До конца года по всей стране введут в эксплуатацию десятки электродомов

Будуюць на добры ток

Першую электраэнергію на БелАЭС плануюць атрымаць ужо гэтай восенню. Энергетычная бяспека краіны, больш нізкія тарыфы на электраэнергію для рэальнага сектара эканомікі, развіццё электратранспарту і разумных гарадоў — тое, што мы можам атрымаць ад АЭС. Яшчэ адзін перспектыўны напрамак — выкарыстанне электраэнергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне ў жылфондзе. Колькі жылля, якое сілкуецца ад разеткі, з’явіцца ў краіне, даведвалася карэспандэнт «Р».

У дзесяціпавярховым доме на 90 кватэр няма цэнтралізаванага ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў звыклым нам выкананні.
energokonkurs.by

Па двух лічыльніках

Горад Баранавічы, вуліца Арджанікідзэ, 11. Яркі фасад, зашклёныя лоджыі, два пад’езды. Тыпавая новабудоўля ад іншых дамоў адрозніваецца нiбыта толькі сакавітымі фарбамі на фасадзе. Але гэта толькі здаецца. У дзесяціпавярховым доме на 90 кватэр няма цэнтралізаванага ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў звыклым нам выкананні. Камфорт і ўтульнасць пражывання ў тутэйшых кватэрах цалкам залежаць ад электрычнасці. Прасцей кажучы, ацяпленне, нагрэў вады і прыгатаванне ежы тут — ад разеткі. Незвычайны шматпавярховы дом — першы ў краіне, распрацаваны ў адпаведнасці з Комплексным планам развіцця электраэнергетычнай сферы да 2025 года з улікам уводу Беларускай атамнай электрастанцыі. Спраектавала і пабудавала электрадом КУП «Брэстжылбуд». На ўсё гэта затрачана восем месяцаў. Квадратны метр навасельцам абышоўся ў крыху больш чым 943 рублі. А ключы ад доўгачаканых кватэр людзі, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, атрымалі ў мінулым годзе.

Канцэпцыя электрацеплазабеспячэння ў будынку пакватэрная. У кожнай кухні размешчаны праточны электракацёл магутнасцю прыкладна 4 кВт, ён грэе ваду, якая паступае ў радыятары для ацяплення жылых пакояў. У санвузлах — электраводанагравальнік магутнасцю 1,6 кВт, які забяспечвае кватэру гарачай вадой. Таксама ў ванных пакоях над месцам устаноўкі пральнай машыны прадугледжаны электраручнікасушыльнік магутнасцю 70 Вт. Дарэчы, гарачай вадой і ацяпленнем жыхары могуць карыстацца круглы год. Гэтыя тэхнічныя падрабязнасці даведваюся ў начальніка ўпраўлення праектных работ прадпрыемства Віктара Гладкага.

У кожнай кватэры ўстаноўлены два сучасныя электралічыльнікі з высокай ступенню дакладнасці.

Адзін улічвае расход электраэнергіі на ацяпленне і падагрэў вады, другі — электраэнергіі на асвятленне жылога памяшкання, працу бытавых ці іншых прыбораў і прыгатаванне ежы. Шматпавярховы дом сілкуецца ад трансфарматарнай падстанцыі. Ад яе ж бярэ сілы і другі, пабудаваны непадалёк. Лепшае месца для будаўніцтва электрадамоў — раёны, у якіх альбо няма крыніц цепла- і газазабеспячэння, альбо яны недастаткова магутныя. Электрадом пяць гадоў будзе знаходзіцца на гарантыйным абслугоўванні КУП «Брэстжылбуд».

— У Баранавічах здадзены 2 электрадамы па вуліцы Арджанікідзэ — усяго на 158 кватэр. Там жа, па вуліцы Прафесійнай, будуюцца яшчэ 3 — на 231 кватэру, — удакладняе Віктар Гладкі. — Таксама пабудавалі аднакватэрны катэдж у Жабінцы. У перспектыве — электрадом на 120 кватэр у Кобрыне. У мікрараёне Дубава Баранавічаў плануюцца праектаванне і будаўніцтва аднакватэрных электрадамоў.

У кожнай кватэры ўстаноўлены два сучасныя электралічыльнікi з высокай ступенню дакладнасці.
sb.by

Замест газу — электрычнасць

Пакуль незвычайныя для нас будынкі можна пералічыць па пальцах. Яшчэ адзін электрадом зусім нядаўна пабудавалі ў Магілёве. Для абласнога цэнтра гэта першы вопыт. Аднак, упэўнены спецыялісты, не апошні. Зараз тут распачалі будаўніцтва яшчэ аднаго дома «ад разеткі». І будзе яшчэ некалькі такіх будынкаў. У Віцебскай вобласці іх таксама ўзводзяць. Колькасць дамоў, у якіх для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы будзе выкарыстоўвацца электраэнергія, бліжэйшым часам значна павялічыцца. Пра гэта гаварыў міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч. Сёлета ў краіне запланавана ўвесці ў эксплуатацыю 135 000 квадратных метраў электрадамоў. А ў 2021-м гэты аб’ём плануецца павялічыць удвая. У перспектыве электрадамы павінны скласці каля 30–40 працэнтаў ад агульнага ўводу жылля ў эксплуатацыю. Міністр удакладніў: у рэгіёнах планы па будаўніцтве такога жылля ўжо даведзены.

Больш за тое, зацверджана неабходная нарматыўная база, якая дазваляе праектаваць жылыя будынкі, што выкарыстоўваюць электраэнергію для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Таксама вядзецца праектаванне цэлых жылых мікрараёнаў на электраэнергіі. На гэты від энергарэсурсу мяркуецца перавесці шматкватэрныя жылыя дамы з пячным ацяпленнем і газазабеспячэннем, аднакватэрныя і блакіраваныя дамы, садовыя домікі. Усё гэта значна павысіць узровень камфорту.

ДАРЭЧЫ

Сацыяльна слабаабароненым катэгорыям грамадзян павялічаць суму кампенсацыі расходаў на электразабеспячэнне. Аб гэтым па выніках нарады ў Кіраўніка дзяржавы паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

У красавіку гэтага года прынята рашэнне аб кампенсаванні расходаў на электразабеспячэнне жыллёвага фонду, які эксплуатуецца. У адпаведнасці з указам Прэзідэнта грамадзянам кампенсуецца частка расходаў на правядзенне электразабеспячэння жыллёвага фонду, які эксплуатуецца, для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы ў памеры 20 працэнтаў ад кошту выкананых работ, але не больш за 40 базавых велічынь (1 базавая велічыня — 27 рублёў). Расходы будуць кампенсавацца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

Нагадаем. Са студзеня 2019-га ўведзены стымулюючыя тарыфы для насельніцтва. У далейшым яны захаваюцца. Іх змяненне будзе ў такіх жа прапорцыях і тэмпах, як змяняюцца тарыфы для цэнтралізаванага цеплазабеспячэння.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter