і дзеці  ўжо вызначаюцца самі. У асноўным гэта шэры, сіні і чорны.

— Зараз у модзе клетка, таму дызайнеры імкнуцца дадаць у вопратку элементы ў клетку, каб разнастаіць школьную форму. Таксама на сукенках і форменных куртках часам прысутнічаюць дробныя аксесуары ў выглядзе брошкі, — таваравед Ганна Івашкевіч ацэньвае асартымент. — На хлопчыка можна падабраць касцюм, у які ўваходзіць пінжак і штаны. Школьнікам малодшых класаў можа быць нязручна кожны дзень апранаць пінжак, таму яго можна замяніць, напрыклад, кашуляй з камізэлькай. Для дзетак з лішняй вагой ёсць касцюмы з пашыранымі аб'ёмамі таліі — да плюс дзевяці сантыметраў.

Шмат мадэляў фабрыкі адшылі з полівіскозных тканін. Яны лёгкія, зручныя ў нашэнні і іх лёгка даглядаць. Для больш халоднага перыяду ёсць камплекты з матэрыялаў з дабаўленнем воўны.

— Фабрыкі, як заўсёды перад пачаткам навучальнага года, прапанавалі шырокі асартымент адзення. У асноўным у нас прадстаўлены фабрыкі Беллегпрама. Гэта «Калінка», «Камінтэрн», «Славянка», Жлобінская швейная фабрыка. З прыватных прадпрыемстваў шырока прадстаўлены «Надзея», «Дылма Плюс», «Наша» і іншыя, — пералічвае вытворцаў Ганна Івашкевіч.

На пятым паверсе магазіна працуе бясплатная падгонка школьнага адзення. У асноўным кароцяць штаны і рукавы пінжакоў. Для выканання бясплатнай падгонкі трэба толькі прад'явіць чэк. Калі заказаў няшмат, то майстры могуць падагнаць вопратку адразу.

Іван МІТРАХОВІЧ разам з мамай і старэйшым братам прыехалі на школьны базар са Светлагорска.

Павільён са школьнымі таварамі разгарнуўся і ля ЦУМа. Вікторыя Мітраховіч з двума сынамі прыехала па пакупкі да школы са Светлагорска. Старэйшы сын ідзе ў сёмы клас, малодшы — у пяты. Аднаму патрэбны новы партфель, другому — касцюм і пісьмовыя прылады.

— Да закрыцця крамы плануем укласціся, — жартуе Вікторыя. — Асартымент? Лепшы, чым у нашым горадзе. Мінск усё ж такі.

Калі казаць пра кошт школьнага адзення і абутку, то ў гэтым годзе яго не павышалі. Цана на некаторыя пазіцыі і зусім знізілася. Так, экіпіроўка для школьнікаў малодшых класаў у Мінску абыдзецца бацькам у суму ад 175 да 735 рублёў, старшакласнікаў — ад 230 да 870 рублёў. Такія сумы агучылі ў галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама. У гэтую суму ўваходзяць  швейныя і трыкатажныя вырабы, абутак і школьныя прылады. Шматдзетным сем'ям ва ўнівермагах горада прадастаўляецца  скідка 10% на нехарчовыя тавары, у тым ліку школьнага асартыменту. Пашыраны гандаль таварамі для школьнікаў працягнецца да сярэдзіны верасня.

gorbatenko_inna@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter