У свеце нядаўна пачаліся два маштабныя навуковыя праекты: Human Brain (“Чалавечы мозг”) у ЕС і Brain initiative (ініцыятыва па даследаванні мозгу) у ЗША

Будучыня штучнага інтэлекту

У свеце нядаўна пачаліся два маштабныя навуковыя праекты: Human Brain (“Чалавечы мозг”) у ЕС і Brain initiative (ініцыятыва па даследаванні мозгу) у ЗША
Гавораць, чалавецтва не створыць штучны інтэлект датуль, пакуль не разбярэцца, як працуе чалавечы мозг. Белых плям у гэтай тэме хапае, і каб іх максімальна запоўніць, у свеце нядаўна пачаліся два маштабныя навуковыя праекты: Human Brain (“Чалавечы мозг”) у ЕС і Brain initiative (ініцыятыва па даследаванні мозгу) у ЗША. Можна сказаць, спробы пракрасціся ў нашу свядомасць і таямніцы мыслення, а потым змадэляваць іх пры дапамозе высокіх тэхналогій — трэнд часу. Ад яго не засталіся ўбаку і беларускія навукоўцы. Іх намаганні будзе кансалідаваць новы Міжведамасны даследчы цэнтр штучнага інтэлекту, створаны ў НАН Беларусі на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі ды Інстытута фізіялогіі.



На прэзентацыі цэнтра было паказана, што ўжо ёсць у гэтай сферы. Мабільныя робаты, здольныя вырашаць інтэлектуальныя задачы, напрыклад, вывучыць прастору памяшкання, скласці яго карту і перадаць групе іншых робатаў, занятых аховай гэтай тэрыторыі або перавозкай грузаў па ёй. Сістэмы для аналізу выяў, якія дапамагаюць урачам паставіць дакладны дыягназ або выявіць патрэбны аб’ект пры маніторынгу мясцовасці з паветра. Сістэмы сінтэзу і распазнання мовы, у тым ліку беларускай. Спецыяльная плёнка, якая ператварае выяву на маніторы звычайнага камп’ютара ў 3D. Метад “навучання” ствалавых клетак, які трансфармуе іх у нейронавыя, здольныя “закрыць” пашкоджанні ў мозгу ў выніку траўмы або інсульту... Усё гэта ўжо створана і знаходзіцца на рознай стадыі ўкаранення ў жыццё.

Аднак дагэтуль распрацоўшчыкі дзейнічалі разрознена.

— Цэнтр штучнага інтэлекту створаны як платформа для супрацоўніцтва, абмену досведам навукоўцаў, якія працуюць у нашай краіне ў розных галінах і напрамках, але звязаных з гэтай тэматыкай. Напрыклад, у АІПІ ёсць добрыя напрацоўкі па апрацоўцы мультымедыйнай інфармацыі, у Інстытуце фізіялогіі — для разумення работы мозгу, працэсаў, якія ў ім адбываюцца, — генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі Аляк­сандр Тузікаў гаворыць, што цэнтр адкрыты і для іншых спецыялістаў. Групы даследчыкаў, занятыя гэтай тэмай, ёсць у БДУ, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Патэнцыял тут немалы. Сумесная ж рэалізацыя буйных праектаў дапаможа хутчэй дамагчыся новых цікавых вынікаў.

Юлія Васілішына
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter