«Брыгадзір Кліменцій Жук запрашаў бацьку на дажынкі»

Мы сядзім з Міхасём Коласам у адным з пакойчыкаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея імя народнага паэта Беларусі і вядзем нетаропкую размову. Я слухаю аповед суразмоўцы і лаўлю сябе на думцы: а можа, дзядзька Якуб слухае нас? Ён жа жыў у гэтым доме пасля вайны. І калі верыць не толькі святарам, а і вядомым навукоўцам, дух чалавека селіцца ў тым жытле, дзе гаспадар працаваў, віў сваё гняздо, адпачываў.

Сын пісьменніка — Міхась Канстанцінавіч — расказвае пра вядомага і невядомага Коласа.

Мы сядзім з Міхасём Коласам у адным з пакойчыкаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея імя народнага паэта Беларусі і вядзем нетаропкую размову. Я слухаю аповед суразмоўцы і лаўлю сябе на думцы: а можа, дзядзька Якуб слухае нас? Ён жа жыў у гэтым доме пасля вайны. І калі верыць не толькі святарам, а і вядомым навукоўцам, дух чалавека селіцца ў тым жытле, дзе гаспадар працаваў, віў сваё гняздо, адпачываў.

Паэт добра страляў з нагана

Асаблівае пачуццё ўзнікла, калі Міхась Канстанцінавіч павёў мяне па крутой лесвіцы ўніз, дзе ў двух пакойчыках шмат фотаздымкаў. На многіх з іх Якуб Колас. Прычым не толькі такі, якім мы бачым яго ў кнігах, а і тужлівы, нечым захоплены, з сябрамі і адзін. Усе здымкі зроблены Міхасём Канстанцінавічам. Іх у яго 30 альбомаў! Гэта захапленне інжынер-механік, доктар тэхнічных навук пранёс праз усё жыццё, як і любоў да спорту, кулявой стральбы, родных прастораў.

— Мой бацька таксама добра страляў з нагана, калі служыў у арміі, потым з мелкакаліберкі. Але на паляванне не хадзіў, — успамінае Міхась Канстанцінавіч. — Ён казаў, што ўсё жывое — гэта святое. Акрамя ваўка і каршуна, нельга нікога забіваць. Калі я хадзіў на паляванне, мне даводзілася хавацца. Не дай Бог, каб бацька даведаўся!

“Асабліва любіў касіць...”

Колас праз усё жыцце пранёс любоў да прыроды, да зямлі, да людзей, што на той зямлі працуюць. І сам ахвотна браўся за сялянскую працу. Можа, таму паспрыяў дзядзька Антось, які быў надзвычай добрым выхавальнікам. Ён умеў зацікавіць сваіх пляменнікаў любой работай на падворку, на агародзе і лузе.

— Асабліва любіў бацька касіць, пра што і ў вершах пісаў. Ведаеце, якім галоўным клопатам ён жыў? Ці добры будзе ўраджай? Ці не засушыць, не залье? У бацькі на стале стаялі два барометры. Помню выпадак: доўга не было дажджу. І барометр не паказваў, калі надвор’е зменіцца. Нарэшце дождж пайшоў. Бацька, напэўна, з радасці выпіў чарачку, вынес барометр на двор, на непагадзь: вось табе за тое, што не так паказваў!

Колас вельмі перажываў, калі здараліся анамальныя з’явы, калі праносілася бура ці бушавала навальніца. “Толькі б збожжа не паклала, толькі б палі з бульбай не заліло!..”

Новы дом — у 70 гадоў

— Гэты дом, дзе мы з вамі гутарым, быў другім жытлом бацькі. Першая наша хата, якую ён пабудаваў у 1928 годзе, стаяла ў Мінску ў парку імя Горкага, там, дзе зараз атракцыёны. Пра той перыяд нашага жыцця я раскажу ніжэй. А што тычыцца гэтай будыніны, то пасля вайны сюды прыехаў старэйшы брат Даніла і ўбачыў драўляную кінутую хатку. Ён папрасіў дазволу ў кіраўніцтва Акадэміі навук узяць яе для Якуба Коласа. Сюды ў 1946 годзе прыязджаў сам першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка, каб паглядзець, як жыве слынны паэт. Прапанаваў пабудаваць Коласу новы дом. У той час людзі месціліся ў зямлянках, і бацька адмовіўся.

Да 70-годдзя песняра было прынята рашэнне ўрада ўзвесці для Коласа дом. Там зараз музей.

Помню, як тут капалі ямы, садзілі разам з бацькам яблыні, грушы, слівы. Карчавалі лес, а зямля была пясчаная... У 1945 годзе пасадзілі чатыры дубкі і бярозку: тры сыны, бацька і маці. Дубы выраслі, а бяроза загінула ў мінулым годзе...

Дарэчы, бацька сеяў на клумбе жыта, праводзіў доследы. Ён недзе прачытаў матэрыялы XV стагоддзя, дзе гаварылася, што ў Беларусі адначасова сеюць жыта і ячмень. Пасля ячмень скошваюць, а жыта разрастаецца і дае добры ўраджай. Вось ён і праводзіў такія доследы.

— А якія ўспаміны, Міхась Канстанцінавіч, звязаны з першай хатай, пра якую вы казалі, якой была яна?

— Гэта быў двухпавярховы дом, у ім мелася сем невялікіх пакояў. У нас сям’я была вялікая: маці з бацькам, тры сыны. Дом быў заўсёды поўны людзей. Акрамя нас, у хаце яшчэ хто-небудзь абавязкова жыў. Напрыклад, маці прытуліла гаротную дзяўчыну з Гродзеншчыны. Забрала на выхаванне і Жэню, дачку сяброўкі, якая памерла.

— А меўся пры доме хлявок, бо час быў даволі цяжкі?

— Вядома. Быў сад і хлеў, мы трымалі парсючка, а то і двух, карову. Тут вялікую работу вёў дзядзька Саша, брат маці. Ён, напрыклад, настойваў, каб мае браты ездзілі з ім у Калодзішчы. Там збіралі жалуды, кармілі імі парсюка. Свінчо трымалі да самай вайны. Памятаю аднаго парсюка, якога бацька набыў у Пухавіцкім раёне. Ён вырас пад 150 кілаграмаў! Вачэй не было відаць.

Карова зімой жыла ў горадзе. На лета яе адпраўлялі ў вёску. Як я кажу: па этапу. Мы жылі на хутары, і яна з намі. Памятаю: Юрка праклінаў, калі “гэту пражору” трэба было весці з луга да хаты. А яшчэ калі кепскае надвор’е. Недзе ў 1932 годзе карова захварэла, і яе давялося зарэзаць.

Лета-лецейка і  539 баравікоў

— Міхась Канстанцінавіч, выходзіць, у бацькі не было сваёй дачы, і ён яе шукаў у навакольных вёсках?

— Так, спачатку ў Масюкоўшчыне, Ждановічах, а потым аблюбаваў пухавіцкія мясціны, якія так былі падобны на яго Стаўбцоўшчыну. Такія ж прыгожыя хваёвыя лясы, імклівыя рачулкі, багатыя на рыбу. Але Стоўбцы і Мікалаеўшчына былі на той час польскімі землямі. І бацька вельмі перажываў, бо там засталіся родныя і блізкія, там памерла маці. І спачатку паэт знайшоў прытулак ў Тальцы, дзе адпачывалі знаёмыя паэты і мастацтвазнаўцы. Ля гэтай чыгуначнай станцыі цячэ рака, і там за мастом была яміна, дзе вадзілася шмат рыбы, і Колас яе лавіў.

— І шанцавала яму?

— Цягаў ляшчоў больш за кілаграм! Я таксама да яго прыстройваўся. Раз вялікага шчупака выцягнуў. Ён у мяне леску адкусіў, але ўжо на зямлі. Акрамя таго, хадзілі мы па ваколіцах. Селі аднойчы ля старыцы. А на ёй плавалі гусі. І вось бачым: адзін забіў крыламі і пайшоў на дно. Відаць, сом яго ўхапіў.

А ў 1936 годзе мы пераехалі ў Падбярэжжа, на самы бераг Свіслачы. Месца вельмі грыбное. Аднойчы сабралі з маці і бацькам аж 539 баравікоў! Вось якім тады было ціхае паляванне. Рыбы на рацэ Балацянка хапала, бо вада чыстая, празрыстая, метры на паўтары-два відаць было дно. Пітную ваду бралі з гэтай рэчкі!

Паэма з вёскі Беразянкі

Колас не столькі адпачываў, сколькі працаваў. Прыязджала да яго шмат людзей: вайскоўцы, артысты і пісьменнікі, нават Янка Купала завітаў.

— Добра памятаю, калі ён у 1936 годзе быў у нас. У тых краях, дачных, напісана многа вершаў, драм: “Вайна вайне”, “У пушчах Палесся”, пачала пісацца паэма “Рыбакова хата”. Чаму атрымала такую назву? Спачатку Колас хацеў напісаць верш “На крэсах усходніх”. Пра цяжкі лёс жанчыны ў панскай Польшчы. Але верш стаў разрастацца і вырас у паэму, якая пісалася, па сутнасці, у вёсцы Беразянцы Пухавіцкага раёна. Там было 19 хат, надта працавітыя людзі, моцны калгас. Насупраць доміка Лявона Шчэрбы, у якога мы ў 1939 годзе знайшлі летні прытулак, праз невялікі лясок праглядаліся разваліны будыніны. Людзі казалі, што гэта была рыбакова хата.

Ніхто не ведаў, што здарылася з яе гаспадаром. Вось гэты факт і паслужыў асновай для назвы паэмы. У ёй 16-ы раздзел поўнасцю прысвечаны Беразянцы. І людзям, і Васілю Паскробку. Гэта рэальны чалавек. Ён быў і пчаляр, і рыбак, і штукатур — на ўсе рукі майстар. Ад чаркі не адмаўляўся,  да жанчынак наведваўся, хоць быў і стары. Рабіў выдатнейшы квас з груш на мёдзе. Вып’еш шклянку, і адразу галава “паехала”. А праз 15 хвілін усё праходзіць.

Быў такі выпадак. Бацька пайшоў да дзядзькі Ігнася, яны добра выпілі наліўкі. Бацька прыйшоў дахаты вясёлы і прынёс на падносе гару “п’яных” вішняў. Маці іх высыпала на зямлю. А на двары быў малады сабака. Ён наеўся вішняў і зваліўся з ног. Гаспадары падумалі, што здох. Хацелі ўжо ямку капаць. А ён падымаецца і давай куляцца. Во смеху было!

Сябраваў з калгаснікамі

— Ваш бацька быў знаёмы са старшынямі мясцовых калгасаў, брыгадзірамі...

— Вядома. Больш за ўсё сябраваў са старшынёй Канстанцінам Дзятка з Балачанкі. Канстанцін Сцяпанавіч і яго жонка Марыя Іванаўна былі, відаць, са шляхетнай сям’і. Інтэлігентныя, далікатныя, працаздольныя. Марыя Іванаўна аказалася выдатнай майстрыхай-паварыхай. Якія цудоўныя каўбасы вырабляла, вяндліну рабіла! Бацька ездзіў да гэтых людзей і пасля вайны.

Знаёмы быў і з брыгадзірам калгаса імя Чапаева Кліменціем Жуком. Калгас па тых часах быў моцны. Кліменцій запрашаў бацьку на дажынкі, якія шырока адзначалі. У двор выносілі сталы, якія ламіліся ад смачных страў.

Бацька да самай смерці ездзіў у пухавіцкія мясціны, якія, па яго прызнанні, сталі яму другой малой радзімай. Пісаў там, працаваў. Ён быў такі, як і героі яго твораў, што “бяруць сякеру, сані, бому і едуць у лес валіць калоды — ляжаць на печы няма моды”.

Яўген КАЗЮКІН, “БН”

НА ЗДЫМКАХ: Якуб КОЛАС  з  сынам  Міхаілам у 1930 годзе;  Міхась Канстанцінавіч на прыродзе.

Здымкі з сямейнага архіва

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter