“Бржаза” — значыць бярозка

Iмя народнай артысткi краiны Людмiлы БРЖАЗОЎСКАЙ ужо даўно стала сiмвалам новага беларускага балета — таго, што вядзе адлiк ад харэаграфii знакамiтага Валянцiна Елiзар’ева. Менавiта на яе балетмайстар “прымерваў” партыi Кармэн у “Кармэн-сюiце” Ж.Бiзе — Р.Шчадрына, Евы ў “Стварэннi свету” А.Пятрова, Нэле ў “Цiлi Уленшпiгелi” Я.Глебава, Фрыгii ў “Спартаку” А.Хачатурана... Iнтэлiгентная, задумлiва-рамантычная, ажно да празрыстасцi танюткая, бы ўвасабленне аголенай душы, — такой яна, адсвяткаваўшы 60-гадовы юбiлей i 40-годдзе творчай дзейнасцi, застаецца i сёння, плённа працуе ў Вялiкiм тэатры Беларусi педагогам-рэпетытарам.
— Людмiла Генрыхаўна, тэатр для вас — усё жыццё: зранку рэпетыцыя, увечары спектакль. I так ледзь не штодзень. На побыт сiлы застаюцца?
— Падчас працы над новым спектаклем цi партыяй прыходжу дадому i лiтаральна валюся з ног. Што раней, што зараз — аднолькава. А ў “мiжсезонне” памiж прэм’ерамi, вяртаючыся дадому, уключаю тэлевiзар, шукаю штосьцi цiкавае — i пачынаю гатаваць ежу, хаця яна для мяне зусiм не галоўнае. Адразу прыбягаюць Малышка i Япончык — мае “вусатыя памагатыя”. Котку мы падабралi ля цырка — ляжала зусiм бездапаможная, у атачэннi варон, што яе клявалi. А нарадзiлася ў яе кацяня — вочы раскосыя, быццам шчылiнкi, вось i назвалi Япончыкам. Так i жывуць разам — мацi i сын.
— Вы зараз таксама жывяце ўдваiх з сынам?
— Як я звычайна кажу, я “прывезла” яго з Прагi. Мы з Юрам Траянам, маiм былым партнёрам i мужам, былi там на гастролях. I пасля з’явiўся Саша. Зараз яму 20, вучыцца ў iнстытуце правазнаўства. Цяпер шкадую хiба аб тым, што нарадзiла яго так позна. I дзяўчатам сваiм кажу: не бойцеся, раджайце, вярнуць былую форму можна вельмi хутка —  было б жаданне. А дзiця — гэта такое шчасце.
— Ваша мацi вам дапамагала?
— Канешне. Яна сама ў дзяцiнстве марыла стаць балерынай, але перашкодзiла вайна. Стала ўрачом. Калi ў Сашы пыталiся, каго ён больш любiць, маму цi бабулю, ён адказваў: “Бабулю”. — “Чаму?” А ён: “Бабулi шмат, а мама маленькая”.
—... i худзенькая. У тэатры вас любоўна называюць “Бржаза” — у перакладзе з польскай “бярозка”. Дарэчы, як вы сваю форму падтрымлiваеце? Многiя артысткi, пакiдаючы сцэну, пачынаюць рэзка паўнець.
— Бо няма нагрузкi. А я ж увесь час рухаюся, на рэпетыцыях трэба не толькi расказваць, але i паказваць. Асаблiва многа паказваць давялося, калi выкладала ў Акадэмii мастацтваў: акцёры i “лялечнiкi” не разумеюць харэаграфiчнай тэрмiналогii, таму расказаць iм паслядоўнасць рухаў было проста немагчыма, даводзiлася станавiцца да балетнага станка i паказваць, паказваць ды паказваць...
— А пяшком ходзiце? Гавораць, гэта таксама дапамагае падтрымлiваць форму...
— Асаблiва калi пачынаецца алергiя ад пылу дэкарацый. Тады кiдаю машыну — i толькi пяшком, па свежым паветры.
— Машыну самi водзiце?
— Сама. Але рамантаваць не люблю, звычайна гэтым займаецца сын. Памятаю, калi яму было пяць гадкоў, ён зрабiў радыё з тэлефоннай трубкi. Прынёс штосьцi незразумелае, правадкi нейкiя адусюль тырчаць, але ж — запрацавала! А мастацтва... Можа, я i няправiльна зрабiла. Ён спрабаваў маляваць, яму i зараз падабаецца спяваць, дый голас неблагi, займаўся ён i фатаграфiяй. Але мне падалося, што яму блiжэй тэхнiка. Хаця — хто яго ведае? Сястра мая малодшая, Наталля, у 50 гадоў пачала маляваць — як штосьцi ў ёй “прачнулася”.
— Усё правiльна: прачнулiся бацькоўскiя гены.
— Так, наш бацька быў вядомы мастак. Я любiла бываць у яго майстэрнi, назiраць за яго працай, гартаць кнiгi па мастацтве, сама малявала — алоўкам, акварэллю, алеем.
— А дрэва радаслоўнае малявалi? Ваша прозвiшча дый уласцiвыя вам стрымана iнтэлiгентныя манеры выдаюць шляхцянку ў дзесятым калене...
— Але ж ёсць ува мне i азiяцкая кроў. Прапрадзед па бацькоўскай лiнii быў iндусам, яго завезлi ў Еўропу, i ён ажанiўся з полькай.
— Дык вось разгадка вашых сцэнiчных вобразаў — вельмi яркiх, эмацыянальных i адначасова шляхетных, з абавязковым фiласофскiм абагульненнем...
— Паўплывала на мяне многае. Тата вучыў бачыць прыгажосць ва ўсiм — i запамiнаць яе. Ён вельмi любiў прыроду — i яна любiла яго. Гэта бачна па яго вiдарысах, нацюрмортах. Пойдзем у лес па грыбы — ён радуецца кожнай кветачцы, галiнцы. А знойдзе грыб — клiча, каб i я iм замiлавалася. Мама вазiла ў тэатры Масквы i Ленiнграда, вадзiла па музеях. Шмат сярод маiх сяброў i навукоўцаў, i акцёраў.
Адправiлi нас неяк з Траянам на кiнафестываль у Рыме — мы гутарылi з Джульетай Мазiнай, Франкам Дзефiрэлi. А колькi вакол мяне было цудоўных рэжысёраў, дырыжораў!
Дый педагогi былi выдатныя: у харэаграфiчным вучылiшчы — Нiна Младзiнская, Iрына Салаўёва, у тэатры — Нiна Стукалкiна. Шмат дала стажыроўка ў Кiраўскiм тэатры ў вялiкай Наталлi Дудзiнскай, сустрэча з балетмайстрам Леанiдам Якабсонам. Шмат было паездак за мяжу разам з лепшымi салiстамi балета з усяго СССР, знаёмства з культурамi свету. З усяго штосьцi бярэш, у кожнага чамусьцi вучышся — нават не наўмысна. А колькi я ўзяла з музыкi!
Да харэаграфiчнага вучылiшча займалася ў спецыялiзаванай музычнай школе пры кансерваторыi. Потым, ужо ў тэатры, заўсёды наведвала оперныя спектаклi i рэпетыцыi. Калi спяваюць лепшыя оперныя салiсты, голас лiецца роўна-роўна, без затрымак, прыдыханняў. Я “перакладала” iх спевы на рухi, вучылася такой жа “меладычнасцi” лiнiй, каб позы не проста чаргавалiся, а плаўна “перацякалi” адна ў адну. Натхнялася операй — i на свой спектакль iшла, бы на малiтву.
— Цяперашняе стаўленне да мастацтва бывае больш прагматычным. Вас гэта не трывожыць?
— Ва ўсе часы ёсць людзi апантаныя, якiм гэта не пагражае. Але i сапраўды — сёння, здараецца, са сцэны знiкае вiбрацыя пачуццяў. Нават не самi пачуццi, а iх амаль няўлоўная вiбрацыя — тое, што i надае кожнай партыi глыбiню, а не проста вiдовiшчную эфектнасць.
— Гэтай “вiбрацыi” вы i намагаецеся навучыць сваiх выхаванак?
— Яны ўсе розныя: Вольга Гайко, Людмiла Кудраўцава, Марына Вежнавец, Iрына Шпак... Тэхнiка ва ўсiх добрая, мы больш працуем над вобразамi, i ва ўсiх яны атрымлiваюцца рознымi: усё залежыць ад асобы. Больш непакоiць iншае: цi заўважыць хто iх намаганнi, цi будзе новае пакаленне ацэнена так, як наша? Пра гэта я думала, калi атрымала вiншаванне з юбiлеем ад Прэзiдэнта краiны Аляксандра Рыгоравiча Лукашэнкi. Я так удзячна, што мая праца заўважана! А дзяўчаты нават звання не маюць...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter