Да 2018 года будуць адноўлены ці закансерваваны 38 старажытных крэпасцяў

Будучая краса

Да 2018 года будуць адноўлены ці закансерваваны 38 старажытных крэпасцяў
У 2012 годзе ўпершыню на ўрадавым узроўні была прынята Дзяржаўная праграма “Замкі Беларусі”. Яна разлічана да 2018 года. Але ўжо сёння з яе дапамогай адрэстаўраваны знакавыя цытадэлі, якія ў часы Сярэднявечча абаранялі Беларусь ад ворагаў, былі асяродкамі культуры, а цяпер здзіўляюць нас архітэктурным хараством. Апрача таго, гэтыя помнікі дойлідства вабяць турыстаў. У тым ліку з-за мяжы.

Мы ў сваю чаргу таксама вандруем да суседзяў — гля­дзець іх замкі. Асабліва ў Літву, дзе захаваліся крэпасці і палацы, вельмі падобныя да беларускіх, бо будаваліся разам з нашымі у адзін час — эпоху Вялікага Княства Літоўскага. Наведаем некаторыя замкі ў Беларусі і Літве і ацэнім якасць работ, якія там праводзяцца.

Мэтай прынятай у 2012 годзе Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” было стварэнне спрыяльных умоў для  захавання, аднаўлення і рацыянальнага выкарыстання аб’ектаў гістарычна-культурнай спадчыны, развіцця ўнутранага і ўязнога турызму.

 Да гэтага часу цалкам адноўлены Нясвіжскі і Мірскі замкі. Паглядзім, што адбываецца на тых аб’ектах, якія ў найблі­жэйшым часе таксама зробяць прывабнымі для турыстаў.

Навагрудак: бетонныя пáлі ўмацавалі старыя муры

Работы па захаванні Навагрудскага замка пачаліся яшчэ ў 20-я гады ХХ стагоддзя. Тады палякі закансервавалі рэшткі дзвюх вежаў — Касцельнай і Шчытоўкі. У другой палове ХХ стагоддзя ў замак прыехалі працаваць ленінградскія археолагі на чале з Фрыдай Гурэвіч. Асноўная частка калекцыі артэфактаў, знойдзеных у той час, сёння захоўваецца ў Санкт-Пецярбурзе. У 1990-я была праведзена невялікая кансервацыя Касцельнай вежы, але з-за недастатковага фінансавання работы спыніліся.

Рэканструкцыя Навагрудскага замка працягваецца

У 2008-2009 гадах былі праведзены даследаванні, якія паказалі: пад Навагрудкам знаходзіцца магутнае падземнае вадасховішча, вада якога ўвесь час падмывае муры замка, таму вежы не надта ўстойлівыя і могуць у любы момант абрынуцца. 

У 2012-м работы ў замку значна актывізаваліся і не спыняюцца па гэты час. Забіта 105 пáляў на 11 метраў кожная ў падмурак Касцельнай вежы, паміж імі створана маналітная бетонная падушка, частка вежы адноўлена.

Навуковы кіраўнік аб’екта Сяргей Друшчыц адзначыў, што перад тым, як распачаць у замку рэстаўрацыю, ён з калегамі вывучыў досвед працы з аналагічнымі пабудовамі ў Літве і іншых краінах.

Распрацавана канцэпцыя, згодна з якой будуць не толькі адрэстаўраваны Касцельная вежа і Шчытоўка, але і раскапаюць і выставяць на ўсеагульны агляд цяпер схаваныя пад зямлёй рэшткі канструкцый цытадэлі.

Неўзабаве пачнуцца работы на Шчытоўцы. Сяргей Друшчыц паказаў фотаздымкі, гравюры, малюнкі, з дапамогай якіх плануецца ўзнавіць былы выгляд гэтага аб’екта.
На паверхах Шчытоўкі плануецца стварыць музей. У ім будуць захоўвацца знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў артэфакты, сярод якіх кафля, ядры, наканечнікі стрэл, дахоўка. 

Крэва: загадка егіпецкіх фрэсак 

Крэўскі замак пабудаваны ў XIV стагоддзі. Ён найстарэйшы ў Беларусі. У 1385 годзе тут была падпісана Крэўская унія — дагавор аб аб`яднанні Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Аднак пакуль што цытадэль не адноўлена. Яна моцна пацярпела ў час Першай сусветнай вайны. У 1920-я тут працавалі польскія кансерватары, які ўмацавалі рэшткі, што засталіся ад колішняй рэзідэнцыі. 


Яшчэ ў 2012 годзе на рэштках Княскай вежы, разбуранай у Першую сусветную вайну, археолаг Алег Дзярновіч правёў раскопкі. Ён знайшоў фрагменты фрэсак, якімі аздабляўся інтэр’ер вежы:
— Можна меркаваць, што фрэскі стварылі нямецкія майстры, пры ўдзеле якіх будаваліся першыя мураваныя замкі Вялікага Княства Літоўскага — у Крэве, Лідзе, Медніках (Мядзінінкай). Да таго часу ўласнай традыцыі пабудовы мураваных замкаў у княстве не было. Каб быць зусім дакладным, крэўскія фрэскі варта вызначаць як сценапіс. Бо фрэска — гэта нанясенне фарбаў на вільготную тынкоўку. У Крэве ж распісвалі сухую паверхню. Але фарбы ў Крэўскім замку выкарыстаны не зусім звычайныя. Адна з іх — "егіпецкая сіняя", добра вядомая ў антычную эпоху. Яе вынайшлі і выраблялі спярша ў Старажытным Егіпце. Потым яна пашырылася па ўсім антычным свеце, але ў Сярэднявеччы сакрэт рэцэптуры быў страчаны. Гісторыкі мастацтва мяркуюць, што гэтую рэдкую фарбу аднавілі італьянскія майстры эпохі Рэнесансу. Але вось неспадзяванка! Хімікі, якія даследавалі крэўскія фрэскі, сцвярджаюць, што адна з іх напісана акурат "егіпецкай сіняй". А крэўскія фрэскі датуюцца XIV стагоддзем — раней за час аднаўлення фарбы ў рэнесанснай Італіі.
Гэтая знаходка, трэба спадзявацца, стане падставай для аднаўлення хаця б часткі жывапісу вежы. 
Тым часам у Крэве ўлетку праходзіць фестываль "Крэўскі замак", дзе народныя майстры прадаюць свае вырабы, а фальклорныя калектывы спяваюць традыцыйныя песні. Жыццё ля старой крэпасці працягваецца.

Блізнём Крэўскага замка лічыцца крэпасць у Мядзінінкай, што недалёка ад беларуска-літоўскай мяжы. Ад Крэва — усяго 45 кіламетраў, ад дзяржаўнай граніцы — 2. Усходняя вежа Мядзінінкскага замка нават называлася Крэўскай.

Як і Крэва, Меднікі пацярпелі падчас Першай сусветнай — немцы разабралі частку заходняга муру.
Замак закансервавалі яшчэ ў 1960-я гады. А нядаўна частку разам з вежай аднавілі — на гэта Еўрасаюз выдзеліў грант у памеры 3 мільёны еўра. 

Літоўскія рэстаўратары дзейнічалі прафесійна — пакінулі выразную мяжу паміж старажытнымі канструкцыямі і адноўленым мурам. Гэты кантраст захаваны і ўнутры адбудаванай вежы: новыя сцены патынкавалі, старыя пакінулі цаглянымі. Алег Дзярновіч тлумачыць:
— У ранніх гатычных будынках сцены не тынкавалі ўвогуле, тынк і роспіс наносілі толькі на скляпенні. Знаёмства з вынікамі рэканструкцыі замка ў Мядзінінкай для нас важнае, бо гэты досвед варта выкарыстаць пры аднаўленні Крэўскага. Беларускія спецыялісты плануюць у Крэве адбудаваць Княскую вежу.

Быхаў: тры тысячы артэфактаў з-пад зямлі

Быхаўскі райвыканкам яшчэ ў 2013 годзе адкрыў дабрачынны рахунак з мэтай прыцягнення сродкаў спонсараў і грамадзян для аднаўлення замка ў райцэнтры. 

Макет Быхаўскага замка. Фото БелТА

Замак быў пабудаваны ў пачатку ХVII стагоддзя гетманам Вялікага княства Літоўскага Янам Каралем Хадкевічам. У 1628 годзе гаспадарамі Быхава сталі Сапегі, якія перабудавалі рэзідэнцыю. 
У 90-я гады ХХ стагоддзя ў ацалелых будынках размяшчаўся дрэваапрацоўчы цэх, але пасля пажару ў жніўні 2004 года ён быў занядбаны. І толькі з 2013 года тут пачаліся аднаўленчыя работы.

Але перш за ўсё зроблены археалагічныя даследаванні пад кіраўніцтвам прафесара Ігара Марзалюка:
— Знойдзена больш за 3 тысячы прадметаў. Гэта і кафля ХVII-XVIII стагоддзяў з розным арнаментам, у тым ліку выявамі гербаў былых уладальнікаў замка Хадкевічаў і Сапегаў, і прыклады ўзбраення таго часу: ядры, мушкетная куля, бронзавы наканечнік похваў шаблі. Вялікую цікавасць уяўляе з сябе нумізматычная калекцыя — больш за сотню розных манет, а таксама люлькі.

Цалкам завяршыць аднаўленне і рэстаўрацыю аб`екта культуры плануецца ў 2018 годзе. Замкі Беларусі ўжо цяпер там, дзе яны адноўлены, цалкам змянілі мясцовы краявід.

Яшчэ міне некалькі гадоў і, магчыма, турысты, як і замежныя вандроўнікі некалькі стагоддзяў таму, праязджаючы ля Навагрудка ці Крэва, выгукнуць: “Якая чароўная краіна замкаў Беларусь!”

Віктар Корбут

З веданнем справы

Ігар Чарняўскі, кіраўнік упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры:

— Калі мы звернемся да гісторыі, то Беларусь, знаходзячыся на перакрыжаванні розных шляхоў, гандлёвых і ваенных, мусіла заўсёды шукаць варыянты для сваёй абароны. Таму невыпадкова, што на нашай тэрыторыі было ўзведзена шмат абарончых збудаванняў. Згодна з матэрыяламi археалагічных даследаванняў, у Сярэдневеччы ў нас налічвалася звыш 120 замкаў. Адсюль пайшоў выраз: “Краіна замкаў”. Сёння іх засталося не так шмат, найбольш вядомыя нам Мірскі, Нясвіжскі, Гродзенскi Стары замак, Крэўскі, Навагрудскі, Гальшанскі, Смалянскі, Быхаўскі. Але, тым не менш, мы можам дастойна прадставіць і гэтыя аб’екты і зрабіць усё магчымае для падтрымання элементаў старажытнага брэнда краіны. На жаль, немагчыма аднавіць усе замкі у першапачатковым выглядзе. Па-першае, не пра ўсе ёсць дакументальныя сведчанні, а спецыялісты, якія працуюць з помнікамі архітэктуры, не маюць права дадумваць, уносіць у праект рэканструкцыі нешта ад сябе. Мы не можам аднавіць Гальшанскі замак. Якой ён быў вышыні, якія дэкаратыўныя асаблівасці меў, невядома. Прадугледжана правядзенне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, прыстасаванне і экспанаванне 38 замкаў па чатырох кірунках:

рэстаўрацыя, рэканструкцыя і прыстасаванне на 7 помніках архітэктуры — Старым замку ў Гродне, Лідскім і Любчанскім замках, завяршэнне работ на Камянецкай вежы, добраў­парадкаванне паркаў, прылеглых да замкавага комплексу ў Міры, да палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы;

правядзенне кансервацыі з частковай рэстаўрацыяй на 7 аб’ектах гістарычна-культурнай спадчыны, якія захаваліся часткова — Навагрудскім, Крэўскім, Гальшанскім замках, а таксама рэштках замкаў у Геранёнах Іўеўскага раёна, Смалянах Аршанскага раёна, Быхаве;

прадугледжваецца добраўпарадкаванне тэрыторыі 19 помнікаў археалогіі, на якіх размяшчаліся замкі ў розных рэгіёнах краіны, сярод іх — Браслаўскага і Заслаўскага замкаў;

музеефікацыя на 5 помніках археалогіі — гарадзішчах у Тураве і Мілаградзе Рэ­чыцкага раёна, замчышчы ў Глуску і Рыжкавічах Шклоўскага раёна і ў Мінску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter