Будслаўскі аграгарадок

А КОЖНЫ год сюды са ўсёй краіны ды замежжа з’язджаюцца тысячы пілігрымаў-каталікоў, каб пакланіцца адной з галоўных святынь Беларусі. Што за незвычайны аграгарадок? Назва яму — Будслаў. Напрасіцца, як гаворыцца, туды ў камандзіроўку, каб расказаць, чым жыве, як працуе і бавіць свой вольны час моладзь, мне было нескладана. Кіраўнік мясцовай гаспадаркі Іван ПЯТРОЎСКІ адразу даў згоду. І я адправілася ў аграгарадок — пабыць там тры дні разам з мясцовай моладдзю... З Іванам Станіслававічам, дырэктарам ААТ “Будслаўскае”, мы дамовіліся сустрэцца на перакрыжаванні дарог Мінск — Мядзел, ля вёскі Княгінін. “У якую чарговую авантуру зацягнула мяне любімая прафесія?” — спужалася я, калі ўсвядоміла, што вакол мяне толькі лес, поле і дарога. “Да каго еду, што за людзі, як прымуць?” — непакоілася мая душа, і тут раптам на аўтобусным прыпынку з’явілася светленькая “Ніва” старшыні гаспадаркі.

Тут маладыя “вучацца на Прэзідэнта”, жывуць на “Рублёўцы” і працуюць у гаспадарцы, дзе сярэдні ўзрост галоўных спецыялістаў 25 гадоў.

А КОЖНЫ год сюды са ўсёй краіны ды замежжа з’язджаюцца тысячы пілігрымаў-каталікоў, каб пакланіцца адной з галоўных святынь Беларусі. Што за незвычайны аграгарадок? Назва яму — Будслаў. Напрасіцца, як гаворыцца, туды ў камандзіроўку, каб расказаць, чым жыве, як працуе і бавіць свой вольны час моладзь, мне было нескладана. Кіраўнік мясцовай гаспадаркі Іван ПЯТРОЎСКІ адразу даў згоду. І я адправілася ў аграгарадок — пабыць там тры дні разам з мясцовай моладдзю... З Іванам Станіслававічам, дырэктарам ААТ “Будслаўскае”, мы дамовіліся сустрэцца на перакрыжаванні дарог Мінск — Мядзел, ля вёскі Княгінін. “У якую чарговую авантуру зацягнула мяне любімая прафесія?” — спужалася я, калі ўсвядоміла, што вакол мяне толькі лес, поле і дарога. “Да каго еду, што за людзі, як прымуць?” — непакоілася мая душа, і тут раптам на аўтобусным прыпынку з’явілася светленькая “Ніва” старшыні гаспадаркі.

Частка першая.

Дом

— Калі   ласка   на    Мядзельшчыну! — з машыны выйшаў мужчына гадоў пяцідзесяці, з добразычлівай усмешкай на вуснах, які размаўляў (што здзівіла мяне ў першую чаргу) па-беларуску. Іван Станіслававіч дапамог сесці ў аўто і пачаў уводзіць мяне ў курс справы.

— Спецыяльнай праграмы я асабіста не рыхтаваў, шчыра кажучы. На ўсе гэтыя дні я аддаю вас пад шэфства маіх маладых спецыялістаў. Едзем знаёміцца. Шкада, не ўдасцца прадставіць вам галоўнага ветурача гаспадаркі Вольгу Пятроўскую і заатэхніка Алега Ермаковіча. У іх ў суботу вяселле. Даў некалькі адгулаў, каб завяршылі апошнія падрыхтоўкі да свята. Калі хочаце, пойдзем да іх — віншаваць ад імя калгаса.

— Добра. Але за гэтыя тры дні мне трэба сабраць фактуру для грунтоўнага матэрыялу. Даведацца пра жыццё-быццё вашых маладых спецыялістаў, схадзіць з імі на танцы, на працу, — хвалявалася я.

— Не хвалюйцеся, — супакойваў мяне Іван Станіслававіч. — Яны таксама вас трошкі баяцца. Я ўпэўнены, што агульную мову вы з імі знойдзеце. Ведаю, што сёння вечарам яны запланавалі юшку, паслязаўтра — танцы ў клубе. Калі што, тэлефануйце мне. Але я ва ўсіх іх упэўнены. Моладзь у нас таленавітая, старанная, адказная, прагрэсіўная, калі хочаце. Ды што і казаць — моладзь ёсць моладзь. Я з настальгіяй успамінаю, калі сам быў такі. Дарэчы, вучыўся ў Мінску, у палітэхнічным інстытуце — сёння гэта Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Пасля размеркавання і адпрацоўкі ў Мазыры вярнуўся сюды, на радзіму, на Мядзельшчыну…

Пра родную зямлю Іван Пятроўскі апавядае з вялікай пяшчотай ў голасе. Будслаў, дарэчы, знанае мястэчка яшчэ з Сярэднявечча. Яго назва паходзіць ад славянскага прозвішча Будслаў, і ў гістарычных крыніцах Вялікага Княства Літоўскага ўпершыню ўзгадваецца ў 1504 годзе. Тады вялікі князь Аляксандр падараваў гэту мясцовасць віленскім манахам-бернардзінцам, якія тут мелі драўляную капліцу. З таго часу архітэктурнай і гістарычнай годнасцю Будслава па праву лічыцца мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі з цудадзейным абразом XVIII стагоддзя.

Адміністрацыйна Будслаў — цэнтр аграгарадка, дзе месцяцца лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі. А галоўнае сельскагаспадарчае вытворчае прадпрыемства, зразумела, называецца “Будслаўскае”.

Вось мы са старшынёй (так, на стары лад, называюць Івана Пятроўскага супрацоўнікі) прыехалі ў кантору. Зайшлі ў будынак. Інтэр’ер яго даволі просты, я б сказала нават савецкі: мэбля, напэўна, гадоў васьмідзесятых—дзевяностых, але ўсё дагледжана, пафарбавана, пабелена. Пачуўшы нашу гаворку, з кабінетаў насустрач нам адразу выбеглі некалькі маладых дзяўчат.

— Алёна, пакліч ўсіх да мяне, — сказаў Іван Пятроўскі.

Мы зайшлі ў невялічкі дырэктарскі кабінет, селі за круглы стол. І тут я зразумела, што маладых спецыялістаў у старшыні ажно шэсць чалавек (!), а не два- тры, як я меркавала. “Неблагая каманда, — думалася мне. — І як з усімі знайсці агульны інтарэс?”

Спадарства з добразычлівымі вачамі найперш выслухала маё кароценькае прадстаўленне. Пасля Іван Станіслававіч расказаў пра кожнага з маладых, удакладніў, хто вядзе якія пытанні ў гаспадарцы. Імёны, зразумела, з першага разу не запомніліся, але вельмі ўразіла, што абсалютная большасць — галоўныя спецыялісты.

— Усе яны — гатовыя мае намеснікі. А што ж? Чатыры гады да пенсіі: во, змену сабе гадую, — засмяяўся Іван Пятроўскі. Яго, пераглядваючыся, падтрымалі і астатнія. — Усе гэтыя дні будзеце гасцяваць у маладой сям’і Алёны і Паўла Спірыдонаў, — старшыня паказаў на чарнявую дзяўчыну ў белым пінжаку. — А ў суботу я за вамі заеду, каб разам павіншаваць маладых. Дамовіліся?

— Дык трэба карэспандэнтку, каб адчула красу сельскага жыцця, у чатыры гадзіны на ранішнюю дойку завезці, — выказаўся чарнявы даўгалыгі хлопец. Гэта, як потым вызначылася, быў Анатоль Катковіч, галоўны інжынер.

— Я не супраць, калі і вам у той бок, — усміхнулася я. — Ну, сапраўды, гэта ж такая рамантыка — паслухаць першых вясковых пеўняў, удыхнуць чыстае, роснае паветра!

— Мы паедзем на вячэрнюю дойку, Толік, кажу як галоўны заатэхнік, — заступіўся за мяне крупнаваты хлопец — Аляксандр Лесюкоў, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі.

— І сапраўды, лепш на танцах да раніцы пабудзеце, — завяршыў міні-планёрку Іван Станіслававіч.

Усе мы высыпалі на вуліцу. Спецыялісты працягвалі гаманіць, смяяцца, абмяркоўваць, чым і як усе гэтыя дні заняць сталічную карэспандэнтку. Яны называлі мяне менавіта так. “Чужы сярод сваіх, — стукала ў галаве. — І што я буду рабіць тут тры дні?” У рэшце рэшт было вырашана везці мяне на засяленне да Спірыдонаў.

— Хадзі сюды, не бойся, — паклікала мяне стройная чарнявая дзяўчына Алёна Спірыдон, бухгалтар гаспадаркі. Мы з ёй селі ў цёмна-зялёны грузавы “ўазік”, за баранку якога прытка ўскочыў, як я зразумела, Павел Спірыдон, галоўны аграном. — Не звяртай увагі на смешкі гэтыя. Проста да нас упершыню прыехаў журналіст і будзе гасцяваць тут.

— Гэта вас Іван Станіслававіч спецыяльна абавязаў устроіць мне прыём? — неўцярпелася мне.

— Ды не, што ты! Твой прыезд — гэта проста добрая нагода сабрацца разам нам усім, — супакоіла мяне Алёна.

Тым часам мы спыніліся ў самым цэнтры вёскі, дзе знаходзяцца дзве крамы (дзяржаўная і прыватная), кафэ, новенькі Дом культуры. Але найгалоўны будынак сельскай плошчы — магутны будслаўскі касцёл. Я нават здзівілася, што ў маленькай вёсцы (у Будславе жыве каля 700 чалавек) ёсць такі цуд і архітэктурны, і культурны.

— Згодна, уражвае, — перапыніла мае думкі Алёна, калі я застыла на адным месцы, разглядваючы храм. — Я сама праваслаўная, але касцёлам захапляюся з таго дня, калі першы раз трапіла ў Будслаў. Калі хочаш, можна арганізаваць экскурсію…

— Было б добра! — узрадавалася я гасціннаму запрашэнню.

— Трэба Толіка Катковіча, нашага галоўнага інжынера, папрасіць. Ён рэгулярна ходзіць у касцёл, прыслугоўвае там, — адказала маладая гаспадыня, набываючы неабходныя прадукты. Выйшаўшы з крамы, мы зноў скокнулі ў машыну, і Алёна закамандавала: “Усё, едзем на “Рублёўку!”

— Мне гэта пачулася ці не? Куды мы едзем?

— Я ж кажу, на “Рублёўку“. Ну, так мы між сабой называем вуліцу, дзе жывём, таму што там пабудаваны прэзідэнцкія домікі для спецыялістаў. Будынкі новенькія, бялёсыя, на высокім фундаменце — чыста візуальна вуліца значна адрозніваецца ад шэрай масы звычайных вясковых дамоў.

Сядзіб на будслаўскай Рублёўцы аказалася, калі не памыляюся, з дзесятак. Будынкі тыповыя. Асфальту на дарозе няма, як і ва ўсіх новых мікрараёнах, агароджаў на падворках таксама. Дом Спірыдонаў — другі злева ад пачатку вуліцы. На двары, пад гаспадарчай забудовай, ляжаць колатыя дровы, якія сцеражэ сабака, на ўсёй астатняй прасторы — роўны травяны дыван.

— Значыць, хатняй гаспадаркі ў вас няма?

— Толькі сабака і котка. Амаль што ўсё можна ў магазіне купіць, ды й бацькі заўсёды дапамагаюць з правіянтам, — гаворыць Алёна. — Домік далі мужу як маладому спецыялісту. Засяляліся сюды мы год таму, як ажаніліся. Так няёмка было мне, памятаю, калі зайшла сюды ўпершыню: голыя сцены, непабеленыя столі, пачарнелы пол…

За год маладая сям’я прывяла да ладу ўсе пакоі, акрамя аднаго. Гэты, як адзначыў Павел, будзе дзіцячы... Пакрысе і там рамонт зробяць.

Спачатку Алёна правяла мяне ў залу. Шафа-купэ, крэсла і канапа, вялікі тэлевізар, фіранкі на вокнах — усё новенькае, падабрана з густам, у адной каляровай гаме.

— Калі трэба патэлефанаваць, калі ласка, вось апарат, — паказала Алёна на тэлефон. — Калі патрэбны Інтэрнэт, бярэш вось тут мой ноўтбук і без усялякага дазволу карыстаешся. Увогуле, адчувай сябе як дома. У халадзільніку бяры, што хочаш і без аніякіх “дазвольце мне”! Вось табе і ключ ад доміка…

А вось такога павароту я ніяк не чакала. Якая гасціннасць! Алёна запрасіла піць гарбату на кухні. Пакой абстаўлены дыхтоўнай бытавой тэхнікай — халадзільнік, мікрахвалеўка, чайнік, мэбля новая.

— Дом абсталёўвалі самі ці за крэдытныя грошы?

— Самі. Капейка рубель беражэ. Па гэтым прынцыпе і жывем. Сямейны бюджэт размяркоўваем разам. А нядаўна набылі сабе аўто, — зазначыла Алёна.

Гісторыя маладой сям’і пачалася два гады таму. Алёна дабіралася на працу ў суседнюю вёску Яцкавічы. Там яна, ураджэнка Выгалавічаў Мядзельскага раёна, адпрацоўвала размеркаванне пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Павел ужо працаваў у “Будслаўскім” і, убачыўшы аднойчы на дарозе прыгожую дзяўчыну, вырашыў яе падвезці. І нічога, што ў супрацьлеглым напрамку адносна яго кірунку.

— Я, шчыра кажучы, збіралася адпрацаваць размеркаванне і паехаць у Мінск, дзе быў неблагі варыянт працы, — дзеліцца Алёна. — А тут дайшло да вяселля. Дый так імкліва, што сама здзівілася. І пра тое, што засталася ў вёсцы, не шкадую, наадварот — толькі радуюся. Тут такое цудоўнае паветра, цішыня і спакой, тут жывецца нам нармалёва, камфортна працуецца ў гаспадарцы. Я пасля адпрацоўкі перакваліфікавалася з настаўніка беларускай мовы і літаратуры на бухгалтара.

Павел у свае 27 гадоў ужо галоўны аграном. Нарадзіўся ў вёсцы Страча суседняга, Астравецкага, раёна. На хлебаробчы шлях упершыню стаў больш за дзесяць год таму, у 2008-м скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках па спецыяльнасці “аграном”. Амаль з таго часу працуе ў “Будслаўскім”.

Мы разгаварыліся. Я расказала маладым сваю біяграфію.

— Ведаеш, калі Пятроўскі прапанаваў нам прыняць у сябе карэспандэнта рэспубліканскага выдання, мы некалькі здзівіліся: незвычайная мэта камандзіроўкі. Каму сёння цікава, як жыве моладзь на вёсцы? А калі даведаліся, што ты нашага ўзросту, таксама малады спецыяліст, пагадзіліся прыняць. Мы любім гасцей. Ты глядзі, калі ў нас спадабаецца, прыязджай яшчэ. Можна будзе з’ездзіць на Нарач адпачыць.

Вячэралі юшкаю мы на прыродзе, у “дубках” (так мясцовыя называюць месца ля ракі Сэрвач, якая цячэ праз Будслаў). Да нас са Спірыдонамі далучыліся яшчэ некалькі чалавек. Марыя Бараноўская, ветфельчар, сама родам з Астравецкага раёна. У гаспадарцы працуе пасля заканчэння Ільянскага аграрнага каледжа. Валянціна Цэгалка — галоўны эканаміст. Прыйшла ў “Будслаўскае”, адпрацаваўшы па размеркаванні пасля заканчэння каледжа ў суседняй гаспадарцы. Анатоль Катковіч, галоўны інжынер, скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Сёлета паступіў у Мінск, каб атрымаць другую вышэйшую адукацыю — у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

— Гэта ў нас жартам называецца “вучыцца на Прэзідэнта”, — сказаў Анатоль. — Насамрэч, адукацыя, асабліва кіраўнічая, патрэбна. Дарэчы, калі хочаш паглядзець, як мы кіруем, паехалі з намі на нараду. Так у нас называецца штодзённая планёрка.

— Дамовіліся!

(Працяг будзе.)

Таццяна УСКОВА, «БН»

НА ЗДЫМКУ: Алёна і Павел СПІРЫДОНЫ.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter