Будслаўскі аграгарадок

Тут маладыя “вучацца на Прэзідэнта”, жывуць на “Рублёўцы” і працуюць у гаспадарцы, дзе сярэдні ўзрост галоўных спецыялістаў 25 гадоў.

Частка трэцяя.

Вера і шлюб

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 21 і 24 мая.)

У СУБОТУ мы з Алёнай ляпілі пяльмені. Павел зноў раніцай паехаў на нараду, затым у поле і з’явіўся дома толькі пад абед.

— Ну, вось так заўсёды, — шкадавала маладая гаспадынька. — Дамовіліся, а ён на працы. Мы з мужам, як правіла, размяркоўваем абавязкі па хатняй гаспадарцы, адзін аднаму дапамагаем. А як інакш? Тут, у Будславе, мы прадастаўлены самі сабе: павінны разлічваць толькі на свае сілы. Блага люблю гатаваць, завіхацца па дому, прыбіраць. І добра разумею, што праца ў мужа клопатная.

— Лепш скажы, мілая, ці прыдумала ты, як будзем пераймаць вяселле Пятроўскай з Ермаковічам? — запытаўся Павел.

— Збіраліся знайсці адпаведныя вершыкі, прыпеўкі. Праспяваць, павіншаваць. Трэба таксама купіць кветкі. Патэлефануй Толіку, каб іх набыў. З дэкарацый нам патрэбна толькі адна табурэтка, две чаркі і ваза. Я ўсё зрэжысіравала ўжо. Не хвалюйся!

— Ну, я не сумняваўся, — усміхнуўся Павел.

Алёна падрыхтавала ўсё да пераймання і загадала мне нічога не казаць Пятроўскаму. Хутка мы выйшлі на экскурсію ў Будслаўскі касцёл.

— У жыцці мясцовых жыхароў, і моладзі ў тым ліку, рэлігія мае вялікае значэнне. Гэта без перабольшванняў. Напрыклад, Валянціна, галоўны эканаміст, і Анатоль, галоўны інжынер, самі будслаўскія, у касцёл ходзяць з дзяцінства, — расказвае Алёна. — І гэта добра, таму што вера — развіццё душы, светапогляду. Я — праваслаўная, і пра гэты касцёл сама мала што ведаю. Таму мне будзе вельмі цікава пабываць там разам з табой.

Ля храма нас чакаў Анатоль Катковіч з сястрой (манашкай) Каралінай. Яна расказала нам гісторыю будслаўскай святыні.

...У канцы XVII стагоддзя ў мястэчку, як было адзначана раней, ужо існавалі касцёл і кляштар бернардынцаў. Тады ж з’явіўся і славуты абраз Маці Божай. Спачатку ён належаў мінскаму ваяводу Яну Пацу. Той прывёз яго з Рыма як падарунак ад Папы Клімента VIII пасля пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Пац вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці ваяводы святыня перайшла да яго капелана. А той, у сваю чаргу, ахвяраваў яе касцёлу.

Першыя цуды абраза Маці Божай Будслаўскай былі апісаны манахам кляштара Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі» (Вільня, 1650 год). Першы з іх быў зафіксаваны ў 1617 годзе, калі да пяцігадовага сляпога хлопчыка Язапата Тышкевіча вярнуўся зрок. Пазней ён стаў вядомым ксяндзом-кармелітам.

— Я і сама стала сведкам цуда, — кажа Караліна. — У маёй сваячкі ўрачы вынайшлі злаякасную пухліну. Рыхтавалі да аперацыі, але, зрабіўшы выніковы здымак, высветлілі, што пухліна сама сабою знікла. Мы маліліся Маці Божай Будслаўскай!

Цудадзейны абраз як магніт прыцягвае вернікаў не толькі з Беларусі, але і з замежжа.  З  1990 года ў мястэчка адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў да абраза Маці Божай Будслаўскай — нябеснай апякункі нашай краіны. 1 і 2 ліпеня тут праходзіць буйны фэст. Яго па праву можна назваць самым урачыстым святам для каталікоў Беларусі.

Дарэчы, у савецкі час будслаўскі касцёл не перапыняў сваёй дзейнасці. Ніводная спроба сталіністаў узарваць мураваны будынак XVIII стагоддзя не атрымалася. А замах мясцовага сельсаветчыка на цудоўны абраз Маці Божай, кажуць людзі, скончыўся для яго вар’яцтвам і хуткай гвалтоўнай смерцю.

Унікальным культуралагічным здабыткам будслаўскага храма, на мой погляд, з’яўляюцца фрэскі, гледзячы на якія складваецца ўражанне, што прастора не плоская, а трохмерная. Гэта рэдкая з’ява і ў еўрапейскіх касцёлах. Яшчэ ў храме ёсць арган, дзве высачэзныя вежы са званамі, сярэднявечнае падзямелле, такое ж загадкавае, як у манастыры з фільма «Імя розы» па раману Умберта Эка.

— Сапраўдная жамчужына Беларусі! — кажа Іван Пятроўскі, з якім мы, як і дамовіліся, сустрэліся на вясковай плошчы, каб ісці на роспіс. — Ведаеце, а сёння ў Будславе святкуюць адразу тры вяселлі. Гэта рэдкасць, шчыра кажучы, для вёскі. Рэгістрацыя шлюбаў праходзіць у Доме культуры. Новенькаму будынку ўсяго толькі тры гады. Там  месцяцца сельскі клуб, бібліятэка. А вось, дарэчы, і картэж маладых.

Мы з Іванам Станіслававічам былі ў ліку гасцей. Цырымонія праходзіла ў актавай зале Дома культуры. Яна, параўноўваючы з гарадскім вяселлем, была больш нефармальная і працяглая, з упрыгожваннем народнымі прыказкамі і прымаўкамі, шлюбнымі песнямі.

— Вольга Пятроўская, галоўны ветурач, родам з Глыбокскага раёна. Алег Ермаковіч, заатэхнік — наш, будслаўскі, — тлумачыў старшыня. — Маладым гаспадарка выдзеліла прэзідэнцкі домік. Трэба ж і такім чынам падтрымліваць моладзь, ствараць умовы, каб ёй добра працавалася і жылося ў вёсцы.

Мы кіравалі дадому, за картэжам маладых. А мне карцела ўбачыць, як жа будслаўцы будуць пераймаць новаспечаную сям’ю. Вясельныя машыны пакрысе суцішылі ход. На гарызонце віднеліся два ўжо знаёмыя мне «ўазікі»: адзін — Паўла Спірыдона, другі — Анатоля Катковіча. Яны стаялі ўпоперак дарогі і перакрывалі рух картэжу. Іван Станіслававіч паддаў газу сваёй «Ніве». Мы па абочыне перагналі калону, спыніліся. Старшыня выскачыў з машыны і памчаўся да сваіх падапечных. Я — за ім.

Паміж «уазікамі» стаялі Анатоль, Павел і Алёна, Валянціна. Яны пачалі спяваць прыпеўкі, чытаць віншавальныя вершы маладым. Іван Станіслававіч, узрушаны такім сюрпрызам, не разважаючы, далучыўся да кампаніі сваіх маладых спецыялістаў. І таксама пачаў спяваць. Гэта было вельмі цікавае відовішча! А я віскнула ад радасці і сама падпявала. Абрад пераймання па-будслаўску — гэта было выдатна!

Увечары мы нашай невялічкай кампаніяй пайшлі на танцы. Яны тут па суботах. Палова адзінаццатай. Ля Дома культуры шматлюдна. Моладзь кучкуецца перад уваходам у клуб: хлопцы забаўляюць дзяўчат, а тыя звонка смяюцца. Усё гэта вельмі нагадвае мне дыскатэку ў вёсцы маёй бабулі, куды я на школьных канікулах прыязджала штогод.

— Мы ходзім на танцы цяпер вельмі рэдка, — каменціруе Алёна Спірыдон. — Сама нават не ведаю чаму. Магчыма, ужо ўзрост не той і становішча: сям’я, работа. Хаця я з настальгіяй успамінаю час, калі давалі «жару» ў клубе…

У фае Дома культуры таксама шматлюдна. Іграе сучасная музыка. Дзяўчаты танчаць, да іх заўзята далучаюцца хлопцы. А калі пачынае гучаць павольная кампазіцыя, кавалеры запрашаюць дам... Дыскатэка доўжыцца яшчэ некалькі гадзін. Потым моладзь разыходзіцца. Дзякуй Богу, заўтра нядзеля і можна добра выспацца.

А мне трэба збірацца на Мінск. Хаця і не вельмі хочацца. У Будславе падчас камандзіроўкі я пазнаёмілася з вельмі цікавымі маладымі людзьмі, якія прымалі ад усяе душы. Спадзяюся, што наша сяброўства працягнецца, і мае будслаўцы прыедуць з адказным візітам да мяне на радзіму, у Рэчыцу.

Дзякуй вам за шчыры прыём, за адкрытасць, за смеласць. Дзякуй, што вы працуеце на карысць зямлі беларускай.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter