Снимаю головную боль у директоров: как предприниматель получил госсубсидию на оказание консалтинговых услуг в строительстве

Будоўля па правілах

Што нам каштуе дом пабудаваць? Звычайна ў сур’ёзных пытаннях будаўніцтва, дзе мы адчуваем, што без прафесійнай дапамогі не абысціся, прынята звяртацца да экспертаў, якім пад сілу ўзняць нялёгкі пласт працы з разнастайнымі дадзенымі. Яны раскажуць многае: пра матэрыялы, цэны, кошт выканання работ, дазвольныя дакументы і іншае. Па-першае, гэта істотна эканоміць час, а па-другое — грошы. А яшчэ пры ажыццяўленні работ у будаўніцтве не абысціся без сертыфікатаў якасці. Іх афармленне — працэс вельмі працаёмкі, нават для тых, хто ўпэўнены, што ўсё ведае пра ўзвядзенне будынкаў і капітальныя рамонты. За такую працу бяруцца знаўцы юрыдычных і тэхнічных нарматываў. Наш герой — адзін з такіх спецыялістаў. Свой бізнес ён пачаў літаральна з чыстага ліста і за дзяржаўную субсідыю.

Для аднаго пакета будаўнічай сертыфікацыі сыходзіць ад 150 да 300 аркушаў паперы.

«Праходжу як мінімум пяць інстанцый»

Віталь ЖУРАВЕЛЬ: «У справе кансалтынгу трэба быць дысцыплінаваным».

Віталь Журавель, жыхар аграгарадка Голацк Пухавіцкага раёна, пасля дзесяці гадоў працы па найме стаў дапамагаць арганізацыям праходзіць увесь няпросты бюракратычны круг па афармленні дазвольнай дакументацыі на будаўнічыя работы. За плячыма прадпрымальніка — вышэйшая машынабудаўнічая адукацыя, атрыманая ў БНТУ. На пасадзе інжынера-механіка ён працаваў на МАЗе, быў таксама канструктарам-інжынерам у буйной аўтакампаніі, потым доўгі час працаваў на вядомую нямецкую кампанію лакафарбавых матэрыялаў у якасці галоўнага тэхнолага. Не будзе перабольшаннем сказаць, што малады чалавек прайшоў няпросты працоўны шлях у спецыфічнай будаўнічай сферы.

Да новай справы эксперт прый­шоў з высокааплатнага рабочага месца. Вырашыў-такі выправіцца ў вольнае плаванне. Віталь распавядае пра выбар:

— Доўгі час прапрацаваў у галі­не будаўніцтва і нават быў суаўтарам некаторых нарматыўных дакументаў па будаўнічых матэрыялах. Аднойчы зразумеў: маіх ведаў і вопыту дастаткова для суправаджэння будаўнічай сертыфікацыі «пад ключ». Справа ў тым, што афармленне сертыфікатаў якасці і хаджэнне па інстанцыях, якіх, дарэчы, у будаўніцтве не менш за пяць, вельмі затратнае па часе мерапрыемства, якое адцягвае кіраўнікоў і спецыялістаў кампаній ад важных паўсядзённых працэсаў. Яго, як правіла, даручаюць самым адказным асобам. Думаю, я па жыцці менавіта такі чалавек. Стараюся не падводзіць іншых. Кажуць, што такія спецыялісты, як я, ратуюць дырэктараў ад галаўнога болю. Верагодна, так яно і ёсць.

Справа па-за офісам

Прадпрымальнік вырашыў грунтоўна заняцца кансалтынгам з верасня гэтага года: з асноўнага месца працы звольніўся, стаў беспрацоўным, напісаў бізнес-план і паспяхова абараніў яго ў мясцовым аддзеле садзейнічання занятасці. Субсідыя на старт справы аказання кансалтынгавых паслуг склала каля 3000 беларускіх рублёў.

Удакладняю ў суразмоўцы, што спатрэбілася для таго, каб стаць экспертам у будаўнічым кансалтынгу. Віталь распавёў пра некаторыя тонкасці новага бізнесу:

— Вопыт працы з людзьмі і інфармацыяй набыў каласальны. У мяне таксама быў невялікі ўласны праект па каркасным домабудаванні з дрэва. У гэтай спецыфічнай сферы без кампетэнтнасці, стратэгічнага мыслення і стрэсаўстойлівасці нікуды. Уся арганізацыя кансалтынгавых працэсаў складаецца з перагавораў з людзьмі, аналізу дадзеных, карэктнага афармлення пакета дакументаў і ўласна самога паходу па ўстановах, якія выдаюць сертыфікаты якасці па нацыянальнай сістэме сертыфікацыі.

Падтрымка дзяржавы на стартавым этапе прыйшлася вельмі дарэчы. На выдзеленыя сродкі прадпрымальнік набыў шматфункцыянальнае ўстройства са сканерам, асобны лазерны прынтар і магутны ноўтбук. Вялікі расходны артыкул у справе датычыцца закупкі расходнікаў для друку і, вядома, паперы. Віталь кажа, што толькі на адзін пакет дакументаў сыходзіць ад 150 да 300 аркушаў. У эксперта няма неабходнасці наймаць офіс, ён прыязджае да кліентаў на аўтамабілі — так значна больш аператыўна.

Плюсаў больш, чым мінусаў

Дзейнасць, якой заняўся прадпрымальнік, абкладаецца пяціпрацэнтным падаткам па спрошчанай сістэме падаткаабкладання. Таксама штомесяц у ФСАН Віталь самастойна пераводзіць больш за 115 рублёў. Рэнтабельнасць кансалтынгу ў будаўнічай галіне дастаткова высокая. У сярэднім вядзенне аднаго праекта «пад ключ» каштуе ад 90 рублёў. Цікаўлюся ў прадпрымальніка, якія мінусы ёсць у падобнай працы. Можа, у бізнесе назіраецца некаторая сезоннасць і шмат канкурэнтаў?

— Актыўнасць маіх кліентаў не надта рэагуе на пару года і святы. Працую я па рэкамендацыях і па сайце-візітцы ў інтэрнэце. Канкурэнцыя ў гэтай сферы, вядома ж, ёсць, але я засяроджаны перш за ўсё на якасці аказання паслуг, не параўноўваю сябе з іншымі. І пакуль мой каляндар-планер распісаны на бліжэйшыя месяцы, думаю, што турбавацца за ход справы не варта. А са студзеня планую пашырыць пералік паслуг, напрыклад, заняцца распрацоўкай складанай тэхнічнай дакументацыі (рэгламентаў, тэхналагічных карт, методык), за якую большасць маіх канкурэнтаў не бярэцца. Ведаю таксама, што па найме ІП можа браць у дапамогу трох чалавек. Пры неабходнасці разгледжу варыянт пашырэння бізнесу.

Віталь кажа, што пакуль усе справы трэба трымаць, што называецца, у адных руках і абавязкова паспяваць, а супрацоўніцтва ж ажыццяўляецца не з адным кліентам, а з некалькімі. Акрамя таго, па кожным заказчыку паслуг неабходна мець канструктыўныя зносіны з шэрагам арганізацый. ІП трэба пісьменна планаваць час, весці і свой улік, і кліента адначасова.

— У маёй справе «класічны» адпачынак з сям’ёй узяць праблематычна: жонка працуе па найме ў аддзеле па працы з персаналам адной фірмы і пакуль прывыкае да майго новага рытму жыцця, — заўважае Віталь. — У працэсе сертыфікацыі кліенты цалкам залежаць ад маёй аператыўнасці. Але ўсе мінусы ненарміраванага рабочага дня перакрываюць плюсы. Гэта пастаяннае развіццё, шматзадачнасць, мабільнасць, стасункі з людзьмі і праца над цікавымі праектамі.

Сапраўды, многія дзелавыя практыкі Віталя аказаліся ўнікаль­нымі. Напрыклад, ён кансультаваў рэстаўратараў Нясвіжскага і Мір­скага замкаў па пытаннях падбору аптымальных будаўнічых матэрыялаў для аднаўлення гэтых гісторыка-культурных аб’ектаў. Шэраг яго заказчыкаў узводзіць сацыяльна значныя будынкі, хтосьці займаецца вытворчасцю будаўнічых вырабаў, хтосьці — металарэзкай і зваркай, а хтосьці ўстанаўлівае дахі і агароджы. Прадпрымальнік рады стабільным заказам і з натхненнем працуе, але ў той жа час прадчувае святы, якія маюць адбыцца:

— У Новы год настане некаторая перадышка ў працы... У цэлым мне падабаецца, калі кліент атрымлівае задавальненне ад вынікаў узаемадзеяння са мной. Станоўчыя ўдзячныя водгукі і пастаянны рух наперад, мабыць, з’яўляюцца галоўнымі матыватарамі ў маёй працы.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter