Брыльянцік з Бабруйска

Вікторыя - усмешлівая дзяўчынка, з гэткімі прывабнымі ямачкамі на шчочках, а ў шырока раскрытых вачах, здаецца, яшчэ нядаўнія баталіі юніёрскага чэмпіянату свету па самба, які прайшоў у грэчаскіх Салоніках.

Вікторыя - усмешлівая дзяўчынка, з гэткімі прывабнымі ямачкамі на шчочках, а ў шырока раскрытых вачах, здаецца, яшчэ нядаўнія баталіі юніёрскага чэмпіянату свету па самба, які прайшоў у грэчаскіх Салоніках. Нават і не верыцца, як гэта яна так спрытна прыпячатвала сапернікаў да барцоўскага дывана і стала чэмпіёнкай у вазе да шасцідзесяці кілаграмаў!

- Дык я ж яшчэ ў дзевятым класе, - расказвае Віка, - перамагла аднаго хлопца, які чапляўся... Праўда, потым мы з ім паладзілі. І цяпер сяброўства падтрымліваем. Зараз ён жартуе: “Ты на мне напрактыкавалася...”

Напачатку бабруйчанка Вікторыя паспрабавала сябе ў гімнастыцы і спартыўных гульнях. Аднойчы нібы хто сяброўку падаслаў: “Запісалася ў такую секцыю - самба, пайшлі!” Яшчэ двума-трыма прыёмамі фігурнула, пасля чаго Віцы нічога не заставалася, як махнуць рукой гандболу і заняцца барацьбой. Што цікава, сяброўка неўзабаве пакінула секцыю, а яна засталася. Гэта было яе. Ды і з трэнерамі Нонай і Вадзімам Жукаўцамі пашанцавала.

Тыя проста адчулі, што новенькая - брыльянцік, які трэба адшліфаваць, і ён заблішчыць. Гэта ж пацвердзіў юнацкі чэмпіянат свету, які праводзіўся два гады назад, дзе ў іхняй выхаванкі - “серабро”.

Затым Вікторыя з бляскам праявіла сябе ў Салоніках. Ужо ў першым паядынку адолела расійскую спартсменку, між іншым чэмпіёнку Еўропы, з сухім лікам - 6:0. А потым разграміла і астатніх саперніц.

Дарэчы, да апошняга часу Вікторыя не ведала, паедзе на чэмпіянат свету ці не, бо ў яе - бурсіт, пашкоджаны былі калені. Дзякуй урачам, яны хутка залячылі траўму.

Вікторыя Нішт скончыла Бабруйскую школу алімпійскага рэзерву і паступіла вучыцца ва універсітэт фізкультуры і спорту. Пераехала ў Мінск. Зараз трэніруецца ў настаўніка зборнай рэспублікі Эрнэста Міцкевіча. Той як бы пасоўвае сваю выхаванку да галоўнай каманды краіны. “З яе выйдзе толк, - кажа. - Не выключана, што ўбачым і на Алімпійскіх гульнях. Толькі па дзюдо!”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter