Райскі куток пілігрымаў - Будслаў

Будслаў: усе дарогі скіраваны ў нарачанскі Рым

СТАГОДДЗЕ таму першым выкананнем галоўнай ролі ў купалаўскай “Паўлінцы” ў гісторыю беларускай культуры ўвайшла дваццацігадовая дзяўчына Паўліна Мядзёлка з нарачанскага Будслава. Упершыню ён узгадваецца ў 1504 годзе як маёнтак Слаўная Буда вялікага князя Аляксандра пры перадачы віленскім манахам-бернардзінцам. Збудаванаму імі драўлянаму касцёлу ваявода мінскі Ян Пац ахвяраваў атрыманы ад Папы Рымскага Клімента VIII абраз Божай Маці.


Праз паўстагоддзя на месцы храма змуравалі новы. Вялікі князь Аўгуст Моцны ў 1732 годзе надаў Будславу статус мястэчка. Пры кляштары бернардзінцаў адкрылася музычная школа, шпіталь для бедных. Першых сорак вучняў прыняла пачатковая школа. Больш за век будаваўся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка адышло да Расійскай імперыі як уласнасць Аскеркаў. Да нашых дзён захаваўся сядзібна-паркавы комплекс і вадзяны млын на рэчцы Сэрвач.

Настаўніца Яніна ДЗЯМІДОВІЧ

Штуршком для развіцця Будслава паслужыла пракладанне ў 1907 годзе чыгункі з Полацка на Маладзечна.

У Першую сусветную вайну тут размяшчаўся штаб Другой рускай арміі Заходняга фронту, якая ўдзельнічала ў Нарачанскай аперацыі.

Дырэктар ААТ “Будслаўскае” Алег ЕРМАКОВІЧ

У першай палове ХХ стагоддзя згодна з Рыжскай дамовай паселішча апынулася ў складзе буржуазнай Польшчы. Пасля аб’яднання беларускіх зямель Будслаў стаў цэнтрам сельсавета былога Крывіцкага, а цяпер Мядзельскага раёна. Дзейнічалі малачарня, хлебапякарня, вадзяны млын. Арганізаваўся калгас, рэфармаваны ў ААТ “Будслаўскае”, цэнтральная сядзіба якога атрымала статус аграгарадка. На Краснай плошчы яго ўзвышаецца велічная базіліка.

Чвэрць стагоддзя таму аднавілася пілігрымка да ўвенчанага папскімі каронамі абраза Маці Боскай Будслаўскай, абвешчанай патронкай каталіцкай канфесіі Беларусі. Штогод на пачатку ліпеня традыцыйны Будслаўскі фэст прымае гасцей з рэгіёнаў Беларусі і замежжа.

Ветэран працы Юзэфа РАЧЫЦКАЯ

ШЛЯХІ-дарогі з Мядзела, Крывічэй і Даўгінава зыходзяцца ў нарачанскім Будславе. І з якога боку ні пад’язджай да яго, здалёк відаць узнёслыя да аблокаў крыжы базілікі. Населеныя пункты з незвычайнымі назвамі — Княгінін, Крайск, Ілля — акружаюць каталіцкую абіцель. За густым борам, бліжэй да курортнай Нарачы, пад разгалістым дубам стаіць у Пількаўшчыне бацькоўская хата народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Каля рэчкі Віліі — купалаўскія мясціны.

Сотня кіламетраў ад сталіцы да будслаўскай святыні. У сярэдзіне лета каталіцкія вернікі пешшу вымерваюць шлях сюды. Можна цягніком праз Маладзечна даехаць да чыгуначнай станцыі Будслаў. Аўтобус, які кіраваўся з Цэнтральнага вакзала Мінска на нарачанскі курорт, за няпоўныя дзве гадзіны даімчаў мяне да “пеўніка”, як называюць мясцовыя жыхары паварот на птушкафабрыку каля вёскі Княгінін. Астатнія паўтара дзясятка кіламетраў па пятлістай дарозе ўглядаўся ў мільгаючыя, прыцярушаныя снегам іржышчы, убеленыя лугі з аголенымі пералескамі, вясковыя падворкі. Там-сям з комінаў сялянскіх хат цягнуўся ў неба дымок. На сценах некаторых будынкаў — таблічкі з надпісам “Газ”. Зрэдку на вясковых вуліцах сустракаліся прахожыя.

Жывёлавод Валянціна АНОШКА

З-за невялікага пагорка, парослага маладымі дрэўцамі, выплылі дзве белыя вежы, укаранаваныя крыжамі. Мінуў дарожны ўказальнік з назваю вёскі Палессе. За мастком, перакінутым праз рэчку Сэрвач, адкрылася прастора перад Будслаўскай святыняй — касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Сялянскія падворкі ўшчыльную падступілі да велічнага храма. Новы будынак Дома культуры, кафэ “Паўлінка”, аддзяленне паштовай сувязі, магазіны ўпрыгожваюць плошчу, якая захавала былую назву — Красная. Адсюль у розныя бакі аграгарадка разыходзяцца некалькі вуліц. На адной з іх, каля векавога дуба, абсаджаная стройнымі туямі алея вядзе ў сельвыканкам. З кіраўніком спраў Крысцінай Палачанскай па тэлефоне дамовіліся аб сустрэчы. Ад яе даведаўся, што сельсавет размешчаны ў векавым панскім доме.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Крысціна ПАЛАЧАНСКАЯ

Старшыня сельвыканкама Георгій Шчаўлік паўгода таму прыняў кіраўніцтва пасля пасады вядучага спецыяліста суседняга Крывіцкага сельсавета. Георгій Уладзіміравіч нарадзіўся на далёкім Сахаліне, куды бацькі выязджалі ў заробкі. А маці Крысціны Палачанскай не па сваёй волі тройчы выязджала з родных мясцін. Шчымліва расказвала пенсіянерка Юзэфа Рачыцкая пра тое, што іх працавітую сям’ю двойчы спрабавалі высяліць як кулацкую ў Сібір. Добрыя людзі ўратавалі. У вайну нямецка-фашысцкія акупанты адпраўлялі ў рабства. З паўдарогі вярнуліся дамоў. Старажылы Будслава памятаюць здзекі гітлераўцаў. Ворагі амаль дашчэнту спалілі мястэчка, загубілі паўсотні жыхароў. Бязлітасна палілі фашысцкія нелюдзі і сялянскія хаты ў навакольных вёсках. Цудам уцалеў касцёл бернардзінцаў, помнік архітэктуры позняга барока, які ў пасляваенныя гады стаў рэгіянальным каталіцкім цэнтрам. Штосуботы збіраюцца паломнікі на імшу, круглы год наведваюцца турысты. Старшыня сельвыканкама лічыць, што гэта стымулюе падтрымліваць парадак у аграгарадку. Філіяла раённай жыллёва-камунальнай службы няма. Увесь клопат — на мясцовай уладзе.

У строі купалаўскай Агаты Галіна АКСЮЧЫЦ

Асабліва многа турбот перад Будслаўскім фэстам. Не, у сельвыканкаме не скардзіліся на дадатковыя клопаты. Наадварот, увесь аграгарадок наводзіць перадсвяточны марафет. І ў зімовыя дні прыемна бачыць з густам пафарбаваныя агароджы сядзіб, будынкі, вычышчаны сквер перад касцёлам, акуратны школьны двор.

ЗАКЛАПОЧАНЫ ў сельвыканкаме зніжэннем колькасці насельніцтва. Жыццё ў маленькіх вёсках затухае. Каля чатырох дзясяткаў дамоў пустуе. Сёлета пасля юрыдычных працэдур плануецца знесці сем пакінутых сядзіб. Лічаныя жыхары засталіся ў падобных на хутары вёсках Баркаўшчына, Курчына, Рэпішча, Альжуткі, Равячка, Слабада. Некаторыя сялянскія сядзібы ў Альхоўцы, Альжутках і Камарове выкупілі гараджане для лецішчаў. Сям’я мінскіх пенсіянераў пастаянна жыве ў вёсцы Курчына, якую акружае шчодры на даніну лес. Збіраюць грыбы, ягады, здаюць нарыхтоўшчыкам і поўняць сямейны бюджэт.

Софья ГРЫШКЕВІЧ ля піяніна Паўліны Мядзёлкі

Тамашу Ярыне прыбытак дае пчалярства. Больш за 170 вуллёў у яго. Зімоваю адлігай падкормлівае падапечных. І нарачанскі мёд, і кавальскія вырабы народнага ўмельца Віктара Грыбовіча з вёскі Алешкі запатрабаваныя. Майстар выкаваў ліхтары, што ўпрыгожваюць Красную плошчу Будслава. Старшыня сельвыканкама спадзяецца, што каваль падключыцца і да аднаўлення панскай сядзібы Аскеркаў у вёсцы Палессе. Турбуе кіраўнікоў сельсавета, што няма ў аграгарадку аптэкі. Бліжэйшая — у Крывічах. Вышукваюцца варыянты асфальтавання вуліц Навінскай і Паўліны Мядзёлкі.

Дзевяцікласнікі Уладзіслаў ГАПОНЕНКА і Мікіта СТАСЯЛОВІЧ

З НАСТАЎНІЦАЙ Янінай Дзямідовіч завіталі ў дом, дзе жыла заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Паўліна Мядзёлка. Звычайная вясковая хата падзелена на дзве палавіны. Гаспадыня Соф’я Грышкевіч правяла нас праз невялікія сенцы ў прасторны пакой з вокнамі на вуліцу. З пажаўцелага ад часу партрэта, што стаіць на піяніна, пазірае статная прыгажуня. Тая гарэзлівая дзяўчына, што скарыла маладога Янку Купалу. Стрыечнай сястрою даводзілася яна мужу аўдавелай сорак гадоў таму Соф’і Міхайлаўны. Наперабой з сынам Станіславам, які прыехаў дамоў, расказвалі пра слынную сваячку. У 1947-м Мядзёлка вярнулася з Масквы ў Будслаў і да апошняга дня, а пражыла 81 год, не пакідала родныя мясціны. Любіла кветкі. Выпісвала гладыёлусы, вяргіні розных колераў і песціла ў палісадніку. Здзіўляла тутэйшых курэннем. Станіслаў памятае, як набіваў ёй тытунём муштук.

Старшыня сельвыканкама Георгій ШЧАЎЛІК

У школе Паўліна Вінцэнтаўна выкладала рускую мову, а вечарамі бавіла час на рэпетыцыях у калгасным клубе. Стварыла і кіравала маладзёжным акапэльным хорам. Ставіла класічную “Паўлінку”, якая на пачатку века прынесла ёй славу. Да яе прыходзілі дзеці вучыцца музыцы на піяніна, якое засталося ад бацькоў. Яго беражліва і зараз захоўваюць. Інтэлігентны Вінцэнт Мядзёлка быў нязменным касцёльным арганістам. Цяпер арган базілікі давераны Тэрэзе Шуман, якая адзначыла, што арганнай музыкай моліцца. Паслухаць такое маленне — вялікае задавальненне. Будслаўскі арган слухаў не аднойчы Уладзімір Караткевіч, які наведваў Паўліну Мядзёлку.

Шмат цікавага пра культурнае жыццё Будслава пачуў ад Галіны Аксючыц, з якою сустрэліся ў бібліятэцы. Сорак гадоў загадвае ёю. Школьніцай іграла ролю Агаты ў купалаўскай “Паўлінцы”, якую ставіла настаўніца Леакадзія Зотава. З пасляваенных часоў не зыходзіць з будслаўскай сцэны класічны твор. Да 125-годдзя з дня нараджэння Паўліны Мядзёлкі, якое выпадае на сёлетні верасень, рыхтуецца чарговая пастаноўка. У ролі Паўлінкі — выхавацельніца дзіцячага садзіка Галіна Пятровіч, а пана Быкоўскага — інжынер-энергетык гаспадаркі Андрэй Кісялёў. Качагар Алег Талстыка, хімік-аналітык Павел Бабкевіч, пенсіянерка Валянціна Рагоўская, бібліятэкар Галіна Аксючыц, школьніцы Ірына Садоўская, Дзіяна Камарова, Алеся Антончык задзейнічаны ў спектаклі.

Механізатар Валерый МАЛАФЕЙ

Не мог не завітаць на цвінтар, дзе побач з магіламі бацькоў спачывае зорка беларускай культуры Паўліна Мядзёлка.

НА легкавіку з кіраўніком ААТ “Будслаўскае” Алегам Ермаковічам праехалі па сцішаных навакольных вёсках, зазірнулі на жывёлагадоўчыя фермы, гутарылі са спецыялістамі. У калектыве шануюць імёны працавітых землякоў. Прызёрам рэспубліканскага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў неаднаразова выходзіў механізатар Анатоль Аксючыц, які з рук Прэзідэнта атрымаў ключы ад аўтамабіля на рэспубліканскіх “Дажынках” у Бабруйску. Справу бацькі працягваюць сыны Дзяніс і Віталь.

Манашка ВОЛЬГА

У шматдзетнай сям’і вырас сённяшні кіраўнік гаспадаркі. Бацька працаваў механізатарам, маці — сацыяльным работнікам. Жонка — ветурач. Зараз Вольга Аляксееўна ў дэкрэтным водпуску. У іх падрастаюць трое сыноў. Браты і сёстры Алега Андрэевіча жывуць і працуюць у родным Будславе. Ім, маладым, мацаваць традыцыі нарачанскага Рыма.

Мядзельскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter