Будслаўскі аграгарадок

Тут маладыя “вучацца на Прэзідэнта”, жывуць на “Рублёўцы” і працуюць у гаспадарцы, дзе сярэдні ўзрост галоўных спецыялістаў 25 гадоў.

Частка другая.

Праца

(Працяг. Пачатак у нумары за 21 мая.)

ПАЛОВА сёмай. Спіцца мне пасля юшкі, нягледзячы на тое, што не дома, добра: за вакном стукае дождж. Але пара ўставаць. Мы з Паўлам хуценька збіраемся, п’ем гарбату і выязджаем. Няма яшчэ і сямі гадзін раніцы, а ля будынка мехдвара, куда прыбывае яго “ўазік”, як пчолы, віруюць механізатары. Нарада ладзіцца ў службовым памяшканні. Тут на дадзены момант чалавек дваццаць, і абсалютная большасць — мужчыны. Яны гавораць адно з адным, пра нешта раяцца, смяюцца, смаляць.

У пакоі сціхае, калі заходзіць старшыня. Іван Пятроўскі прадстаўляе мяне работнікам, а потым коратка ўдакладняе заданні на дзень для кожнай службы і задае пытанні: хто каменне з поля будзе збіраць і карчаваць сад, як робіць КХП, ці правільна размяркоўваецца паліва і гэтак далей. Усё коратка і ясна. Пасля старшыня пакідае нараду: верагодна, упэўнены, што галоўныя спецыялісты скаардынуюць работу лепшым чынам. Я трымаюся Паўла Спірыдона.

— Ты збіраешся за мной увесь дзень хвосцікам хадзіць? — пытаецца галоўны аграном. — Я проста папярэджваю, што работа ў мяне руплівая, непаседлівая вельмі. Трэба заўсёды трымаць руку на пульсе, кантраляваць, што робіцца на зямлі, як гадуюцца расліны. Таму я з ранку і да вечера на полі. Ты проста стомішся ездзіць са мной цэлы дзень. Табе ж Алёна ўсё пра мяне расказала…

— Калі хочаш, можаш паехаць са мной. У Мядзел выклікаюць на нараду, — пад’ехаў на сваім “уазіку” галоўны іжынер Анатоль Катковіч. — Толькі трэба ў кантору яшчэ заехаць, узяць некалькі заданняў. У нашым калектыве проста так прынята — дапамагаць адзін аднаму. Райцэнтр жа знаходзіцца амаль за пяцьдзесят кіламетраў ад вёскі. Напрыклад, галоўнаму заатэхніку выпісаць лекаў, галоўнаму эканамісту перадаць дакументы і так далей.

— А праца ўвогуле табе падабаецца?

— Так, хоць яна і вельмі клапатлівая, — кажа Анатоль Катковіч. — Па спецыяльнасці можна было знайсці і іншую, але пакуль што рабіць гэтага не планую. У гаспадарцы камфортна працаваць перш за ўсё таму, што ў нас вельмі добры кіраўнік. Іван Станіслававіч заўсёды ставіцца да ўсіх нашых маладых спецыялістаў з павагай, абавязкова дапаможа: калі канкрэтнай справай, а калі і нейкай парадай. Прыемна, што давярае нам весці справы. Напрыклад, я аднойчы нават выконваў абавязкі кіраўніка, калі той быў на адпачынку.

Нарада ў Мядзельскім райвыканкаме была прысвечана тэме добраўпарадкавання сельгаспрадпрыемстваў. Анатоль Катковіч адказваў на ўсе пытанні зразумела, ёмка. А калі нарада скончылася, мы паехалі на абед да сястры хлопца Таццяны, якая працуе доктарам у райцэнтры. Яна таксама прыняла нас хлебасольна. Выканаўшы ўсе заданні ў Мядзелі, мы накіраваліся на Будслаў.

— Работа прывучыла ўмець не лічыцца з уласным часам, — зазначыў Анатоль. — У кожнага з нас, маладых, свае абавязкі, персанальная адказнасць за сваю сферу, за кожны камбайн і каласок, калі хочаце. А сельская гаспадарка — гэта махавік, які сцішыць свой ход толькі ўзімку. А трэба і на працы быць, і маці дапамагаць, і бабулі. Часу не хапае. Мне хаця б трыццаць гадзін ў сутках! Дарэчы, у нас ёсць час. Можна заехаць па дарозе на экскурсію на былы вінзавод у суседнюю вёску Ілава.

Мінскае абласное вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Ілаўскае” сёння вырабляе сокі, чыпсы і віны. Сам завод быў заснаваны яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя. У адным з такіх гістарычных будынкаў месціцца новая італьянская лінія, якая “афармляе” віно ў бутэлькі і пакуе яго.

У Будслаў мы вярнуліся недзе ў шэсць вечара. Адразу памчаліся ў кантору: рыхтаваць пуцёўкі на заўтра. Туды, па просьбе Анатоля, загадзя, хаця рабочы дзень скончыўся, прыйшла Валянціна Цэгалка. Аформіўшы ўсе неабходныя дакументы, мы з Анатолем спяшаемся ехаць да яго бабулі. Але спазніліся: бацька Толіка пакалоў ужо амаль усе дровы. Хлапец, расчараваўшыся, хуценька пераапрануўся і пабег дапамагаць.

— Напішыце ў газеце, што вельмі добры ў мяне ўнук, працавіты, — загаварыла са мной бабуля Толіка. Зразумела, ёй таксама было цікава, навошта я прыехала ў Будслаў. — Напішыце яшчэ пра нашу ікону цудадзейную. Унучак, адвядзі спадарыню ў касцёл. У нас жа ў вёсцы шмат вернікаў і шмат маладых…

Увечары мы сустрэліся, як і дамаўляліся, з намеснікам дырэктара па жывёлагадоўлі, галоўным заатэхнікам Аляксандрам Лесюковым. Паглядзець, як ідзе вячэрняя дойка, мы паехалі на МТФ “Палессе”. (Ферма называецца так незвычайна для гэтых мясцін, таму што знаходзіцца бліз вёскі Палессе.)

Аб’ект уведзены ў эксплуатацыю з канца мінулага года. Тут аўтаматызаваная сістэма дойкі, таму дойнае стада зараз абслугоўваюць толькі два аператары. Сама забудова і структура фермы — стандартныя.

Аляксандр праходзіць аб’ект уздоўж і ўпоперак, абмяркоўвае са спецыялістамі нейкія прафесійныя пытанні: ён не па чутках ведае, як павінна працаваць сучасная еўрапейская ферма. Між іншым нядаўна хлапец стажыраваўся ў Германіі і Польшчы. Сам скончыў Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. А ў “Будслаўскае” трапіў па аб’яве ў газеце.

— Я сам з Лагойшчыны, у нашай сям’і сем ветурачоў, — прадстаўляецца Аляксандр. — Прыйшоў сюды, каб яшчэ раз пераканацца, што і я варты быць прафесіяналам. Дадаткова атрымліваю другую вышэйшую адукацыю ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.

— Значыць, таксама “вучышся на Прэзідэнта”?

— Выходзіць, што так, — усміхаецца галоўны заатэхнік.

…Спірыдоны чакалі на вячэру.

— Гляджу, што ўсё ў халадзільніку некранутае стаіць. Ты, мабыць, сёння і не абедаў, — запыталася Алёна ў Паўла. Той у адказ толькі ўсміхнуўся. — І так у нас бывае, Таццяна. Галодны, во, лётае па сваіх палях. На работу ідзе рана, вяртаецца позна.

— А што любіце рабіць у вольны час? — цікаўлюся я.

— Акрамя хатніх спраў, напрыклад, вандраваць. Я з такім задавальненнем успамінаю наш мядовы месяц, калі мы селі на машыну і пабывалі ў самых розных куточках Беларусі! Дарэчы, заўтра мы разам лепім пяльмені на абед, потым пойдзем на экскурсію ў наш касцёл, а пад вечар за табою заедзе Пятроўскі, забярэ на вяселле. Дарэчы, а чаму б нам не пераняць маладых?

— Гэта што значыць?

— Ну, звычай ёсць такі. Калі маладыя ўжо пажаніліся, вяскоўцы, хто хоча, спыняюць іх на дарозе і віншуюць. За гэтае маладыя дзякуюць і ставяць магарыч…

(Заканчэнне будзе.)

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter